Даходы ад работы прадпрыемстваў касмічнай галіны Беларусі ў перспектыве павінны дасягнуць $1 млрд.

Пра гэта заявіў сёння прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ААТ «Пеленг».

«Краіна павінна мець іншае аблічча. Гэты кірунак трэба выводзіць на мільярдныя рубяжы. Што трэба — будзем дапамагаць.

Гэта іншыя рубяжы, іншы менталітэт нацыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён даручыў, зыходзячы з той базы, якая ёсць у рэспубліцы, вызначыць напрамкі з ліку перадавых, дзе Беларусь можа сама вырабляць высокатэхналагічную і высокаканкурэнтную прадукцыю.

«Сеялка, веялка — гэта добра, але касмічныя тэхналогіі — гэта галоўнае», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Трэба дакладна паставіць задачы ўсім: ідзіце і рабіце, не хочаце — адыдзіце», — дадаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з самымі новымі распрацоўкамі прадпрыемства. Ён агледзеў канструктарскі аддзел, участкі оптыка-механічных блокаў, паверхневага мантажу, а таксама зборкі касмічнай тэхнікі навукова-канструктарскага ўпраўлення «Космас», рэнтгенаскапічную лабараторыю.

Калі пасля развалу Савецкага Саюза прадпрыемства выжыла ў асноўным за кошт ваенных заказаў, то сёння галоўная арыентацыя ААТ — гэта стварэнне прыбораў грамадзянскага прызначэння і распрацоўкі ў сферы касмічных тэхналогій. У прыватнасці, прадпрыемства стварыла абсталяванне для беларускага касмічнага апарата, запуск якога плануецца ў першым квартале 2011 года. Усяго за сваю гісторыю ААТ «Пеленг» прымала ўдзел у запуску 35 касмічных апаратаў. Як адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Пакрышкін, у ААТ «Пеленг» ёсць заказы на прадукцыю, якая вырабляецца, і канкрэтныя прапановы ад замежных заказчыкаў.

Прадпрыемства таксама выпускае оптыка-электронную тэхніку. У прыватнасці, вялікім попытам карыстаецца мікраскоп параўнання, які выкарыстоўваюць у сваёй рабоце крыміналісты. ААТ «Пеленг» таксама асвоіла выпуск шырокай лінейкі метэаралагічнага абсталявання для метэастанцый. Цяпер такая метэастанцыя праходзіць выпрабаванні на адным з аэрадромаў у Расіі. Акрамя таго, прадпрыемства спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці ахоўных сістэм граніцы і розных аб’ектаў.

Значныя сродкі ў свой час былі ўкладзены ў мадэрнізацыю і развіццё вытворчасці, што дало магчымасць асвоіць выпуск новых канкурэнтаздольных відаў прадукцыі.

***

Прадпрыемства «Пеленг» спецыялізуецца на распрацоўцы і выпуску сістэм навядзення, касмічнай тапаграфічнай здымачнай апаратуры і фотаграмметрычнай тэхнікі, прыбораў для траекторных вымярэнняў, а таксама розных прыбораў грамадзянскага прызначэння. Прадпрыемства працуе без страт, фінансава ўстойлівае. ААТ «Пеленг» выконвае ўсе свае абавязацельствы па заключаных кантрактах і дагаворах. Ужо цяпер на 2011 год заключаны кантракты на агульную суму Br169 млрд. (95 працэнтаў ад планавага аб’ёму на 2010 год).

Аднак прадпрыемства не спыняецца на дасягнутым. Лукашэнка агледзеў будуемы корпус па зборцы і выпрабаваннях касмічнай тэхнікі. Вырашана, што да 7 лістапада ўсе будаўнічыя работы на гэтым аб’екце павінны быць завершаны.

Пакідаючы аб’ект, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на непрыглядныя вытворчыя памяшканні, якія належаць прадпрыемству «БелОМА», у прыватнасці цэх па раскрою металу.
Кіраўнік дзяржавы зайшоў у гэты цэх, пасля чаго даручыў гарадскім уладам сумесна з кіраўніцтвам прадпрыемства прапрацаваць магчымасць пераносу гэтай вытворчасці ў іншае месца, звярнуўшы ўвагу на тое, што гэтыя памяшканні павінны выкарыстоўвацца з большай карысцю. Пры гэтым размова ідзе не проста аб пераносе, а фактычна аб стварэнні больш сучаснай вытворчасці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?