Рашэнне аб павышэнні тарыфаў на паслугі ЖКГ пакуль не прынята, паведаміў 22 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Мікалай Ліпень.

«Гэтае пытанне пакуль не разглядаецца, і ніякіх рашэнняў аб павышэнні тарыфаў на паслугі ЖКГ не прымалася», — заявіў ён.

Ліпень падкрэсліў, што пытанне павышэння тарыфаў звязана з узроўнем даходаў насельніцтва. «Можа атрымацца такая сітуацыя, што мы ўстановім тарыфы, а насельніцтва потым не зможа аплачваць паслугі, мы да гэтага не імкнемся», — падкрэсліў ён.

Намеснік міністра нагадаў, што згодна з канцэпцыяй развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2015 года насельніцтва павінна поўнасцю пакрываць затраты на прадастаўленне паслуг ЖКГ. Сёння яно аплачвае менш як 30% затрат, а розніца кампенсуецца датацыямі з бюджэту.

Ліпень, аднак, выказаў сумненне ў тым, што да 2015 года будзе дасягнута 100% аплата паслуг ЖКГ. Як паведамілі БелаПАН у Мінжылкамгасе, апошні раз тарыфы на паслугі ЖКГ павышаліся 1 студзеня 2009 года.

30 снежня 2009 года Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі заявіў: «Кожны павінен плаціць 100% за спажываныя паслугі ЖКГ, але ў нас сацыяльна арыентаваная дзяржава».

Ён зазначыў, што тэма аплаты жыллёва-камунальных паслуг — «адна з балючых для насельніцтва».

Паводле слоў прэзідэнта, урад прапаноўваў на працягу першага паўгоддзя 2010 года павялічыць кошт паслуг ЖКГ для насельніцтва на 7 долараў ЗША. «Калі б мы павялічылі, то атрымалі б 77 млрд. рублёў. Бюджэт Беларусі — 52 трлн. рублёў. Ці варта сабачыцца з народам за гэтыя 77 мільярдаў? Будзе лягчэй — вернемся да гэтага пытання», — сказаў ён.

Варта зазначыць, што скараціць бюджэтнае субсідаванне жыллёва-камунальных паслуг ураду Беларусі настойліва рэкамендуе Міжнародны валютны фонд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?