Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Італіі Аляксей Скрыпко.

Пасол падкрэсьліў: «Мы дзейнічалі ў поўным супрацоўніцтве з судом у справах непаўналетніх Генуі і праваахоўнымі органамі Італіі».

З Італіі Віка была вернутая гэтай ноччу. Зараз яна знаходзіцца пад наглядам беларускіх і італьянскіх псыхолягаў і пэдагогаў. «Яна ў добрым стане», – падкрэсьліў пасол.

Рашэньне пра вяртаньне Вікі на радзіму было прынятае пасьля таго, як дактары далі заключэньне пра тое, што яна ў стане перанесьці паездку. «Прычым генуэскі суд у справах непаўналетніх парэкамэндаваў нам зрабіць гэта ў максымальна сьціслыя тэрміны, бо знаходжаньне Вікі ў італьянскім прытулку безь якой-кольвек пэўнасьці шкодзіла яе псыхалягічнай рэабілітацыі», – сказаў Аляксей Скрыпко.

У цэлым, дадаў пасол, «тое, што адбылося, гэта найглыбейшы шок і для Беларусі, і для Італіі, прычым ня толькі для ўрадаў, але і для прыёмных сем’яў, для дырэктараў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, зь якіх нашыя дзеці дзясяткамі тысяч езьдзілі на аздараўленьне ў Італію». Паводле словаў Аляксея Скрыпко, «і Італіі, і Беларусі трэба зрабіць высновы для таго, каб ніколі болей не дапусьціць сытуацыі, аналягічнай той, што адбылася зь Вікай Мароз».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?