Супрацоўнікі баранавіцкай міліцыі ў ходзе праведзеных апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрымалі браканьера, на расьцяжцы якога, усталяванай у лесе, падарвалася 22-гадовая дзяўчына. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы інспэктар Баранавіцкага ГАУС Натальля Сідзельнік.
Паводле яе словаў, здарэньне адбылося недалёка ад вёскі Малая Сваротва, калі дзяўчына разам з сваім хлопцам зьбірала ў лесе грыбы. Як было выяўлена, спрацавала саматужнае прыстасаваньне – расьцяжка, якая спрацоўвае паводле прынцыпу самастрэлу пры дакрананьні. Ад выбуху дзяўчына атрымала цяжкія раненьні. Дзякуючы вытрымцы і граматным дзеяньням юнака, які вынес сваю сяброўку зь лесу на руках, яна была своечасова дастаўленая ў больніцу на машыне хуткай дапамогі. Цяпер ёй лепшае.
Расьсьледаваньне па гэтым факце праводзіць Баранавіцкае РАУС. Пачатая крымінальная справа па артыкуле «прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў з-за неасьцярожнасьці». Ня выключана, што справа будзе дапоўненая артыкулам за выраб самаробнага выбуховага прыстасаваньня.
Як выявілі супрацоўнікі міліцыі, затрыманы мясцовы жыхар, 1937 году нараджэньня, у мінулым – паляўнічы. Ён прызнаўся ва ўчыненым. Паводле наяўных зьвестак, прыкладна каля 15 апошніх гадоў ён займаўся падобным браканьерскім промыслам, зьвязаным з вырабам саматужных выбуховых прыстасаваньняў.