Натыкнуўшыся на гэтыя тэксты ў сеціве, я спачатку падумаў: перадвыбарчая правакацыя. На афіцыйным сайце Кенцкага каледжу права (Чыкага, ЗША) у сьпісе працаў накшталт «Пэрспэктывы народнага паўстаньня ў Тыбэце», «Перакуленая карупцыя: эканамічныя выгады хабарніцтва і эканамічны рост у Кітаі», «Палітычныя і юрыдычныя зьмены ў Іраку і іх рэгіянальны ўплыў» раптам трапляюцца дзьве назвы, якія адразу чапляюць беларускае вока: «Канец апошняй дыктатуры ў Эўропе: чатыры ключы для пасьпяховай каляровай рэвалюцыі ў Беларусі» (аўтар Джэралд Дж. Бэкерман) ды «Дабрачынныя фонды ЗША і Нямеччыны як рухавік фінансаваньня паўстаньняў, такіх як магчымая Аранжавая рэвалюцыя ў Беларусі ды магчымае паўстаньне ў Тыбэце» (Енс Візнэр). Прычым, выглядаюць працы ня проста як навукова-пазнавальныя артыкулы, а як дэталёвыя інструкцыі да дзеяньня.

Як выявілася, за працамі стаяць не экспэрты рэжыму па контрапрапагандзе, а маладыя амэрыканскія асьпіранты. Прафэсар Гэнры Пэрыт прапанаваў ім напісаць справаздачы для сэмінару «Закон нацыябудаўніцтва». Хлопцы заданьне выканалі. У аднаго выйшла «настольная кніжка маладога рэвалюцыянэра», а ў іншага «памятка для аранжавага фінансіста».

Рэвалюцыйна-сеткавы маркетынг

Праца Джэралда Дж. Бэкермана «Канец апошняй дыктатуры ў Эўропе: чатыры ключы для пасьпяховай каляровай рэвалюцыі ў Беларусі» пачынаецца эмацыйным нарысам пра сумнае жыцьцё ў «апошняй дыктатуры ў Эўропе». Аўтар карыстаецца мэтафарамі, пашыранымі сярод заходніх журналістаў — зрэшты, як іначай, калі праца пабудаваная найперш на зьвестках, атрыманых з газэтных артыкулаў. Паводле Бэкермана, Лукашэнка, валадар «пляцдарму тыраніі», бачыць будучыню Беларусі ў аб’яднаньні з Расеяй — і гэта першая тэза, зь якой можна спрачацца, тым больш, што Бэкерман грунтуе яе на артыкуле з газэты «Вашынгтон Пост» гадовай даўніны. Яшчэ адна пэрліна Бэкермана — парадаксальны тэрмін «неадукаваныя вясковыя эліты» — менавіта яны, на яго думку, аказваюць Лукашэнку падтрымку ў правінцыі.

Аўтар мяркуе, што мірныя рэвалюцыі апошняга часу (да іх ён чамусьці прылічае і рэвалюцыю ў Кыргызстане) далі надзею на паўтарэньне такога сцэнару і ў Беларусі. «Дарожная мапа» для рэвалюцыі, паводле асьпіранта, мусіць мець чатыры складнікі. Першы — моладзевы рух, арганізаваны паводле прынцыпу ўкраінскай «Поры», які карыстаецца найноўшымі тэхналягічнымі прыдумкамі для самаарганізацыі, другі — аб’яднаная апазыцыя, да якой гэты моладзевы рух далучыцца, трэці — незалежная прэса, якая будзе супрацьстаяць дзяржаўнай прапагандзе, і чацьвёрты — замежная падтрымка апазыцыі, а пры патрэбе — умяшальніцтва (відаць, так трэба перакладаць тэрмін «intervention», якім карыстаецца аўтар) у падзеі ў Беларусі.

Бэкерман прызнае, што ня ўсё так гладка, як выглядае на паперы. Гэтак, моладзевы рух не такі моцны, як у той жа Ўкраіне. Зубрам і іх калегам бракуе «гарызантальнай сеткавай структуры» — тут аўтар дае цэлы воз практычных парадаў па яе разбудове, многія зь якіх, аднак, выглядаюць маларэальнымі (напрыкад, ладзіць рок-канцэрты для прыцягненьня новых сяброў у рух). У нечым стратэгія Бэкермана нагадвае сеткавы маркетынг — карацей, рэвалюцыя па прынцыпах распаўсюднікаў «Гэрбалайфу». Як быццам, лягічна, але ў беларускіх умовах наўрад ці спрацуе так, як таго жадае аўтар.

Навуковая рэвалюцыйная публіцыстыка

Па ўсім відаць, што Джэралд Дж. Бэкерман — старанны асьпірант, але гэтая стараннасьць яго і падводзіць. Ён дэталёва вывучае крыніцы, для таго каб зрабіць высновы, аднак не заўважае, што чэрпае інфармацыю з аднаго калодзежа — заходнеэўрапейскай ды амэрыканскай публіцыстыкі. А замежныя журналісты пасьпелі ўжо выпрацаваць асаблівы стыль напісаньня артыкулаў пра «апошнюю дыктатуру ў Эўропе» ды адмысловую сыстэму штампаў, якія хоць і дапамагаюць лягчэй «прадаваць» матэрыял газэтам ды аблягчаюць спажываньне інфармацыі непадрыхтаваным замежным чытачам, аднак занадта прымітывізуюць беларускую сытуацыю. Лукашэнка ў іх заўжды паўстае міталягізавана жудасным і адначасова батлеечным дыктатарам, якому супрацьстаіць апазыцыя, нярэдка ўвасобленая менавіта тымі дзеячамі, якія робяць сабе ў момант напісаньня артыкулу найлепшы піяр за мяжой ды маюць непасрэды кантакт з самім карэспандэнтам.

