Муніцыпалітэт гораду Генуя надаў старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму ганаровае грамадзянства. Італьянская грамадскасць такім чынам выказала сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Як паведаміў сайт «Вясны», ганаровае пасведчанне беларускаму праваабаронцу ўручыла мэр Генуі Марта Вінцэнзі (Marta Vincenzi). На цырымоніі ўганаравання, якая праходзіла 15 ліпеня ў Палацы Турсі, прысутнічала грамадскасць Генуі, дэпутаты італьянскага парламенту, журналісты, моладзь.

Паплечнік Алеся Бяляцкага па праваабарончаму цэнтру «Вясна» Сяржук Сыс паведаміў Радыё Рацыя, што гэтая навіна была сустрэта «вясноўцамі» з асаблівай радасцю:

— Мы з прыемнасцю даведаліся, што наш старшыня, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў чарговым ганаровым грамадзянінам італьянскага горада Генуі. Штогод горад Генуя надае гэтае ганаровае званне якому-небудзь з вядомых людзей планеты. Тое, што на гэты раз абраны Алесь Бяляцкі, гэта вельмі ганарова для нас, гэта вялікая заслуга «Вясны» і адзначэнне таго, што яна робіць — абараняе правы і свабоды людзей у Беларусі. Алесь Бяляцкі пакуль за мяжою, мы яго чаем, каб павіншаваць і разам раздзяліць гэтую вялікую радасць.

Ганаровае грамадзянства Генуі надаецца аднаму чалавеку на год. Гэтага статусу ў розныя гады ўдастойваліся такія вядомыя ва ўсім свеце асобы, як экс-прэзідэнт Польшчы, лаурэат Нобелеўскай прэміі свету Лех Валенса (1990), экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў (1996), двойчы прэм’ер-міністр, прэзідэнт Ізраіля лаурэат Нобелеўскай прэміі свету Шымон Пэрэс (1998).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?