Новы дакументальны фільм пра кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнку паказвае яго як нягеглага тырана, зачараванага Гітлерам і Сталіным. У фільме ён абвінавачваецца ў забойствах палітычных апанентаў, ціску на СМІ і фальсіфікацыях выбараў у сваёй разгубленай краіне, узятай у пастку савецкай спадчыны.

Гадамі актывісты праваабарончых рухаў і чальцы заходніх урадаў высоўвалі аналагічныя абвінавачанні.

Але апошні залп супраць Лукашэнкі прагучаў з нечаканай крыніцы — дзяржаўных тэлеканалаў Расіі.

Дакументальны фільм з’яўляецца часткай шырокай прапаганды вайны, якая ўспыхнула паміж Расіяй і Беларуссю, дзвюма былымі савецкімі рэспублікамі, якія некалі былі на шляху да аб’яднання.

Дакументальны фільм «Хросны Бацька», што выйшаў у эфір на НТВ Расіі, стаў, здаецца, сігналам, што шлюб афіцыйна скасаваны.

Узаемнае паліванне брудам праз падкантрольныя ўрадам абедзвюх краін СМІ цягам апошніх тыдняў адлюстроўвае ўзрослую напружанасць у адносінах паміж імі. Апошні канфлікт успыхнуў у чэрвені праз нязгоду наконт цэнаў за газ і працягнуўся, калі Лукашэнка амаль унікнуў уступлення ў планаваны мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана — любімы праект прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна.

Гадамі Крэмль падтрымліваў Лукашэнку на выбарах, якія незалежныя назіральнікі называюць сфальсіфікаванымі, а таксама ігнараваў гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні апазіцыі. Масква ўмацоўвала ўрад Лукашэнкі пагадненнямі наконт таннага прыроднага газу і зніжаных мытаў на нафту, якія Беларусь ачышчала і перапрадавала. Пра расійскія датацыі вядоўца ў фільме кажа: «Гэта галоўны сакрэт беларускага эканамічнага цуду».

У сваю чаргу, Крэмль, здаецца, атрымаў за гэта толькі галаўны боль. На закіды наконт цэнаў на газ Беларусь адказала каротка — спыненнем транзіту газу ў Заходнюю Еўропу.

Лукашэнка не пайшоў у нагу з палітыкай Расіі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.
Ён даў прытулак экс-прэзідэнту Кыргызстана Курманбеку Бакіеву, які быў пазбаўлены ўлады ў красавіку пасля крывавага бунту, відавочна, справакаванага Масквой. Ён таксама не пайшоў за Крамлём у прызнанні незалежнасці дзвюх сепаратысцкіх грузінскіх анклаваў — Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

«Ён атрымаў велізарную суму грошай, з якімі быў у стане падтрымліваць эканоміку Беларусі, яе эканамічны рост і дабрабыт свайго народа — і не даў нічога наўзамен, — сказаў у мінулым месяцы ў інтэрв’ю радыё „Эхо Москвы“ расійскі апазіцыйны палітык Уладзімір Рыжкоў. — Здаецца, кіраўніцтва Расіі вырашыла, што так і ёсць».

Выступаючы перад журналістамі апошнім часам, Пуцін перамяншаў значэнне кампаніі ў СМІ.

«Я не бачу ніякіх прыкметаў інфармацыйнай вайны. Можа, таму, што я амаль не чытаю перыядычных выданняў і не сачу за электронным СМІ апошнім часам», — сказаў Пуцін. Аднак пра Лукашэнку выказаўся больш катэгарычна: «Калі справа даходзіць да грошай ці энергарэсурсаў, кожны хоча атрымаць ад Расіі нешта на дурніцу, а калі не атрымліваецца, узнікае раздражненне».

Толькі тыя, хто мае спадарожнікавыя талеркі, маглі паглядзець фільм у Беларусі, хаця ён лёгка даступны на YouTube. І ў савецкіх традыцыях самвыдату людзі запісвалі фільмы і распаўсюджвалі запісы далей, зазначыў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.

Лукашэнку, зразумела, не спадабалася. Ён сказаў, што «абражаны» фільмам.

«Я ведаю, хто дае гэтыя каманды і рэгулюе гэтыя працэсы», — сказаў ён у заяве на сваім вэб-сайце.

Неўзабаве пасля гэтага Беларусь адкрыла агонь у адказ, апублікаваўшы ўрыўкі вельмі крытычнага дакладу пра Пуціна, напісанага расійскімі апазіцыйнымі дзеячамі, у адной з беларускіх дзяржаўных газет. «Дзікунства стала нормай у расійскім грамадстве», — піша газета ў каментары да публікацыі.

Першы канал беларускага тэлебачання, падкантрольны ўраду, паказаў інтэрв’ю з прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі, які ганьбаваў расійскіх лідэраў — і які сам з’яўляецца аб’ектам крытыкі расійскіх дакументальных стужак.

У сваім інтэрв’ю Саакашвілі назваў фільм пра Лукашэнку крывадушным, адзначыўшы, што па палітычных забойствах Расія ідзе паперадзе Беларусі. «Гэта патыхае прапагандай вайны», — заявіў Саакашвілі.

У адказ на інтэрв’ю спікер расійскага парламента Барыс Грызлоў, абвясціў Саакашвілі па-за законам і прапанаваў зрабіць так, каб для Беларусі гэта не прайшло без наступстваў.

«Любы, хто дае Саакашвілі магчымасць адчуць сябе прэзідэнтам, у тым ліку ў іншай краіне, прымае рашэнне, якое можа паўплываць на адносіны з Расіяй», — сказаў ён.

Адмова Расіі ў падтрымцы, безумоўна, не прадказвае Лукашэнку нічога добрага на прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе.
Некаторыя расійскія палітычныя аналітыкі зазначаюць, што кампанія ў СМІ можа сведчыць пра пачатак спробаў пазбавіць яго ўлады.

Насамрэч, некаторыя беларускія апазіцыйныя лідэры ездзілі ў Маскву ў мінулым месяцы, дзе правялі неафіцыйную сустрэчу з расійскімі чыноўнікамі, уключаючы міністра фінансаў Расіі, і сябрамі партыі Пуціна «Адзіная Расія».

Расійскаму «мяккаму ўціску» ў выглядзе кампаній у СМІ і эканамічнага ціску прыпісваецца дапамога ў пазбаўленні ўлады ў красавіку прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Аднак Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо 16 гадоў, уяўляецца, больш трывала трымаецца за яе, чым трымаўся ягоны кіргізскі калега.

Тым не менш, магчымасць атрымання падтрымкі Крамля ўжо прывабіла некаторых прадстаўнікоў апазіцыі ў Беларусі.

«Гэта ўнікальная сітуацыя, калі Еўропа і Расія могуць дамовіцца аб правядзенні беларускай прэзідэнцкай кампаніі, — кажа Яраслаў Раманчук, які збіраецца балатавацца на пасаду прэзідэнта. — Гэта першы раз у гісторыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?