Урыўкі з кнігі Сяргея Навумчыка «Сем гадоў Адраджэння» пра падзеі 26–27 ліпеня 1990 года.

Ёсьць выпадкі — і ў гісторыі іх багата, — калі нацыя здабывае незалежнасьць вайной, баявымі дзеяньнямі. У такім разе цэнтрам робіцца ваенны ці партызанскі штаб, аргумэнтам змаганьня выступае зброя. Там, дзе сувэрэнітэт дасягнуты мірным, заканадаўчым шляхам, дзе выкарыстоўваюцца палітычныя мэханізмы, цэнтрам змаганьня робіцца парлямэнт, а вызначальная роля адведзеная тым парлямэнцкім фракцыям, якія вылучылі дасягненьне сувэрэнітэту як галоўную палітычную мэту. У канцы ХХ стагодзьдзя гэтая роля прыпала на парлямэнцкую фракцыю БНФ на чале з Пазьняком. Гэтыя палітыкі ды іх лідэр могуць падабацца альбо не падабацца, іх дзеяньні могуць і павінны аналізавацца, але гісторыю не перапішаш і іншыя імёны ў яе не падставіш.

Беларусь была адзінай постсавецкай краінай, дзе найвышэйшы заканадаўчы орган фактычна кантраляваўся тымі, хто адмаўляў незалежнае існаваньне краіны і дзяржаўнасьць мовы тытульнай нацыі. Арыентацыя абсалютнай большасьці дэпутатаў ВС ад першага да апошняга дня кадэнцыі 12-га скліканьня была накіраваная на Маскву — спачатку як на сталіцу СССР, потым — «братэрскай» Расеі.
Другая парадаксальная адметнасьць — дэпутаты ў большасьці не адчувалі сябе палітыкамі, успрымаючы наяўнасьць мандату выключна як спосаб ці то зрабіць уласную кар’еру ў выканаўчых структурах, ці наладзіць уласны бізнэс, ці, у лепшым разе, «выбіць» для калгасу, саўгасу ці заводу нейкія матэрыяльныя рэсурсы.

«Я ўвогуле да мікрафона не імкнуўся выходзіць… увогуле два разы выступаў ад мікрафона: калі ішлі перавыбары сьпікера і яшчэ да таго, у гадавіну Віскулёў. Я сказаў тады, што Віскулі — яшчэ большы ўдар па Беларусі, чым Чарнобыль», — прыгадвае сваё дэпутацтва ў ВС 12-га скліканьня былы першы сакратар Магілёўскага абкаму партыі і архітэктар праекту «Адзіны кандыдат-2001» Васіль Лявонаў (Работа над ошибками. Смоленск. 2003. с. 45). Зьвернем увагу не на ўспрыманьне дасягненьня незалежнасьці як катастрофы, а на стаўленьне да парлямэнцкай дзейнасьці, найвайжнейшай часткай якой ёсьць дыскусія.

Наагул, дыскусію прадстаўнікі партнамэнклятуры весьці ня ўмелі (за выключэньнем хіба што Краўчанкі, якога адразу ж прызначылі міністрам замежных справаў). Словы «сувэрэнітэт» ці «геапалітыка» гучалі для іх, як незнаёмыя тэрміны. Яны не былі палітыкамі і нават уявіць не маглі, што ім трэба займацца палітыкай. «Займацца палітыкай» — гучала як крамола. Гэта была прэрагатыва Палітбюро ЦК КПСС, ну, магчыма, першага сакратара ЦК КПБ, а дэпутатаў народ абраў — «зрабіць жыцьцё лепей»: то бок асфальтаваць вуліцы ў горадзе, дапамагаць калгасу здабываць камбікорм і гэтак далей. Яны проста «ціснулі на кнопкі» паводле ўказаньняў з ЦК КПБ, а пасьля 1991 году з Саўміну — і бралі большасьцю.

