У Мінску адкрылася групавая выстава піктарыяльнай фатаграфіі.

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Незалежнасці, 47) адкрылася групавая выстава фотамастакоў «Працяг». Гэтыя мастакі — не з тых, што здымаюць на лічбавую камеру і адразу выстаўляюць свае творы ў сеціве. Тут мы маем справу з тымі, што робяць здымак і пачынаюць яго ўсяляк апрацоўваць: рознымі растворамі срэбра, медзі, золата, расфарбоўваючы і падмалёўваючы выяву, выпячваючы адныя элементы і затушоўваючы іншыя.

Дакументальная аснова? Не мае вырашальнага значэння, бо з першых крокаў піктарыяльная, ці па-ангельску «малявальная» або «карцінная» фатаграфія засяродзілася на атрыманні выявы, якая адказвае эстэтычным поглядам і памкненням аўтара. Менавіта дзякуючы гэтай адметнасці піктарыяльная фатаграфія пакрысе выпрацавала сваю асабістую мову і яшчэ ў пачатку ХХ ст. зрабілася самастойнай мастацкай плынню.

Рамантычная атмасфера ранніх піктарыяльных фатаграфіяў была блізкая класіку беларускай, літоўскай і польскай фатаграфіі Яну Булгаку і Льву Дашкевічу, першаму вядомаму нам выкладчыку фатаграфіі ў Беларусі.

«Мне здаецца, што грань пошукаў сучасных прыхільнікаў піктарыяльнай фатаграфіі ў Беларусі сягае далёка за межы магчымага, але ўсе яны — працяг тых традыцыяў спагады, шчырага аповеду і чуллівасці да навакольнага свету», — кажа куратар выставы Альберт Цехановіч.

На выставе «Працяг» дэманструюць свае працы фотамастакі Маргарыта Трэніна, Альберт Цехановіч, Наталля Яўмененка, Аляксандр Птах і Андрэй Вазнясенскі.

На пытанне: «Нашто вам займацца такім мастацтвам, якое і не фатаграфія, і не жывапіс» самая маладая ўдзельніца выставы Марыя Банэ адказвае: «Мяне вабіць унікальнасць, бо такой фатаграфіі, якую я cстварыла, не будзе больш ні ў кога. Апрацаваў яе і атрымаў часам нечаканы вынік, які моцна зачароўвае».

Выстава «Працяг» працягнецца да 1 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?