26 верасьня 2006 г. а 21:30 у прэстыжнай залі Стакгольму «Elverket» зь вялікім посьпехам прайшоў канцэрт зоркі беларускага року – N.R.M. Заля была поўная. Сярод слухачоў былі швэды, беларусы рознага веку: ад прадстаўнікоў старой дыяспары да менскай моладзі, што гадавалася на музыцы Лявона Вольскага і сьпявала разам. Тры маладыя беларусачкі прыехалі на канцэрт адмыслова зь Лёндану. Абвестка пра канцэрт N.R.M. зьявілася ў буйнейшай штодзённай газэце Стакгольму «Stockholm City».

Канцэрт адбыўся як заканчэньне беларускага тэатральнага тыдня, што зладзіў Нацыянальны Драматычны Тэатар Швэцыі. Беларускі праект тэатар Швэцыі пачаў ў 2005 г. Скончыцца ён, паводле афіцыйнага сайту тэатру, «калі становішча ў Беларусі зьменіцца з дыктатарскага на дэмакратычнае». Сёлета на працягу двух дзён менскі Вольны Тэатар паказваў свае пастаноўкі стакгольмскай публіцы. Спэктаклі ішлі ў сынхронным перакладзе зь беларускай на швэдзкаю мову.

На канцэрце N.R.M. слухачом прапанавалі праграмку з тэкстамі найбольш вядомых сьпеваў гурту на швэдзкай мове – пералажыў іх у швэдзкую амбасадар Швэцыі ў Менску Сп.Стэфан Эрыксан. Вялі канцэрт Лявон Вольскі і Піт Паўлаў; а той файна перакладаў заўвагі Лявона на ангельскаю мову (прынцыповая заўвага: «Belarusian» вымаўляецца па ангельску як «беларусіян», а не «беларашыан», бо прыметнік паходзіць ад слова Беларусь, але не «Беларашыа»).

Апрача N.R.M., у канцэрце ўзяла удзел Руся – фантастычная сьпявачка з гурту Індыга зь песьняй «Чыстая, сьветлая». Лявон выканаў на біс свае хіты, між іншым, «Легкія-Лёгкія», і новую філязофскую песьню «Мінск-Менск». Панавала сьвяточная атмасфэра, луналі нацыянальныя сьцягі. Швэдзкія прадусэры зазначылі, што жадаюць запрасіць N.R.M. зноў.

Перад канцэртам Вольскі і Руся далі інтэрвію Радыё Швэцыі. Лявон, між іншым, зазначыў: «У маёй краіне моладзь змагаецца за нешта значна больш сур’ёзнае, чымся заходні моладзевы рух супраць Макдональдса». Руся на пытаньне пра звычайнае жыцьцё ў Беларусі зазначыла, што вонкава ўсё выглядае нармалёва. У адказ на дэбільнасьць і маразм афіцыйнага палітычнага і творчага стану таленавітыя і незалежныя людзі Менску стварылі свае гурткі і суполкі, якія даюць ілюзію, «што ты нібыта жывеш ў нармальнай краіне Эўропы, але... гэта толькі ілюзія».

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?