«Якога колеру будзе беларуская рэвалюцыя? — пытаецца Бэкерман у канцы сваёй працы. — Зялёнага, чырвонага ці белага, традыцыйных колераў беларускага сьцяга?» Тут, як кажуць, без камэнтароў. Так ці іначай, шанцы на рэвалюцыйныя зьмены ў краіне Бэкерман ацэньвае як «выдатныя». Праца чытаецца з дваістым уражаньнем — з аднаго боку, адчуваецца, што аўтар зь беларускім жыцьцём сутыкаўся толькі ўскосна, а зь іншага — падкупае яго шчырая вера ў перамогу дэмакратыі ў Беларусі. Яму б «вытворчую практыку» ў РБ прайсьці, каб праца зайграла жывымі фарбамі.

Карпарацыя для інсургента

Калі праца Бэкермана, хутчэй, публіцыстыка, дык навуковы (прынамсі, па форме) аналіз Візнэра — сапраўдная залатая жыла для аўтараў тэлевізійных антыапазыцыйных страшылак для электарату. «Што трэба для таго, каб фінансаваць паўстанцаў?» — пытаецца ў пачатку сваёй працы Енс Візнэр. І сам на гэтае пытаньне адказвае: «На першы погляд — грошы!» Аднак, паводле аўтара, адказ не такі просты — усё залежыць ад абставінаў. На думку Візнэра, фінансаваньне рэвалюцыі ня дужа адрозьніваецца ад фінансаваньня карпарацыі — плянаваньне, пошук грошай і іх разьмеркаваньне. Розьніца, хіба што, у дывідэндах, якія атрымлівае інвэстар.

У першай частцы працы Візнэр робіць тэарэтычныя выкладкі у галіне грашовага забесьпячэньня дзейнасьці паўстанцаў любога кшталту. Ён пералічвае асноўныя каналы, па якіх тыя грошы можна атрымліваць. Гэтак, у якасьці прыкладаў ён прыводзіць і разьбірае плюсы і мінусы фінансаваньня аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне заходнімі нафтавымі карпарацыямі ды Тыбэцкага ўраду ў выгнаньні — нямецкай дзяржавай.

Вялікую ўвагу аўтар надае пытаньню стварэньня сеткі пошуку патэнцыйных донараў — у якасьці пасьпяховых прыкладаў прыводзіць Армію вызваленьня Косава ды... «Аль-Каіду». Швайцарскім банкам, якія граюць значную ролю ў патаемным перапампоўваньні фінансаў, Візнэр прысьвячае цэлы разьдзел, гэтаксама як і эўрапейскай сыстэме змаганьня з адмываньнем грошай.

Потым пачынаецца самае цікавае. «Давайце ўявім, — піша аўтар, — што два кліенты зьвярнуліся да нямецкага юрыста з просьбай арганізаваць фінансаваньне двух паўстанцкіх рухаў: аднаго ў Беларусі, іншага — у Тыбэце». У наступнай частцы працы Візнэр распрацоўвае гіпатэтычныя дзеяньні таго юрыста. У адрозьненьне ад Тыбэту, дзе фінансавацца «будзе», хутчэй за ўсё, узброенае паўстаньне, у Беларусі грошы «пойдуць» на мірную Аранжавую рэвалюцыю: спачатку на падтрымку студэнтаў, потым — усіх астатніх незадаволеных групаў, а таксама мэдыяў, а ў выніку — на непасрэднае матэрыяльнае забесьпячэньне пратэстных акцыяў.

У якасьці мадэляў фінансаваньня аўтар параўноўвае нямецкую дабрачынную карпарацыю ды амэрыканскі дабрачынны траст і прыходзіць да высновы, што для беларускіх рэвалюцыянэраў найлепшы варыянт фінансаваньня — менавіта стварэньне «пад сябе» дабрачыннай карпарацыі ў Нямеччыне. У дадатку Візнэр дэталёва пералічвае ўсе патрэбныя для гэтага дакумэнты.

Меркаваць пра навуковую вартасьць працаў складана — тым больш што пісаліся яны, гледзячы зь іншага берагу акіяну... Але вось сам факт таго, што дасьледаваць тэму магчымай рэвалюцыі ў Беларусі бяруцца ўжо ня толькі гуру паліталёгіі, але і асьпіранты, наводзіць на пэўныя думкі. Тым больш, што пішуць яны не сухія справаздачы, а інструкцыі для рэвалюцыянэраў. Вось толькі наколькі яны для Беларусі прыдатныя? Прынамсі, з выстаўленьнем адзнак прафэсару давядзецца пачакаць да поўнай перамогі дэмакратыі ў краіне «апошняга эўрапейскага дыктатара».

16 студзеня ў Варшаве, Беластоку і іншых гарадах Польшчы прайшлі маніфэстацыі салідарнасьці з Свабоднай Беларусьсю. Маніфэстанты зь бел-чырвона-белымі сьцягамі пракрочылі вуліцамі Варшавы, Беластоку і інш. Яны несьлі транспаранты «Памятаем аб ахвярах рэжыму Лукашэнкі», «Салідарныя зь Беларусьсю», сьпявалі беларускія песьні, гукалі «Вольныя выбары — вольная Беларусь», «Так — Беларусі, не — Лукашэнку», «Białorusi nikt nie zdusi» («Беларусь ніхто не задушыць»).

З працамі кенцкіх студэнтаў можна пазнаёміцца тутака:

http://www.kentlaw.edu/perritt/courses/seminar/jerry-bekkerman-BELARUS%20THESIS.htm

http://www.kentlaw.edu/perritt/courses/seminar/jens-wiesner-seminar%20final.htm

Фота AG

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0