29.07.2010 / 14:14

На крок бліжэй да расійскага бунта 4

У Расіі закіпаюць радыкальныя пратэстныя настроі, і гэта можа быць небяспечным для ўсяго рэгіёну

«Не приведи Бог видеть русский бунт — бессмысленный и беспощадный» (А. Пушкін)

Учорашнія фотаздымкі з маскоўскага прадмесця Хімкі ўражаюць.

За адзін толькі мінулы тыдзень з Расіі прыйшлі навіны пра пагром маскоўскімі анархістамі хімкінскай адміністрацыі і атаку мясцовага насельніцтва на чачэнскую моладзь у дзіцячым лагеры на Кубані. Раней гэтым летам па расійскім інтэрнэце прагрымела гісторыя з так званымі прыморскімі партызанамі — групай адчайных радыкалаў, што сышлі ў лес і пачалі адстрэльваць міліцыянтаў. Што характэрна, дзеянні «партызанаў» выклікалі пераважна станоўчую рэакцыю ў расійскім грамадстве.

Гэткая актыўная агрэсія ў рэшце рэшт так ці інакш азначае пратэст супраць укаранёных у сённяшняй Расіі парадкаў — карупцыі, беззаконня, узурпаванасці ўлады.

Пратэст перастаў быць уласцівым адно толькі традыцыйнай палітычнай апазіцыі. Яўнымі апазіцыянерамі да ўлады пачалі сябе пазіцыянаваць вядомыя дзеячы поп-культуры, антыўрадавыя матэрыялы з’яўляюцца ў глянцавых маскоўскіх часопісах.
Як піша адзін пецярбуржскі аглядальнік, апазіцыйнасць увайшла ў Расіі ў моду. Але гледзячы на падзеі, не вельмі верыцца ў тое, што пратэст абмяжуецца толькі калонкай Эдуарда Лімонава ў люксусавым часопісе GQ, кліпам гламурнай спявачкі Каці Гардон альбо нават хуліганствам бліскучай «Арт-группы «Война».

Рана ці позна гэта мусіла пачацца.

Вялікая і непадкантрольная Расія — гэта не ўпарадкаваная напаўтаталітарная Беларусь, расійцы, якія «доўга запрагаюць, але хутка едуць», — гэта не памяркоўныя нардычныя беларусы.
Адсутнасць свабоды слова і адносна дэмакратычных выбараў на любым узроўні паступова спараджаюць у Расіі шматкроць апісаны эфект катла з заваранай крышкай, які перад нашымі вачыма паціху пачынае трышчэць.

Улады Расіі павінны, нарэшце, пачаць дзейнічаць у адпаведнасці з словамі прэзідэнта Мядзведзева і «мадэрнізаваць», як гэта цяпер эўфемічна называецца, «палітычную сістэму» краіны.

У тым сэнсе, што «мадэрнізаваць» яе хаця б да ўзроўня ельцынскага часу.
Іначай наступствы для Расіі і для ўсяго рэгіёна могуць быць непрадказальнымі.

Алесь Чайчыц

0
Цікаўны / Адказаць
08.08.2010 / 20:45
Яшчэ адзін экстрасекс з прадказаньнямі "сацыяльнага выбуху" ў расіі. Ды ні храна там ня будзе, Лондан можа спаць спакойна. Для бунта няма асновы: людзкой масы, яна сьпілася і забіла на ўсё. А пара-другая адмарозкаў на чале зь лімонавым эдзічкам пагоды ня зробіць. А ўсе лібералы толькі языком месьці, як памялом. Мы ўжо гадоў дваццаць чуем пра гэты самы выбух. А там усё горш і горш, і ніхто не выбухае, хоць людзей мораць без зарплат, гоняць з жытла, разводзяць на грошы.
0
Iгар / Адказаць
08.08.2010 / 21:59
Каментар амаль што пра выбары в Беларусi. Цiкаўны памылiўся адрасам?
0
Алесь Чайчыц / Адказаць
08.08.2010 / 23:06
Сацыяльныя выбухі, асабліва ў Расеі, яны такія - да апошняга моманту многім будзе здавацца, што нічога ня будзе
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру