Здаровы кавун заўсёды іскрыцца крупінкамі.

Надышла пара актыўнага гандлю кавунамі і дынямі. Гэтыя паўднёвыя ласункі заўсёды дарэчы на нашых сталах. Аднак каб атрымаць сапраўдную асалоду ад вялікай ягады, трэба ўмець правільна выбраць самы сакавіты і спелы кавун.

Нягледзячы на вялікую колькасць народных назіранняў, вызначыць спеласць кавуна няпроста. Спецыялісты сцвярджаюць, што абсалютна дакладных крытэрыяў тут няма. Першае, на што трэба звярнуць увагу, дык гэта на лупіну паласаціка. Яна заўсёды павінна быць насычанага колеру і вельмі шчыльнай. Кавун павінен быць з сухім хвосцікам і выдаваць звонкі гук пры пастукванні А калі вы сцісніце яго дзвюма рукамі — спелы затрашчыць.

Адна з істотных прыкмет якасці — жоўты (а не белы) колер земляной пляміны на баку кавуна. Акрамя таго, можна пацерці бок і панюхаць яго.

Калі прыбіўся пах свежаскошанай травы, не бярыце тавар. Знаўцы сцвярджаюць: такі водар не павінен ісці ад кавуна. Не павінна быць і рыхлай мякаці і сарцавіны нават у пераспелай ягады. Апошняе можна праверыць толькі разрэзаўшы кавун.

Аднак гэтага якраз рабіць нельга.

Прычына ў тым, што на паверхні кавуна знаходзіцца вельмі шмат узбуджальнікаў кішэчных інфекцый, якія пры парушэнні цэласнасці лёгка пранікаюць у мякаць і ствараюць сур'ёзную пагрозу здароўю тых, хто вырашыў паспытаць сакавітую ягаду. Тым больш такія маніпуляцыі небяспечныя, калі няма ўмоў памыць і кавун, і нож, якім яго надразаюць. Вядома, што бахчавыя захоўваюць і перавозяць далёка не ў стэрыльных умовах. Таму санітарнымі нормамі нашай краіны, а таксама правіламі гандлю на рынках, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў, забаронена рэалізацыя бахчавых культур у разрэзаным і надрэзаным выглядзе.

Яшчэ кавуны схільныя да назапашвання хімікатаў, якія былі выкарыстаны пры іх вырошчванні. Гаспадары для паскарэння саспявання кавуноў часта шчодра падкормліваюць іх "хімічнымі" вітамінамі, каб сабраць за сезон 2-3 ураджаі. А калі кавун не дацягвае па колеры, яму робяць усяго адзін укол марганцоўкі. Безумоўна, партыі такіх "мутантаў" бракуюць. Але ўсё ж верагоднасць набыць невядомага паласатага гіганта ёсць.

Як жа вызначыць, перакормлены кавун нітратамі ці не?

Калі ў разрэзаным выглядзе вы бачыце чырвоную мякаць з лёгкім адценнем ліловага колеру, то гэта "ліпавы" кавун. Пры лішку нітратаў і нітрытаў у мякаці можна знайсці жаўтаватыя згушчаныя ўчасткі. Пражылкі ў мякаці таксама пры гэтым маюць жоўты колер. А на думку знаўцаў, яны павінны быць толькі белымі.

Здаровы кавун заўсёды іскрыцца крупінкамі, а перакормлены хіміяй — блішчыць на святле. А калі апусціць кавалачак адрэзанай ягады ў шклянку з чыстай вадой і яна пры гэтым памутнее і не афарбуецца ў ружовы ці чырвоны колер, значыць, кавун удалы.

Ужыванне ў ежу "хворага" гіганта можа мець сур'ёзныя наступствы, сярод якіх страўнікава-кішачная дысфункцыя, што асабліва небяспечна для дзяцей. Праблемы са здароўем пачынаюцца з галаўнога болю, галавакружэння, пачырванення твару і шыі, а таксама чырвоных кругоў пад вачыма. Калі пасля ўжывання кавуна з'явілася хоць бы адна з гэтых прыкмет, тэрмінова звяртайцеся па медыцынскую дапамогу.

А вось добрая, спелая, сакавітая ягада не толькі смачны ласунак, яна яшчэ і цудоўная лекарка.

Кавун змяшчае цукры, якія лёгка засвойваюцца, — глюкозу і фруктозу, арганічныя кіслоты, калій, жалеза, карацін. Акрамя таго, у кавуне шмат фоліевай кіслаты, клятчаткі, пекцінаў. Ён можа выводзіць з арганізма шчолачную мачу і таму з'яўляецца адным з самых лепшых ачышчальнікаў нырак. Кавун таксама — унікальны прыродны сродак для пазбаўлення ад сімптомаў інтаксікацыі, якая ўзнікла ў выніку якога-небудзь захворвання, атручэння ці істотнай выпіўкі, або іх палягчэння.

Клятчатка мякаці кавуна садзейнічае аднаўленню кішэчнай флоры, паляпшае страваванне і садзейнічае вывядзенню халестэрыну. Дыетолагі раяць праводзіць кавуновыя разгрузачныя дні людзям, якія пакутуюць ад атлусцення, падагры.

Вітаміны і мікраэлементы, наяўнасць вялікай колькасці вады і лёгказасваяльных цукроў даюць магчымасць прымяняць кавуны ў лячэбным харчаванні пры малакроўі, для стабілізацыі абменных працэсаў у печані, кавуны перашкаджаюць камнеўтварэнню ў жоўцевым пузыры, дапамагаюць пры ацёках, звязаных з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы і нырак.

У народнай медыцыне прымяняюць высушаную лупіну, з якой гатуюць адвар у суадносінах 1:10. Свежую ці сухую яе часам выкарыстоўваюць для лячэння калітаў у дзяцей.

Аднак перш чым скарыстаць гаючыя якасці гэтага зялёна-паласатага волата, трэба параіцца з урачом, бо існуюць і супрацьпаказанні для кавуновых дыет. Гэта прыроджаныя анамаліі мочапалавой сферы, адэнома прастаты, пасляаперацыйныя спаечныя працэсы. Не варта захапляцца кавуновымі чысткамі пры наяўнасці ў нырках камянёў вялікіх памераў. Пад уплывам соку кавуна яны могуць, да канца не растварыўшыся, крануцца з месца, а гэта пагражае ныркавай колікай. Хворым на цукровы дыябет, нават калі ім вельмі хочацца пакаштаваць цукровы цуд, можна ўжываць яго ў вельмі абмежаванай колькасці — з улікам сутачнай нормы цукру.

Дарэчы, тым, хто пакутуе ад мочакаменнай хваробы, не варта цягнуць у сумцы адразу шмат кавуноў — фізічная нагрузка таксама можа выклікаць прыступ ныркавай колікі.

Купіўшы кавун, яго трэба вымыць цёплай вадой з мылам. Гэтая простая мера дапаможа пазбегнуць кішэчнай інфекцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?