Фразы кшталту «геапалітычная сытуацыя», «абарона нацыянальных інтарэсаў» імі не ўспрымаліся. Аднак гэтыя дэпутаты паслухмяна галасавалі, калі ішоў загад ад прадстаўнікоў Савету Міністраў у парлямэнце, а пазьней аб’ядналіся ў групу «Беларусь», якая хутка набыла прыкметы фракцыі (хай і ня ў той ступені, як апазыцыя БНФ) — са сваім кіраўніцтвам і з парлямэнцкай дысцыплінай.

Толькі некалькі разоў парлямэнцкая большасьць прагаласавала радыкальна на карысьць сувэрэнітэту і дэмакратызацыі грамадзтва — калі на плошчы Незалежнасьці знаходзіліся дзясяткі тысяч людзей (жнівень 1991-га).

З аднаго боку, у параўнаньні зь іншымі прадстаўнікамі нацыянальнай эліты, дэпутаты ВС мелі непараўнальна большы ўплыў як на палітычныя працэсы, гэтак і на дзейнасьць дзяржаўных органаў улады. Гэтаму ў значнай ступені спрыяў сам дэпутацкі статус.

Дэпутаты БНФ даволі лёгка — калі б пажадалі — маглі б здабыць сабе, напрыклад, кватэру ў самым прэстыжным раёне Менску — дастаткова было зьвярнуцца да кіраўніцтва Саўміну. Да гонару дэпутатаў БНФ — ніхто гэтым не скарыстаўся (і таму калі Лукашэнку спатрэбілася запляміць апазыцыянэраў «карупцыяй», ён не знайшоў нічога, акрамя «іншамарак» Заблоцкага і Навумчыка — я быў купіў чатырнаццацігадовае аўто, якое літаральна сыпалася; машына Заблоцкага была не нашмат навейшая).

Але і дзеля грамадзкіх справаў (напрыклад, дапамогі нейкай газэце з паперай, тады гэта была вострая праблема) трэба было зьвяртацца да чыноўнікаў адпаведнага аддзелу Саўміну. У большасьці выпадкаў самы нізкапастаўлены чыноўнік райвыканкаму мог болей, чым дэпутат Вярхоўнага Савету — калі гэта дэпутат БНФ. Тут ужо працавала чынавенская, карпаратыўная салідарнасьць. З другога боку, пры гэтым дэпутат мог атрымаць аўдыенцыю ў старшыні Саўміну Кебіча (прычым, у той самы дзень і, як правіла, па-за чаргой) ці нейкага зь ягоных намесьнікаў, і звычайна на просьбы накладаліся станоўчыя рэзалюцыі. Менавіта такім чынам былі прасунутыя шмат якія ініцыятывы адукацыйна-культурніцкага характару (напрыклад, Кебіч падпісаў распараджэньне аб стварэньні Коласаўскага ліцэю).

Словам, можна было нечага дамагчыся, але толькі папрасіўшы Кебіча. Аднак зразумела, што па кожным пытаньні да прэм’ера ці віцэ-прэм’ера зьвяртацца ня будзеш (да таго ж, гэта апрыёры ставіла нас у сытуацыю пэўнай маральнай залежнасьці — неяк няёмка на наступны дзень пасьля такога візыту крытыкаваць прэм’ера з парлямэнцкай трыбуны).

Ня менш важная, чым заканадаўчая дзейнасьць (а паводле ўплыву на грамадзкую сьвядомасьць дык і непараўнальна больш выніковая), была прапагандысцкая праца дэпутатаў апазыцыі БНФ. Першыя сэсіі ВС ішлі ў жывой радыётрансьляцыі; пазьней тэлебачаньне і радыё перадавалі даволі падрабязныя рэпартажы з сэсіяў, а выступы ў «Розным» перадаваліся без купюраў аж да 1995 году. Менавіта з вуснаў дэпутатаў праз тэлерадыётрансьляцыю большасьць жыхароў Беларусі пачулі раней ім невядомыя гістарычныя факты, а галоўнае — аргумэнтацыю неабходнасьці сувэрэннага існаваньня.

