У 1990-х менавіта на вуліцах Менску, дзякуючы самаахвярнасьці дзясяткаў тысячаў простых грамадзянаў Беларусі, быў спынены ганебны гандаль нашай Незалежнасьцю. Дэмакратыя таксама можа быць здабыта толькі на вуліцах, піша з высылкі Мікалай Статкевіч.

Відавочна, што зьмена ўлады ў Беларусі праз выбары пры гэтым рэжыме ўжо немагчымая. Відавочна таксама, што вяртаньне Беларусі да дэмакратыі мэтадамі, законнымі з гледзішча сёньняшняга рэжыму, таксама немагчымае. Ён усталяваў такія законы, якія дазваляюць кваліфікаваць любое дзеяньне, скіраванае да дэмакратыі, як незаконнае ці нават «злачыннае».

У такой сытуацыі дэмакратычныя сілы ня маюць іншага выйсьця, як шукаць альтэрнатыўныя, ня выбарчыя сродкі дэмакратызацыі. Вопыт дэмакратызацыі краінаў Усходняй Эўропы ў канцы 1980-х дае вялікі досьвед магчымых варыянтаў пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі. Дэмакраты абавязаны скарыстоўваць любую нагоду... Безумоўна, яны ня маюць права не скарыстаць для адной з такіх спробаў арганізаваны рэжымам рытуал пралянгацыі ім свайго існаваньня пад умоўнай назвай «прэзыдэнцкія выбары». Гэты рытуал палітызуе грамадзтва, спараджае ў яго спадзеў на зьмены і разьмяшчае Беларусь у фокусе міжнароднай увагі. Таму дэмакратычныя сілы краіны аб’ядналіся, вылучылі адзінага кандыдата і заявілі аб гатоўнасьці «бараніць сваю перамогу» на вуліцах Менску. Далейшае разьвіцьцё падзей можа ісьці па двух сцэнарах.

Сцэнар А. Улада рэгіструе адзінага кандыдата.

Пры разьвіцьці падзей па такім сцэнары дэмакратычным сілам неабходна весьці дзьве кампаніі. Адна зь іх — звычайная электаральная. Яе мэта — карыстаючыся нагодай, прэзэнтаваць перад беларускім грамадзтвам альтэрнатыўны, эўрапейскі шлях разьвіцьця краіны і сілы. Трэба адразу разумець, што гэтая кампанія аніяк ня здольная паўплываць на афіцыйныя вынікі «выбараў». Нават сацыялягічным апытаньням нельга верыць, бо яны ня ўлічваюць усё большы «рэйтынг страху» апытаных, калі людзі баяцца шчыра адказваць на пытаньні сацыёлягаў. А ёсьць яшчэ «рэйтынг страху» саміх сацыёлягаў, і ён таксама расьце.

Другая, асноўная кампанія павінна быць скіравана на актыўную, дэмакратычна настроеную маладую частку насельніцтва Менску і буйных гарадоў. Мэта гэтай кампаніі — мабілізацыя як мага большай колькасьці людзей, гатовых адстойваць свой выбар.

Сцэнар Б. Улада не рэгіструе адзінага кандыдата. У такім выпадку дэмакратычныя сілы маюць пра- ва абвесьціць байкот. Яны атрымоўваюць магчымасьць сканцэнтраваць усе свае рэсурсы на арганізацыю вулічных акцый. Праводзіць гэтыя акцыі можна будзе не чакаючы завяршэньня «выбарчай кампаніі».

Рэгістрацыя іншых кандыдатаў, якія таксама пазыцыянуюць сябе як дэмакраты, нічога не мяняе. Усе гэтыя кандыдаты ўжо пасьпяшаліся заявіць, што будуць скарыстоўваць толькі «законныя» мэтады. Іхнія заявы — гэта найперш мэсыдж да ўлады, згода на ролю «тэхнічных» кандыдатаў. У лепшым выпадку потым яны будуць здольныя абвесьціць аб скрадзенай у іх перамозе, у горшым — павіншаваць кіраўніка рэжыму з «сумленнай перамогай».

Воля для Беларусі будзе здабыта на вуліцах Менску. Час для гэтага прысьпявае. У канцы 1990-х менавіта на вуліцах Менску, дзякуючы мужнасьці і самаахвярнасьці дзясяткаў тысячаў простых грамадзянаў Беларусі, быў спынены ганебны гандаль нашай Незалежнасьцю.

Тады мы не маглі ісьці да канца, бо адчувалі нетрываласьць беларускай дзяржавы, за якой тады не было Нацыі. Незалежнасьць дасталася нам выпадкова, як падарунак пакаленьню, якое яе не заслужыла. Але тысячы людзей пад ударамі міліцэйскіх дубінак і на нарах Акрэсьціна аплацілі гэты рахунак.

Як мы і спадзяваліся, пануючы рэжым, дзякуючы непазьбежнаму імкненьню любой улады да самазахаваньня, даў беларускай нацыі час дафармавацца. Не сакрэт, што галоўнай праблемай масавай беларускай самаідэнтыфікацыі ў пачатку 1990-х гадоў была яе неасобнасьць ад расейскай.

Сам факт 14-гадовага існаваньня асобнай беларускай дзяржавы вырашыў гэтую праблему. Нават палітыка і прапаганда рэжыму спачатку міжволі спрыяла «дэрасеізацыі» масавай сьвядомасьці, а зараз спрабуе ўжо сьвядома скарыстоўваць патрыятычныя пачуцьці. Незалежнасьць — незваротная, бо зараз яна абапіраецца на пачуцьце беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці большасьці насельніцтва краіны, на адчуваньне асобнасьці нашага супольнага лёсу.

Паноўны рэжым, наадварот, зрабіўся перашкодай на шляху разьвіцьця нацыі. Ён перашкаджае мадэрнізацыі народнай гаспадаркі, закрывае нам шлях у Эўропу, перасьледуе нацыянальную культуру. Урэшце, увесь будынак сёньняшняй улады збудаваны на давальнай далоні Крамля, які сваімі мільярднымі датацыямі спрыяў захаваньню і ўмацаваньню беларускага рэжыму, а зараз патрабуе разьлічыцца. Пальцы гэтай далоні цяпер сьціскаюцца вакол стратэгічна важнага «Белтрансгазу» і нацыянальнай валюты, пагражаючы ператварыцца ў нафта-газавы кулак.

У нас ужо ёсьць свой Дом — незалежная Дзяржава. Прыйшоў час наводзіць парадак у сваім доме. Калі Беларусь стане вольнай — залежыць толькі ад мужнасьці, самаахвярнасьці і волі яе сыноў і дачок. Усё вызначыць наша воля і наша прага да Волі.

Баранавічы

Скарочана. Поўны тэкст артыкулу будзе надрукаваны на сайце www.bsdpng.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0