Актывіст апазіцыі Сяргей Каваленка 10 дзён галадаў у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), адкуль быў вызвалены вечарам 18 ліпеня.

Нагадаем, Каваленка быў затрыманы вечарам 8 ліпеня супрацоўнікамі міліцыі. У маі яго асудзілі ўмоўна, і кожны дзень пасля 21.00 ён павінен быў знаходзіцца дома. Як паведаміў Каваленка БелаПАН, 8 ліпеня ён прыйшоў домоў на дзве хвіліны пазней, пасля чаго на яго ўсклалі дысцыплінарны арышт на 10 дзён за парушэнне ўмоў праходжання ўмоўнага пакарання.

Усе 10 дзён знаходжання ў ІЧУ апазіцыянер галадаў. «Гэта мой пратэст на папярэднія затрыманні, вельмі дрэнныя ўмовы ў ІЧУ. Не было цюфякоў, падушак, мяне не выводзілі на прагулкі», — заявіў Каваленка.

Ён меркаваў, што можа быць затрыманы. «Улады не хацелі, каб я быў на волі падчас правядзення „Славянскага базару“, таму што мог праводзіць беларускамоўную агітацыю сярод вялікай колькасці народа», — сказаў апазіцыянер.

З пачатку 2010 года Сяргей Каваленка неаднаразова затрымліваўся міліцыяй за арганізацыю розных акцый. У маі суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як «наўмысныя дзеянні, у выніку чаго быў груба парушаны грамадскі парадак і праяўлялася яўная непавага да грамадства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?