Сусветны фінансава-эканамічны крызіс пацягнуў за сабой рост смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў у многіх краінах свету, уключаючы Беларусь. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 27 ліпеня ў Мінску заявіў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак.

Так, у 2009 годзе ў Беларусі ад сардэчна-сасудзістых захворванняў памерлі прыкладна 73 тысячы чалавек — амаль на 3 тысячы больш, чым у 2008 годзе. Зараз назіраецца тэндэнцыя зніжэння смяротнасці ад хвароб сістэмы кровазвароту.

Мрочак зазначыў, што пераходныя перыяды заўсёды найбольш балючыя для грамадства: парушаецца звыклы ход жыцця, частка людзей страчваюць перспектывы. Гэтак жа, паводле яго слоў, адбываецца абвастрэнне сардэчна-сасудзістых захворванняў у перыяды змены кліматычных умоў.

Сёння прыблізна 54% смяротных выпадкаў у краіне звязаны менавіта з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, паведаміў дырэктар цэнтра. Асноўнымі фактарамі рызыкі развіцця такіх хвароб Мрочак назваў курэнне, ужыванне алкаголю, стрэсы, павышаную масу цела, маларухомы лад жыцця і да т.п. Апрача таго, развіццё сардэчна-сасудзістых захворванняў можа быць абумоўлена спадчыннымі фактарамі і аб’ектыўнымі прычынамі — сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі, экалогіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?