Пра тактыку і дысцыпліну

Камуністы казалі, што ў апазыцыі існуе жорсткая дысцыпліна; усе галасуюць так, як скажа Пазьняк. Насамрэч палітычная тактыка выпрацоўвалася ў часе дыскусіяў, меркаваньне Пазьняка як палітычнага лідэра было, бясспрэчна, важнае, асабліва з улікам ягоных бязьмежных (азначэньне Васіля Быкава) аналітычных здольнасьцяў і нейкай надзвычайнай палітычнай інтуіцыі. Аднак я не сказаў бы, што з боку Пазьняка назіраўся «інтэлектуальны дыктат»: што да тактыкі, дык досыць часта пад уплывам іншых меркаваньняў ён зьмяняў пазыцыю (лінія на дзяржаўны сувэрэнітэт, вядома, заставалася непахіснай).

Тактыка дзеяньняў на сэсіі абіралася з улікам магчымых варыянтаў паводзінаў нашых апанэнтаў. Паколькі мы складалі 1/10 частку парлямэнту, дык усё даводзілася пралічваць вельмі дакладна. І ўжо калі тактыка прымалася — на сэсіі ў Авальнай залі яе трэба было трымацца ўсім. Вядома, часам пры абмеркаваньнях ці галасаваньні сытуацыя мянялася, раіцца не было калі, рашэньне даводзілася прымаць імгненна, і ў такіх выпадках вызначальнае слова заставалася, зразумела, за Пазьняком (але гэта — клясычны парлямэнцкі закон, які ў Брытаніі існуе ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў).

Падчас прыманьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце менавіта дакладна абраная тактыка прывяла да посьпеху (падрабязна пра гэта — пазьней).

Дэклярацыя аб сувэрэнітэце: пакуль што — у складзе СССР

Паказальна, што ў траўні 1990 году ў Сойме БНФ яшчэ вяліся дыскусіі наконт незалежнасьці.

«Супраць незалежнасьці цяпер выказаўся Юры Дракахруст. Людзі не гатовыя да аддзяленьня. («А хіба мы ўжо заўтра выходзім?» — кінуў рэпліку Ўладзімер Крукоўскі.) Таму незалежнасьць ня можа быць сёньня галоўным палітычным лёзунгам. «Трэба, — працягваў Ю. Дракахруст, — узьняць галоўны лёзунг цяперашніх пераўтварэньняў у ГДР: „Камунізм — больш ніколі!“ З-за лёзунгу незалежнасьці мы прайгралі выбары». Міхась Чарняўскі: «Нельга сказаць, што мы прайгралі выбары. Да выбараў мы ня мелі нічога, а цяпер маем дэпутатаў». (Свабода. Травень 1990. № 5–6).

Зазначу, што я ні ў якім разе не хачу закінуць Юр’ю Дракахрусту папроку ў жаданьні пазбавіць Беларусь незалежнасьці наагул; гаворка на Сойме ішла пра тое, што павінна быць спачатку — дэмакратызацыя альбо незалежнасьць. У нечым тая дыскусія паказальная, калі ўлічыць далейшае разьмежаваньне ў дэмлягеры па лініі «агульныя дэмакраты» — «незалежнікі».

11 траўня Сойм БНФ заявіў, што дасягненьне сувэрэнітэту немагчымае ў складзе СССР, а ў пачатку ліпеня 1990 году канфэрэнцыя БНФ прыняла праект Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

Спачатку дэпутаты-камуністы і чуць не хацелі ні пра якую дэклярацыю; пасьля прыняцьця аналягічнага дакумэнту Вярхоўным Саветам РСФСР пра яе неабходнасьць заявіў і старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей.

27 ліпеня была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.

Пазьней Станіслаў Шушкевіч будзе казаць, што дэпутаты БНФ ня бралі ўдзелу ў галасаваньні, сышлі з залі — некарэктна замоўчваючы вельмі істотныя акалічнасьці.

