1 жніўня набыла моц Канвенцыя ААН па касетных боепрыпасах. Яна была падпісаная ў Дубліне 30 мая 2008 года і адкрытая для далучэння ў Осла ў снежні таго ж года.

Удзельнікамі Канвенцыі з’яўляюцца 107 краін, 37 з іх яе ратыфікавалі. У адпаведнасці з дакументам кожная дзяржава-ўдзельніца абавязваецца ніколі і ні пры якіх акалічнасцях не прымяняць касетныя боепрыпасы; не распрацоўваць, не вырабляць, не набываць іншым чынам, не назапашваць, не захоўваць і не перадаваць нікому, прама або апасродкавана, касетныя боепрыпасы.

Беларусь пакуль не далучылася да канвенцыі.

Такую пазіцыю краіны ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН прадстаўнік міжнароднай кампаніі за забарону касетных боепрыпасаў, дырэктар ГА «Цэнтр СКАФ», член Грамадска-кансультатыўнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Юрый Загуменнаў растлумачыў дзвюма акалічнасцямі.

Па-першае, сказаў ён, гэта меркаванні нацыянальнай бяспекі. Па-другое, у краіны зараз маецца больш прыярытэтная задача — знішчэнне ў адпаведнасці са сваімі абавязацельствамі ў межах Атаўскай канвенцыі 3,5-мільённага арсенала супрацьпяхотных мір тыпу ПФМ-1.

З гэтай задачай не ўдаецца справіцца з 2004 года. Па выніках двух праведзеных тэндэраў Еўракамісія пакуль так і не змагла вызначыцца з выканаўцам работ, на якія гатова выдзеліць 4 мільёны еўра. Утылізацыя беларускіх запасаў ПФМ-1 павінна была завяршыцца ў 2008 годзе.

Паводле слоў Загуменнава, Беларусь раздзяляе гуманітарныя мэты канвенцыі, але пакуль не можа сабе дазволіць прыняць абавязацельствы, улічваючы жорсткія рамкі дакумента, у прыватнасці па тэрмінах знішчэння касетных боепрыпасаў. Такі падыход засноўваецца на вопыце выканання Атаўскай канвенцыі і Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, мяркуе спецыяліст.

Разам з тым, паведаміў Загуменнаў, Беларусь бярэ ўдзел у падрыхтоўцы «больш мяккага» праекта Пратакола аб забароне касетных боепрыпасаў да Канвенцыі ААН аб канкрэтных відах звычайнай зброі. Дакумент забараняе пэўныя віды звычайных узбраенняў, якія, лічыцца, наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбіральнае дзеянне. Праца вядзецца сумесна з краінамі, якія не далучыліся да базавай канвенцыі, — ЗША, Расіяй, Кітаем, Індыяй і іншымі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?