Гісторыя гэтага напою пачынаецца ў канцы XVI стагодзьдзя. Галяндзкі мэнаніт Амброзі Вэрмёлен, ратуючыся ад рэлігійнага перасьледу, прыехаў у Гданьск. На новым месцы ён заснаваў бровар. Ягоная вера яму гэта не забараняла. Справы ў прадпрыемства ўвесь час ішлі ўгару, і ў 1704 годзе гарэльня перабралася на самую прэстыжную вуліцу гораду — Breitgasse (Шырокую), у дом з ласосем на шыльдзе.

Прадпрыемства праіснавала да 1922 г., калі эканамічны крызіс і цяжкасьць камунікацыі з асноўнымі рынкамі збыту прымусілі перакінуць яго ў Бэрлін. Прадпрыемства існуе і дагэтуль (пад назвай «Hardenberg-Wilthen». Разбураны ў другую сусьветную дом «Пад Ласосем» аднавілі, і цяпер тут рэстарацыя «Пад Ласосем» (ul. Szeroka, 52—54).

Два прадукты гданьскага бровару ў XVII стагодзьдзі атрымалі вядомасьць як у Рэчы Паспалітай, так і Нямеччыне. Адной зь іх была гданьская гарэлка («гданьская водка», «гальдвасэр»), традыцыйная настойка на зёлках і карэньнях. Прывабнасьць ёй надавалі некалькі лісткоў тонкай залатой фольгі, што плавалі ў кожнай фляшцы. Гданьскай гарэлцы прыпісваліся ледзь не цудатворныя ўласьцівасьці. Шматвекавая слава забясьпечыла ёй месца ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

    Судзьдзя шкатулку ў гонар той аблавы
    Дастаў, адкрыў, i пляшак блiснулi галовы.
    Ён выняў самы большы буталь адмысловы
    (Багаты падарунак ад ксяндза Рабака).
    Гарэлка з Гданьску, дарагая для паляка.
    "Няхай жыве! -
    сказаў Судзьдзя з паднятай чашай. -
    Наш горад Гданьск,
    зноў быць яму ва ўладзе нашай!"
    I па чарзе ўсiм налiваў лiкёр срабрысты.
    Пакуль дно залатым не заблiшчала лiстам.

Менш вядомы спачатку быў ядлаўцовы лікёр Krambambuli. Слова паходзіць ад слоў Krandewitt (дыял. «ядловец») і Blamp (жарг. «алькагольны напой», «пойла»). Пачаткова крамбамбуля была ядлаўцовай гарэлкай — джынам! Але паступова мода на крамбамбулю парадзіла мноства імітацый, якія ў Нямеччыне круціліся вакол інтэнсіўнага чырвонага колеру арыгінальнага прадукту (праўда, яго крыніцай часьцей былі вішні).

У нас ня дбалі і пра колер, і крамбамбуля зрабілася пераважна жоўтай. Дробны шляхціц, які хацеў жыць, як магнат, імкнуўся вырабляць ўсё «як у людзей» у хатняй гаспадарцы, ня трацячы ані шэлегу грошай. Так арыгінальны джын далёка ад Гданьску саступіў месца саматужным кактэйлям ды пуншам. І для сучаснай масавай сьвядомасьці ў нямецкамоўных краінах і далей на Захадзе «крамбамбулі» — гэта самаробны пунш або глінтвайн.

Сапраўдную папулярнасьць Krambambuli набыў ня ў Рэчы Паспалітай, дзе ў яго былі моцныя спаборнікі — мёд ды крупнік, а ў Нямеччыне. У нямецкім студэнцкім жаргоне XVII—XIX ст. слова Krambambuli ўжывалася для азначэньня алькагольнага кактэйлю, а пазьней як сынонім любога алькаголю. На пачатку XVIII ст. зьявілася студэнцкая песьня «Krambambuli», што праслаўляла адвечныя каштоўнасьці бесклапотнага студэнцкага жыцьця і ў некаторых варыянтах налічвала больш за 100 куплетаў, кожны зь якіх канчаўся клічам «Krambimbambambuli, Krambambuli»! «Кананічны» варыянт быў напісаны ў 1745 г. паэтам Крыштафам Вэдэкіндам. Азнаёміцца з тэкстам у расейскай мове можна тут.

Пазьней зьявілася песьня «Der Krambambulist». Музыка спадарожнічае крамбамбулі ўсю яе гісторыю. У нямецкамоўных краінах ёсьць прынамсі два гурты, якія называюцца «Крамбамбуля»: Нямецкая «Крамбамбуля» грае настальгічныя танга ды сўінг. Швайцарская — аддае перавагу Моцарту ды Шуману.

Чарговае пераасэнсаваньне слова масавай сьвядомасьцю зьвязанае з апавяданьнем аўстрыйскай пісьменьніцы XIX ст. Марыі фон Эбнэр-Эшэнбах. Яе галоўны герой — сабака, якога завуць Krambambuli. Станоўчаму пэрсанажу, егеру Хопу, таямнічы абадранец Руды дорыць яе ў кнайпе за выпіўку, і празь нейкі час яны сутыкаюцца ізноў, па розныя бакі Закону: Руды выяўляецца правадыром рабаўнікоў акругі, забойцам лесьніка, а сабаку даводзіцца рабіць пакутлівы выбар паміж старым і новым гаспадарамі.

Апавяданьне тройчы экранізавалася: у 1940 Карлам Кёстлінам, у 1955 пад назвай «Радзіма» Францам Антэлем (у абодвух фільмах ролю егера Хопа граў Рудольф Прак). Апошняя экранізацыя адбылася ў 1998 г. (рэж. Ксаўер Шварцэнбэргер).

Легендарны напой часоў ВКЛ вярнулі ў Беларусь дзякуючы зьбегу акалічнасьцяў і непаразуменьняў, што ня ставіць пад сумненьне яго легітымнасьць. І калі музычны праект «Крамбамбуля» будзе разьвівацца, яго аўтарам варта зьвярнуць увагу на нямецкую культурную гісторыю крамбамбулі, перадусім на традыцыйную студэнцкую песьню.

Крамбамбуля клясычная шляхецкая саматужная (з кнігі Ганны Шымандэрскай «На польскім стале», 2005):

20 г цынамону, 15 г чорнага перцу (зерне), па 10 г кардамону і гвазьдзікоў, 4 г мускатнага арэху, 3 шклянкі сьпірту, 2 шклянкі гарэлкі, 1 шклянка кіпеню, 1 кг мёду.

Патоўчаныя прыправы складаюць у слоік, заліваюць гарэлкай і сьпіртам. Закаркоўваюць і пакідаюць у цяпле на 8—10 дзён, штодзень моцна трасучы слоік. Мёд разводзяць у кіпені, вараць, здымаюць шум. Здымаюць з агню і асьцярожна даліваюць зьмесьціва слоіка, увесь час памешваючы. Хутка ахалоджваюць у рондалі з халоднай вадой. Фільтруюць, разьліваюць па бутэльках, закаркоўваюць і пакідаюць у цёмным халодным месцы на 4—6 месяцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0