Па-першае, сама Дэклярацыя была напісаная дэпутатамі БНФ.

Па-другое, мы бралі ўдзел у абмеркаваньні ўсіх артыкулаў і галасаваньні па іх.

Прапанаваныя намі палажэньні Дэклярацыі, хоць і пасьля гарачых дыскусіяў, але, збольшага, прымаліся. Заставаўся апошні артыкул, у які прыхільнікі СССР жадалі ўключыць пункт аб неабходнасьці падпісаньня «саюзнай дамовы».

Да таго ж большасьць адмаўляла нашае патрабаваньне — надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы (гэта значыць, у выпадку супярэчнасьці Канстытуцыі і законаў СССР Канстытуцыі і законам Беларусі перавагу б мелі апошнія).

Узьнікала і яшчэ адна пагроза — пасьля паартыкульнага галасаваньня Дэклярацыя павінна была прымацца «ў цэлым», і тут магла пачацца рэвізія раней прынятых палажэньняў, іх выхалошчваньне (гэта было б парушэньнем рэглямэнту, але нязначным). Ішло да таго, што Дэклярацыя ўвогуле магла быць не прынятая. Так, дэпутат Леанід Козік (сябра Прэзыдыюму ВС, пры Лукашэнку — лідэр праўладных прафсаюзаў) падчас абмеркаваньня заявіў, што «калі мы прымем тую Дэклярацыю, дык яна накіраваная на 100 працэнтаў на прамы выхад з Саюзу».

У гэтых умовах Пазьняк прапанаваў дэпутатам БНФ, калі большасьць будзе настойваць на «саюзнай дамове» і адмовіцца ад канстытуцыйнасьці Дэклярацыі — выйсьці з Авальнай залі. Гэта мела б псыхалягічны эфэкт, заблытала б дэпутатаў, яны б дзейнічалі ад «супрацьлеглага» («насуперак» БНФ). У фракцыі БНФ адбылася дыскусія. Прапанова была вельмі рызыкоўная, але Пазьняку ўдалося пераканаць у яе слушнасьці; некалькі чалавек усё ж вырашылі пакінуць у залі ў якасьці назіральнікаў.

Фактычна, у той момант Пазьняк паставіў на карту свой аўтарытэт сярод калегаў і палітычную будучыню; калі б тактыка не спрацавала і Дэклярацыя была не прынятая, ці адбылася б рэвізія ўжо прынятых артыкулаў, ён успрымаўся б сваімі ж паплечнікамі як авантурыст. Аднак мэта сувэрэнітэту была нагэтулькі важная, што ён пайшоў на такую рызыку, будучы ўпэўнены, што пераможа.

Калі дайшлі да апошняга артыкулу, была адкінутая канстытуцыйнасьць Дэклярацыі і ўведзеная «саюзная дамова»; дэпутаты БНФ заявілі, што пакідаюць залю і ня ўдзельнічаюць у галасаваньні. Сабраліся ў памяшканьні за прэзыдыюмам, дзе па тэлевізары ішла трансьляцыя (той самы пакой, дзе ў час Машэрава зьбіралася ў перапынках сэсіяў вышэйшае кіраўніцтва).

Я быў сярод пакінутых назіральнікаў і бачыў, які эфэкт зрабіў выхад з залі двух дзясяткаў дэпутатаў на чале з Пазьняком на дэпутатаў-камуністаў: «Яны ня хочуць галасаваць! Ну дык мы прагаласуем».

У выніку Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР была прынятая (праўда, з «саюзнай дамовай» і без канстытуцыйнага статусу, што будзе выпраўлена ў жніўні 1991-га). Вядома, нават ва «ўсечаным» варыянце Дэклярацыя была значным крокам наперад —
да таго ж, на працягу двухдзённых дэбатаў 26–27 ліпеня нам удалося адстаяць некаторыя істотныя палажэньні, напрыклад, бязьядзернасьць Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0