27.07.2010 / 10:05

«Усё роўна пяройдзем на беларускую мову» 7

Кіраўнік аддзела ідэалогіі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Рагачук праславіўся пераходам на беларускую мову. Цяпер яго павысілі.

Кіраўнік аддзела ідэалогіі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Рагачук праславіўся пераходам на беларускую мову. Цяпер яго павысілі.

У арганізацыйным аддзеле аблвыканкама запэўнілі, што пасада, якую заняў спадар Рагачук — кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста — гэта павышэнне. Супрацоўніца заўважыла, што ідэолагі падпарадкоўваюцца наўпрост Мінску, але ўсё роўна старшыня райвыканкама больш самастойны. Што да беларускай мовы…

Супрацоўніца: «Гэта трэба глядзець, якія ініцыятывы былі падтрыманыя. Трэба ў аддзеле ідэалогіі вам распытацца наконт гэтай ініцыятывы. Курс жа не памяняўся… (смяецца). Не мне вам тлумачыць, самі разумееце».

У аддзеле ідэалогіі абнадзеілі: новы кіраўнік Аляксандр Цыральчук на днях прыедзе з камандзіроўкі.

Супрацоўнік: «Так, гаварылі мы раз на тыдзень па-беларуску. Штосераду, як правіла. Новы начальнік? Нібыта ён катэгарычна за».

Днямі выйшаў з адпачынку сам Аляксандр Рагачук. Ён сустрэў карэспандэнта як старога знаёмага.

Аляксандр Рагачук: Мы ў сваёй дзейнасці будзем працягваць карыстацца беларускай мовай. У нас чыноўнікі добра ведаюць родную мову. Так, Мікалай Пятровіч?

Мікалай Пятровіч (супрацоўнік аддзела ідэалогіі Маскоўскага раёна): Да.

Рагачук: Так?

Мікалай Пятровіч: Так, валодаюць.

Сакратарка (смяецца): Авалодаюць. Рагачук: Мы будзем працягваць развіваць беларускую мову, будзем трымацца яе ў рэкламнай дзейнасці, у назвах, шыльдах. На пасяджэннях выканкама будзем яе выкарыстоўваць.

Мікалай Пятровіч: Чыноўнікі Маскоўскага раёна, калі хто звяртаецца да іх па-беларуску, адказваюць гэтаксама па-беларуску.

Аляксандр Рагачук: Я вось атрымаў віншаванне ад старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава і з прыемнасцю яму адказаў.

— Але ці засталася ў вас пераемнасць у аблвыканкаме, у аддзеле ідэалогіі?

Аляксандр Рагачук: Думаю, так.

Напрыканцы спадар Рагачук заўважыў, што большасць грамадзянаў карыстаецца «расійскай мовай», але ўпэўнена даў прагноз: «Мы з часам, канешне, але ўсё роўна пяройдзем на беларускую мову».

Цяперашні кіраўнік аддзела ідэалогіі Брэсцкага аблвыканкама выглядаў меншым аптымістам. Нават гаварыць адмовіўся.

Аляксандр Цыральчук: Не. Вы запісаліся на 29-га?

— Скажыце толькі, ці будзе пераемнасць, што да беларускай мовы.

Аляксандр Цыральчук: Потым. Потым. Ды будзе, будзе, канешне. Я ж заканчваў беларускую школу.

Выглядае на тое, што не так ужо гэта і «канешне». Бо дзень белмовы нават у аддзеле ідэалогіі Брэсцкага аблвыканкама не праводзіцца. І яшчэ: вуліца новабудаванага мікрараёна Брэста названая ў гонар Уладзіміра Калесніка, партызана, пісьменніка, прафесара, які ўсё жыццё абараняў і папулярызаваў беларускую мову. Але ж шыльда выкананая толькі па-руску.

0
алек.RU / Адказаць
27.07.2010 / 14:25
па маiх нзiраннях менавiта брэст самы зрусiфiкаваны горад вашай краiны. чамусьцi не веру усiм тым чыноунiкам, яiкя абяцаюць крокi пашырэння ужывання мовы, бо яны яе баяцца i ненавiдзяц, як i iхнi шэф
0
Алег / Адказаць
27.07.2010 / 16:58
Ё на Берасьцейшчыне шырокавядомыя за яе межамі прадпрыемствы "Санта Бреморь" і "Савушкин продукт". Адкуль зьявіліся яны на шматгаротнай беларускае зямлі, можа зь Месяца зваліліся? Але ва ўсялякім разе іх гаспадары мо не здагадваюцца, што тутака ня Заподная губерьния РФ, а незалежная дзяржава. І ў гэтае дзяржаве жывуць людзі – Беларусы – якія маюць сваю мову й занадта не падобны на расейскі мэнталітэт. Паміж тым нельга казаць, што для "Бреморя" й "Савушькі" існуе толькі "вялікі й магучы". Так, гляджу, пачалі ва ўсю мясьціць пераклады на сваіх вырабах і на ўкраінскую. На падыходзе магчыма кітайская, мамба-юмбаўская й хіньдзі... А што да Беларускай мовы, дык для іх яе наўпрост не існуе! Дзейсныя мэтады? Вось каб выклікаў які сьвядомы аблвыканкамавец на дыван кіраўнічка антыбеларускага прадпрыемства, замкнуў бы дзьверцы, ды ў пысу таму, ды ў пысу!!! :)) Проста па харошаму гэна публіка, відаць, не разумее...
0
ЁЁ / Адказаць
27.07.2010 / 17:38
Дарэчы, кіраўнік аддзела ідэалёгіі Навагрудскага райвыканкама таксама беларускамоўны чалавек.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру