Пра Крым татарскі піша Сяргей Харэўскі.

 Бахчысарайскі палац

Бахчысарайскі палац

 Вярнуўшыся з выгнання, татары ставілі свае кварталы і мячэці ў голым стэпе

Вярнуўшыся з выгнання, татары ставілі свае кварталы і мячэці ў голым стэпе

Тыя, хто бываў у савецкія часы ў Крыме, не задумваліся, хто такія крымскія татары і куды яны падзеліся. У старых кварталах Еўпаторыі ці Бахчысарая тады можна было пабачыць адно закінутыя руіны, зацягнутыя калючым дротам. Толькі ў Алупцы, сонечным мястэчку ля мора, стаяў у засені пальмаў бюст лётчыку Амет-хану Султану, двойчы Герою Савецкага Саюза. Пра пасляваенны лёс гэтага легендарнага крымчака экскурсаводы маўчалі.

У 1956 годзе Амет-хан Султан разам з іншымі падпісаў ліст з просьбай аб рэабілітацыі крымскіх татараў, накіраваны ў ЦК КПУ. Адказу ён не дачакаўся. У 1971-м, у разгар застоя, легендарны лётчык загінуў падчас выпрабавальнага палёту. Чарговая просьба ветэранаў надаць аэрапорту Сімферопаля імя Амет-хана Султана да 65-годдзя Перамогі сустрэла катэгарычную адмову ўладаў Крыма… Гісторыя татараў, іх дэпартацыі і вяртання, іх самабытная культура — гэтым насычанае сёння паветра Крыму. Адпачываючы на Поўдні, вы можаце адкрыць для сябе Усход.

Новыя мячэці

Куды ні кінь вокам у цэнтральным Крыме — на даляглядзе алоўкі мінарэтаў пры новых мячэцях. Дасавецкіх захавалася няшмат. Самыя шыкоўныя з іх — мячэць Джума Джамі ў Еўпаторыі ды пабудаваны яшчэ асманскімі майстрамі Муфці Джамі ў Феадосіі. Новым храмам з бетону, сілікатнае цэглы, падножнага каменю не стае выштукаванасці. Але растуць яны паўсюдна.

У Эскі Крыме пры дапамозе Турцыі аднавілі мячэць хана Узбека XIII стагоддзя. Але стары вартаўнік-муэдзін з прыкрасцю кажа, што моладзь болей ходзіць у новую, на арабскія грошы пастаўленую. На ўскрайку мястэчка, дзе расклаўся новы татарскі квартал, зіхціць навюткі храм, вакол якога багата маладых барадатых людзей. Для татараў мячэць — не проста места малітвы, але і клуб. Мусульмане тут складаюць маналітную уму — грамаду. Спачатку будуюць мячэць і толькі пасля — хату. Іслам — галоўны цэмент татарскай супольнасці, бо моладзь збольшага страціла родную мову.

Першы намаз пачынаецца а палове на чацвёртую раніцы. Наступны — на ўзыходзе сонца. Крык муэдзіна, узмоцнены дынамікамі, робіць магутнае ўражанне сярод начное цішы, над духмянымі стэпавымі разлогамі. І мігценне маладзіка ў попельна-ружовым небе паказвае шлях...

Суседзі вярнуліся

Каларытны вартаўнік старажытнай мячэці Кебір Джамі ў Сімферопалі за паўгадзіны давёў нам, што іслам — самая праўдзівая, міралюбная і мудрая вера. А як складаюцца адносіны з суседзямі па квартале? Ніякіх праблемаў! За выключэннем... пяціразовага азану, закліку на малітву, што гучыць з мінарэта праз рэпрадуктары. Ён пакрысе выганяе немусульманаў са старога горада — хаатычнага суплёту вузкіх вулачак, што быў тут і ў часы ханства.

Тых, хто памятае даваенныя часы, у Крыме засталіся адзінкі. Але ні ад кога я не пачуў кепскага слова пра былых суседзяў — татараў. Расказваюць казачныя гісторыі пра дзясяткі гатункаў грушаў, пра невераемна смачныя і цяпер забытыя малочныя прадукты, аб працавітасці…

Тыя, хто засяляў спусцелы Крым у 1950-я, ставіліся да вяртанцаў насцярожана, баючыся маёмасных прэтэнзіяў. Але страх прайшоў, як татары пачалі будаваць сабе новыя вёскі. Затое з’явіўся новы — перад канкурэнцыяй з боку ўвішных, непітушчых суседзяў, якія бяруцца за працу з узыходам сонца. Ужо сёння вялікая частка сферы паслугаў, жывёлагадоўлі, харчавання, транспарту, гандлю апынулася ў руках татараў.

Італьянцы запісваліся татарамі

Дзяцей татараў у паліклініках рэгіструюць асобна як прадстаўнікоў рэпрэсаванай этнічнай меншасці. Імі апякуюцца фонды, выдаткоўваюцца бюджэтныя грошы на культуру. Але, насуперак пашыранай думцы, з Крыму былі высланыя не толькі татары! Перад вайною выслалі туркаў, за імі — італьянцаў, што жылі тут з часоў генуэзскае ўлады і збудавалі тузін гарадоў ля мора, а ў 1940-м — дзясяткі тысячаў крымскіх немцаў. Італьянцы, каб не трапіць у дэпартацыю, перапісваліся на татараў. І паехалі з імі на чужыну ў 1944 годзе, як і караімы, і цыганы-мусульмане, што цудам перажылі нямецкі генацыд.

