Амерыканскія сэксолагі папярэджваюць, што перадавыя тэхналогіі сэкс-індустрыі могуць не толькі прыносіць асалоду, але і пагоршыць адносіны паміж людзьмі.

Ласкава запрашаем у будучыню: штучныя, на ўсё згодныя партнёры ў ложку, шматразовае ўзмацненне поцягу і полавай моцы з дапамогай разнастайных віяграў, спраўджванне ўсіх сэксуальных мрояў пры дапамозе кампутарных праграмаў. Гучыць прывабна? «Мы не ўпэўненыя», — кажуць сэксолагі.

Цэнтральная думка вядучых амерыканскіх сэксолагаў: тэхналогіі, што мусяць задаволіць чалавецтва ў полавым пытанні, могуць апанаваць таксама сферу ўзаемных адносінаў чалавека і дыктаваць новыя правілы гульні, у якіх старому сэксу месца больш не застанецца.

«Найбольш турбуе тое, што сучасныя спосабы сэксуальнага задавальнення ўсё менш патрабуюць прысутнасці іншага чалавека», —
кажа доктар Джулія Хейман, кіраўнік нью-ёркскага Цэнтру сэксуальнасці і апладнення. Хейман намякае на з’яўленне віртуальных любошчаў, порнасайты і кампутарныя праграмы, якія імітуюць полавы акт.

Калі чалавецтва будзе надта хіліцца ў бок віртуальнага сэксу, цвердзяць сэксолагі, дык у людзей, зразумелая рэч, будзе менш праблем і цяжкасцяў з сапраўднымі партнёрамі, але з іншага боку, гэта поўнае разбурэнне звычайных шлюбных і любоўных стасункаў. Людзі адно аднаму будуць проста не патрэбныя. І гэтая катастрофа ўжо не за гарамі. Як дэкларуюць кампутарнікі, праз якія 10 гадоў ужо будзе створаная праграма, якая зможа задаволіць фантазію любога карыстальніка. У віртуальнай рэчаіснасці, вядома.

У будучым, калі любоўны акт будзе ўключаць упадабаную мадэльку або ўлюбёнага кінаактора, каму захочацца «марнаваць» час на жанчыну, у якой «баліць галава», ці мужчыну, у якога цэлы месяц «не стаіць»?

«Развіццё сэкс-тэхналогіяў стварае ўзор для пераймання, і калі маладыя людзі пачнуць вучыць пра сэксуальнае жыццё з дапамогай сучасных сродкаў, то яны адназначна не даведаюцца, што любошчы — гэта найперш саюз і кантакт з іншым чалавекам», — дадае Хейман. А з прычыны, што пасцельнае жыццё амаль ні ў кога не дасканалае на ўсе 100 адсоткаў, дадае спецыялістка, дык людзі цалкам пераключацца на віртуальных партнёраў, што пагражае ім, у дадатак, немагчымасцю авалодаць асноўнымі навыкамі сапраўднага сэксу.

А кампанія па вытворчасці медпрэпаратаў, якія за апошнія 10 гадоў учынілі рэвалюцыю ў індустрыі мужчынскай эрэкцыі, паспрабуюць адно пашырыць кола сваіх спажыўцоў, лічыць Хейман. «Як толькі ўжыванне полавых заахвочвальнікаў зробіцца звыклым, інтэнсіўнасць міжасабовых адносінаў рэзка знізіцца, — лічыць прафесар Джон Ганьён з дзяржаўнага ўніверсітэта Нью-Ёрка. — Людзі будуць бавіцца сэксам, прыняўшы пігулку, а не пад уплывам жарсці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?