Менавіта такія спецыяльнасці карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў сёлетніх абітурыентаў.

Спёка не пужае абітурыентаў.

Спёка не пужае абітурыентаў.

У Беларусі ў самым разгары ўступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У якія ВНУ другога патоку найбольш імкнуцца абітурыенты?

У лідэрах — БДУ і БНТУ. Па стане на 12 гадзін 20 ліпеня ў кожны з універсітэтаў пададзена ўжо больш за паўтары тысячы заяў.

Найбольшым попытам у БДУ пакуль карыстаюцца гістарычны факультэт («Дакументазнаўства»), міжнародных адносін, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі («Актуарная матэматыка, інфарматыка, камп’ютэрная бяспека»), юрыдычны («Правазнаўства», «Эканамічнае права»). У БНТУ — гэта аўтатрактарны («Аўтасервіс») і будаўнічы факультэты («Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва»).

Значна адстаюць БДУІР і БДТУ. У БДУІР падалі 262 заявы. Гэта пры агульным наборы ў 1025 чалавек. Яшчэ ніхто не выказаў жадання паступаць на спецыяльнасці «Метралагічнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм і сетак» (ф-т тэлекамунікацый), «Квантавыя інфармацыйныя сістэмы» (ф-т радыётэхнікі і электронікі). У тэхналагічным універсітэце пры прыёме ў 2980 студэнтаў, колькасць ахвочых тут навучацца пакуль складае 551.

З якімі прафесіямі звязваюць жыццё ў рэгіёнах. Тут

перавага аддаецца спецыяльнасцям «правазнаўства», «фізічная культура».

У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэты найбольшая колькасць абітурыентаў паступае на спецыяльнасці факультэта эканомікі і права. У Палескім дзяржаўным універсітэце (Пінск) — «Банкаўская справа, эканоміка, фінансы, бухулік, маркетынг». ГДУ імя Янкі Купалы — «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў», «Абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі матэрыялаў», «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». ВДУ імя П. Машэрава — «Правазнаўства», «Фізічная культура». Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны — «Геалогія», «Правазнаўства», Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А. Куляшова — «Фізічная культура», «Правазнаўства».

Ва ўсіх ВНУ краіны яшчэ не спяшаюцца падаваць дакументы на платную і завочную формы навучання. Яно і зразумела. Пры паступленні на бюджэт мала хто задумваецца над далейшым размеркаваннем. Галоўная задача — атрымаць білет студэнта.

Прыём на спецыяльнасці дзённай бюджэтнай формы навучання працягваецца да 25 ліпеня (на ваенныя факультэты да 23). На завочную бюджэтную форму — да 2 жніўня, а на дзённае і завочнае на платнай аснове — да 4.

Залічэнне будзе праходзіць з 1 па 6 жніўня.

Нагадаем, што залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы першага патоку (сілавыя ВНУ, Акадэмія музыкі, Акадэмія мастацтваў, БДУ культуры і мастацтваў) адбудзецца з 24 па 28 ліпеня.

Сёлета 55 ВНУ Беларусі плануюць прыняць амаль 103 тысячы абітурыентаў на ўсе формы навучання.

І толькі кожнае трэцяе месца будзе бюджэтным.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?