У панядзелак Нобэлеўскі камітэт пачне цырымонію штогадовага ўручэньня самых прэстыжных узнагародаў у навуцы – Нобэлеўскіх прэміяў. Першая зь іх – традыцыйна прэмія ў фізыялёгіі і мэдыцыне. Абвяшчэньне ляўрэата мае адбыцца а 10.30 (GMT) у Стакгольме ў мэдычным інстытуце Karolinska Institutet. У аўторак, 3 кастрычніка, а 10.45 будуць вядомыя ляўрэаты прэміяў у фізыцы, у сераду а той самай гадзіне – у хіміі.

Астатнія ўзнагароды разыйдуцца на наступным тыдні. Такім парадкам, пераможцу ў конкурсе «Памяці Нобэля» ў эканоміцы Швэдзкая каралеўская акадэмія навук абвесьціць 9 кастрычніка, а Нобэлеўскую прэмію міру ляўрэат дастане 13 кастрычніка. Дата ўручэньня прэміяў у літаратуры, як заўсёды, невядомая.

Імёны ляўрэатаў прэміі заўсёды трымаюцца ў таямніцы. Самі ляўрэаты даведаюцца пра ўзнагароду пасьля афіцыйнага абвяшчэньня.

Гісторыя Нобэлеўскіх прэміяў пачалася 27 лістапада 1897 г., калі швэдзкі мільянэр Альфрэд Нобэль падпісаў свой знакаміты тэстамэнт. Там вынаходнік дынаміту напісаў, што аддае ўсе свае грошы на прэміі тым, хто за прайшоўшы год «прынёс найбольшую карысьць чалавецтву» (гэта пазьней стала адмысловым слоганам Нобэлеўскай прэміі). Альфрэд Нобэль вылучыў 5 напрамкаў, у якіх мусілі былі прысуджацца прэміі: хімія, фізыка, фізыялёгія і мэдыцына, літаратура, прэмія міру. Першыя Нобэлеўскія прэміі прэзэнтавалі 10 сьнежня 1901 г.

Нобэлеўская прэмія ў эканоміцы не ўваходзіць у пяцёрку, пра якую наказваў Нобэль, афіцыйна яна мянуецца штогадовай прэміяй «Памяці Нобэля» ў галіне эканамічных навук і прысуджаецца Каралеўскай акадэміяй навук Швэцыі. Нобэлеўская прэмія ў эканоміцы ўзьнікла дзякуючы Швэдзкаму банку, які заснаваў яе ў 1968 г. з нагоды свайго 300-годзьдзя. Як што менавіта ў Швэдзкім банку захоўваюцца пакінутыя Нобэлем грошы, дык банк прапанаваў узнагароджваць ляўрэатаў грашыма з собскіх актываў. Упершыню прэмія «Памяці Нобэля» ў галіне эканомікі прысуджалі ў 1969 г.

За сто пяць гадоў уручэньня Нобэлеўскіх прэміяў іхнімі ляўрэатамі сталі 758 чалавек і 18 арганізацыяў.

Сёлета сярод кандыдатаў на атрыманьне Нобэля ў галіне літаратуры – два прадстаўнікі Беларусі: Рыгор Барадулін і Сьвятлана Алексіевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?