Ад 1 па 5 кастрычніка ў Нямеччыне адбудзецца паказ фільмаў беларускіх рэжысэраў пад агульным назовам «Партызанфільм». На паказ прыедуць маладыя рэжысэры Аляксандар Канановіч (камэдыя «Колер каханьня») ды Андрэй Кудзіненка («Акупацыя. Містэрыі»).

Нямецкім гледачам будуць прэзэнтаваныя:

«Акупацыя. Містэрыі» (Андрэй Кудзіненка)

«Мы жывем на краі», «Кола», «Шахта» (дакумэнтальныя стужкі, Віктар Асьлюк)

«Маналёгі» (дакумэнтальная стужка-роздум, рэжысэр Алег Дашкевіч)

«Колер каханьня» (Аляксандар Канановіч)

«Гудбай, бацька!» (Паўлюк Канавальчык, Navinki Home Studio)

«Завядзёнка», «Жылі-былі» (дакумэнтальныя стужкі, Галіна Адамовіч)

«Вайна» (кароткамэтражны мастацкі фільм, Дзьмітры Лось)

Чаму «Партызанфільм»? У першую чаргу таму, што большасьць тых фільмаў у той ці іншай ступені зьнятыя ці існуюць у «партызанскіх» умовах. «Акупацыя. Містэрыі» ў Беларусі дэ факта забароненыя да паказу, і нават нэўтральна-бяскрыўдная камэдыя «Колер каханьня» патрапіла ў няміласьць за тое, што ў фільме зьняліся музыкі гурта «Крамбамбуля» на чале зь Лявонам Вольскім. Кароткамэтражныя дакумэнтальныя стужкі таксама здымаюцца ў партызанскіх умовах, бо не хапае фінансаваньня, ды і няма дзе іх у Беларусі паказваць – кінатэатры ўсё больш круцяць блякбастэры, а такіх вось маленечкіх прыватных кіно, як у Бэрліне, якія паказваюць «нефарматныя» фільмы, у нас, бадай, няма.

1 кастрычніка беларускія фільмы будуць прэзэнтавацца ў «КіноКракадзіл». Гэтае невялічкае кіно спачатку задумвалася як месца, дзе будуць паказваць расейскія фільмы, аднак пасьля ўладальнік кінатэатру вырашыў пашырыць аўдыторыю, ды пачаў браць у пракат фільмы з Усходняй Эўропы, у тым ліку зь Беларусі. Таксама там ладзяцца культурніцкія імпрэзы (апошняя – чытаньні 22 верасьня з нагоды «100-годдзя «Нашай Нівы»).

3-5 кастрычніка фільмы будуць паказвацца ў кінатэатры «Талія» ў Нойштадце - багемным раёне Дрэздэну. Акрамя гэтага Аляксандар Канановіч і Андрэй Кудзіненка выступяць перад студэнтамі дрэздэнскай Вышэйшай школы выяўленчых мастацтваў у клюбе «7-мы паверх».

Фінансава паказ фільмаў падтрымаў нямецкі Фонд Робэрта Боша.

Па адрасе partisan-film.at.tut.by можна паглядзець кадры зь фільмаў і даведацца пра праграму больш дакладна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?