Агулам па нацыянальнай прыкмеце ў спісах на вываз аказаліся 180 тысячаў чалавек. А сёння адных татараў у Крыме — 243 433 чалавекі, паводле апошняга перапісу, і лічба расце... Старэйшыя вяртанцы маюць добрую адукацыю. Гэта дактары, інжынеры, настаўнікі. А вось іх дзеці атрымаць належную адукацыю не паспелі.

Тры чвэрці прыбышоў нарадзіліся ў Цэнтральнай Азіі, часам ужо ў другім пакаленні. З нетраў кантынента яны прывозяць азіяцкую ментальнасць, звычаі, густы. Моладзь слаба валодае роднай моваю, але многія ведаюць, напрыклад, узбецкую ці казахскую. Яны цяпер не еўрапейцы ментальна. Але ў стаўленні да працы імкнуцца трымаць еўрастандарт.

Тут быў Багдановіч

Як стараюцца выжыць татары ў Крыме і зладзіць новае жыццё, добра відаць у Эскі (Старым) Крыме, гарадку, чыя гісторыя налічвае не адно тысячагоддзе. Ён прывабны чыстым здаровым паветрам, дубровамі і лясамі, гарамі з пячорамі і маляўнічымі цяснінамі. Раю ў Старым Крыме наведаць крымскататарскія чайханы і кавярні — не пашкадуеце.

На рагу вуліцы Савецкай і Сімферопальскае шашы абавязкова трэба зайсці ва ўнікальны прыватны музей, што трымае татарская сям’я, якая вярнулася з Кыргызстану. Гасцінны гаспадар, які быў дэпартаваны дзіцем, на самае бачнае месца расставіў рэчы сваіх бацькоў і дзядоў, што захаваліся ў выгнанні. Яшчэ тут багата антычных і скіфскіх рэчаў. А на падворку вас будзе чакаць шчодры стол у цяністых шатах вінаграду.

Ёсць у Эскі Крыме і санаторый, куды некалі прыязджаў Максім Багдановіч. Тут паэт напісаў першую краязнаўчую брашуру «Стары Крым» ды апавёў пра сваё жыццё тут ва ўласных дзённіках. Пра гэта хораша апавядаюць у тутэйшым музеі.

Бахчысарай

Духоўны цэнтр крымскіх татараў — Бахчысарай — натхняў колісь Адама Міцкевіча. Тут найбольшы асяродак крымскататарскае творчай інтэлігенцыі, мастакоў, народных майстроў. Тут можна набыць экслюзіўныя мастацкія рэчы. Вакол адроджанага Ханскага палаца, пры якім збярогся мізар (могілкі) з пахаваннямі славутых валадароў, якіх баяліся і ў нашых мясцінах, ёсць музеі і галерэі. З мінарэтаў разносяцца гукі азану, а па-над дварамі — водары добрых усходніх страваў. Дзятва імпэтна заклікае ў кавярні ды крамы.

Можна адпачыць і падсілкавацца ва ўтульным гатэліку «Дыляра-ханум», што амаль насупраць палаца, толькі вышэй у горы. Цэны ў ім вельмі памяркоўныя — ад 10 да 20 даляраў з чалавека ў дзень. А ўжо ж від з вокнаў на ваколіцы не расчаруе.

Пры гатэліку — кавярня «Мусафір», літаральна насупраць ханскага палаца. Тут можна выцягнуць здарожаныя ногі і замовіць духмяную зялёную гарбату. Кавярня спецыялізуецца на традыцыйнай крымскай кухні — найсмачнейшы плоў, люля-кебаб, янтык, манты, лагман, шурпа. Галоўны кухар штосезон спецыяльна прыязджае з Узбекістану. Вышэй у горы, на канцы старога Бахчысарая, у Салачыку, шырока расчыніў свае вароты «Караван-сарай» — рэстаран-кавярня-паркінг. Тут прапануюць надзіва смачныя стравы традыцыйнай кухні.

Вяртаючыся з Крыму, у цягніку стаў сведкам спрэчкі між украінцам і расійцам, каму мусіць належаць Крым. Мужыкі былі нападпітку, спрачаліся жарсна, але не злосна. За імі моўчкі назіраў чацвёрты наш сусед, з выразна ўсходнім тварам. А пасля паставіў кропку ў палеміцы: «Крым будзе альбо татарскім, альбо мёртвым!». І, каб залагодзіць рэзкасць, шырака і без аніякай злосці ўсміхнуўся нам усім.

Эскі (Стары) Крым

У XIII ст. старажытны Салхат атрымаў цяперашнюю назву — Крым, што азначае «роў», і стаў сталіцаю Крымскага юрта Арды. На вуліцы Халтурына захаваліся рэшткі вялікага медрэсе з мячэццю Узбека, збудаванай у 1314 г. Тутсама ёсць і такія ўнікальныя помнікі, як мячэць Бейбарса — правадыра мамлюкаў Егіпта, і Свінцовая мячэць, дзе замест рошчыны ўжыты літы свінец. Ёсць і армянскія, і грэчаскія святыні, восем музеяў — гістарычных і літаратурных, сярод якіх дом-музей Аляксандра Грына, Канстанціна Паўстоўскага, а таксама Музей этнаграфіі крымскіх татараў. Ёсць і санаторый, куды прыязджаў Максім Багдановіч. Тут паэт напісаў краязнаўчую брашуру «Стары Крым».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0