Актывісты кампаніі «Еўрапейская адукацыя» накіравалі звароты ў палату прадстаўнікоў і Савет міністраў.

Аўтары звароту патрабуюць распрацаваць рэформы ў нацыянальнай сістэме адукацыі, прывесці закон «Аб вышэйшай адукацыі» у адпаведнасць патрабаванням Балонскага працэсу і неадкладна далучыць Рэспубліку Беларусь да Балонскай Дэкларацыі.

Атрыманыя першыя адказы. Аб гэтым паведаміў адзін з ініцыятараў кампаніі Аляксей Валабуеў.

Старшыня камісіі палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічнаму прагрэсу, спадар Здановіч, спаслаўся на тое, што далучэнне да Балонскага працэсу з’яўляецца кампетэнцыяй ураду, не парламенту. У цяперашні час завяршаецца работа над Кодэксам аб адукацыі, сцвярджаецца ў адказе. У кодэксе маюць быць урэгуляваныя ўзнятыя кампаніяй пытанні.

Як паведамілі ў Савеце Міністраў, зварот накіраваны на разгляд у Міністэрства адукацыі, якое дасць больш канкрэтны адказ.

У 1999 годзе еўрапейскімі краінамі была прынятая дэкларацыя «Зона еўрапейскай вышэйшай адукацыі» і запачаткаваны Балонскі працэс, у які на дадзены момант уваходзіць 47 краін, сярод якіх усе беларускія суседзі. «На вялікі жаль, Беларусь дагэтуль не з’яўляецца ўдзельніцай дадзенага працэсу,« — паведамляецца ў тэксце звароту.

Кампанія распачалася 6 ліпеня з ініцыятывы «Маладога Фронту». У мэтах грамадскай ініцыятывы актыўна інфармаваць грамадства аб плюсах Балонскай сістэмы. Зараз адбываецца збор подпісаў сярод студэнтаў і абітурыентаў. У хадзе кампаніі плануюцца канферэнцыі, круглыя сталы з удзелам незалежных і дзяржаўных адмыслоўцаў.

Асноўныя Балонскія рэформы накіраваныя на выкананне наступных задачаў: трохузроўневая структура вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят, магістратура, дактарантура), забеспячэнне якасці вышэйшай адукацыі і прызнанне кваліфікацыяў і перыядаў навучання ва ўсёй еўрапейскай прасторы.

Далучэнне краіны да Балонскага працэсу дае магчымасць ВНУ самастойна вызначаць змест і методыку навучання. У той жа час дыпломы прызнаюцца ва ўсіх краінах-удзельніцах.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?