04.08.2010 / 17:14

Беларусь — расійскі Ізраіль 9

Беларускае кіраўніцтва будавала адносіны з Расіяй на ўзор амерыканска-ізраільскага хаўрусу. Піша Сяргей Богдан.

Беларускае кіраўніцтва будавала адносіны з Расіяй на ўзор амерыканска-ізраільскага хаўрусу.

Надоечы расійскі прэм’ер Пуцін намякнуў, маўляў, Беларусі «хочацца атрымаць штосьці на дурняк ад Расіі, а калі не выходзіць, узнікае раздражненне». Аднак расійскі бок дэманструе нашмат большае жаданне мець ад Беларусі істотныя палітычныя і стратэгічныя выгады і нічога за іх не плаціць.

Расійскія СМІ кажуць, што беларускае кіраўніцтва сваімі інтэграцыйнымі абяцанкамі толькі выманьвала ў Масквы эканамічныя выгады. Маўляў, нафта ўзамен на братэрскія пацалункі. Аднак яны забываюць, што і Расія мела з таго істотную для сябе карысць — кавалак імперскага прэстыжу. У той час як ад Расіі сыходзілі ўсе, хто толькі мог сысці, Мінск паслужліва іграў ролю васала. Наколькі важна гэта было для расійскай эліты — цяжка ўявіць сабе чалавеку з неімперскай нацыі.

Сябруючы з Расіяй, Беларусь і сама плаціла высокую цану. Бо яна выбрала расійскую арыентацыю на шкоду іншым верагодным варыянтам — накшталт нейтральнасці або руху ў напрамку Еўрасаюза і НАТО.

Баланс выгады ды стратаў ад хаўрусу з Крамлём выглядае ўсё менш апраўданым. Расійскае кіраўніцтва спадзяецца, што Лукашэнку няма куды падацца пасля таго, што ён (з маскоўскай дапамогай) зрабіў з беларускай палітыкай і палітычнай сістэмай пасля рэферэндуму 1996 года. Але, праўдападобна, Лукашэнка ўжо наладжвае сувязі з апанентамі і канкурэнтамі Расіі. Тым не менш, Расія ўпарта спрабуе ставіць на шантаж і бізун і сквапнічае на перніках.

Публіцыст выдання «Газета.ru» Віталь Портнікаў падагульніў сітуацыю: Расія не гатовая плаціць за сваю імперыю. Анягож, імперыя — гэта не толькі эксплуатацыя падданых і фанфары на парадах, але і пэўныя намаганні з боку імперскага цэнтра ды дамоўленасці з саступкамі.

Масква хоча мець усе выгады імперыі і не траціцца на яе.
Аднак прызнаць тое не спяшаецца.

Салжаніцын калісьці роспачна ўсклікнуў: «Няма ў нас сілаў на Імперыю! — і не трэба, і хай зваліцца яна з нашых плеч: яна трушчыць нас, і высмоктвае, і прыспешвае нашу гібель», праўда, маючы на ўвазе неславянскія землі. Цяпер прыйшоў час расейцам адмовіцца і ад Беларусі з Украінай.

Адначасова з тым і Лукашэнку даводзіцца перажыць паступовы балючы працэс адмовы ад уласнага бачання Беларусі ў арбіце Расіі. Зазнаўшы ў самым пачатку 2000-х паразу ў мегапраектах аднаўлення СССР, пабудовы геапалітычных восяў ад Пекіна да Гаваны ды заваёвы Крамля, беларускае кіраўніцтва пачало схіляцца да пабудовы адносінаў з Расіяй на ўзор амерыканска-ізраільскага хаўрусу.

Летась у гутарцы з Праханавым беларускі кіраўнік наўпрост заклікаў да пераймання ізраільскай мадэлі: «Амерыканцы фінансуюць Ізраіль, выдаючы столькі крэдытаў, колькі тыя могуць ператравіць, а потым іх спісваюць. ...Мы ж для вас больш, чым Ізраіль для Амерыкі. Мы — частка вашае абароны, частка вашае бяспекі».

Матывацыя яго здаецца зразумелай. Параўноўваць глабальную вагу Беларусі і Расіі ў эканамічным, палітычным ды іншых вымярэнннях недастаткова для разумення беларуска-расійскіх адносінаў, як і параўноўваць вагу ЗША і Ізраіля. Бо нашмат большае значэнне будуць мець эмацыйныя повязі. Таму, мяркуе кіраўніцтва Беларусі, чаму мы не можам мець бясконцы крэдыт, дапамогу і бязмежнае дараванне ад Крамля?

І тут беларускі лідэр пралічыўся. ЗША ніколі не паставяць пад сумнеў незалежнасць Ізраіля і яго самастойнасць у палітыцы, успрымаючы яго як найбліжэйшую, але іншую краіну. А для расійцаў Беларусь — адламаны кавалак іх імперыі. Як Косава для Сербіі.

На гэта накладаецца яўная слабасць беларускага лобі ў Маскве, якое павінна было б ператвараць тыя сантыменты ў палітычныя дзеянні. Мінск пацярпеў паразу і ў сваёй стаўцы на рэгіянальныя расійскія эліты, і ў сваёй падтрымцы расійскіх правых рэваншыстаў. Зрэшты, ён ніколі і не меў шанцаў стварыць сваё лобі ў Маскве, бо і дагэтуль яму бракуе замежнапалітычных кадраў і экспертызы.

Разважаць пра шкоднасць ці аблуднасць такой замежнай палітыкі Лукашэнкі бессэнсоўна дый проста позна. Ён выбраў адну з опцыяў, вызначаючы замежнапалітычны курс і прывязваючы яго да сваіх унутрыпалітычных амбіцыяў. Але і ўспрымаць прастадушна кпіны расійскага прэм’ера з «халяўшчыкаў»-беларусаў не варта. Бо за ўсё, што Расія дала ў 1990-х і 2000-х, Мінск заплаціў «з коптарам». І Расія атрымала за свае «дарункі» тое, што ёй было патрэбна. Таму гэта быў узаемна выгадны абмен таварамі і паслугамі. Усё мела сваю цану, а прададзены тавар назад не вярнуць.

Сяргей Богдан

0
Уладзiмiр / Адказаць
04.08.2010 / 17:48
Як Косава для Сербіі ______________________ Хутчэй, як Чарнагорыя для Сербii
0
Сямён / Адказаць
04.08.2010 / 18:21
Наколькі гэта было важна для расейскай эліты – відаць, расейскай эліце найлепш і судзіць. Усё ж з аднаго боку ішоў паток жывых грошай, якія і ў Афрыцы грошы, з другога – паслугі палітыка-псыхалягічнага кшталту, якія цяжка было і ёсьць прадаць камусьці іншаму. Таму натуральна, што іх кошт і карысьць вызначае пакупнік. Зараз ён выказвае незадаволенасьць, магчыма таму, што ўспрымаў зробленыя паслугі ўсяго як абяцаньні паслугаў больш істотных. Таксама спрэчнай выглядае спроба аўтара вымяраць карысьць саюзу з Расеяй праз кошт альтэрнатывы. Ня думаю, што рэдакцыя НН плаціць спадару Богдану дадатковы ганарар за тое, што ён мог бы надрукаваць свае развагі ў «Белгазете» ці «Советской Белоруссии». Па-першае, невідавочна, што мог бы, а па-другое, ня факт, што гэта дала б яму большы даход і асалоду, чым публікацыя ў НН
0
Dzianis / Адказаць
04.08.2010 / 18:25
такімі загалоўкамі мазгі зламаць можна чытачам)
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру