На алёшчынскай эстакадзе, зваранай з чыгуначных рэек, ля сходняў, дзе прыбіты плякат «Пабочным асобам уваход забаронены», любы ахвочы можа памацаць жалезнае сьведчаньне партызанскае мэнтальнасьці беларусаў. Меншая за савецкі стандарт рэйка з штампам «Krupp», сымбалем з трох колцаў і датай — 194... У 194... якім годзе прамысловасьць Трэцяга Райху вырабіла гэты чыгунны Drang nacht Osten, высьветліць немагчыма — рэйка абрэзаная на самым інтрыгоўным месцы.

Лясная Полаччына ў ІІ сусьветную была адным з цэнтраў партызанскага руху. Праўда, аповеды тутэйшых старажылаў розьняцца ад мітаў афіцыйнае савецкае прапаганды.

У 1941 г., калі немцы атачылі на матацыклах у полі першых «партызанаў» — мясцовых камсамольцаў, якім партыйцы выдалі паляўнічыя дубальтоўкі, пасьля загаду «зброю ў кучу!» прагучала нечаканае «А ну дахаты, да маткі!». Аднак пасьля таго, як з Масквы сюды закінулі энкавэдэстаў і пачаліся дывэрсіі, фашысты пачалі плянамерны тэрор сярод мірнага насельнітва.

Кажуць, што ў 1942-м закінутую каляіну чыгункі на Невель, якой немцы не карысталіся й, натуральна, не ахоўвалі, партызаны ўзрывалі найбольш ахвотна — і да 1943 г. зьнішчылі амаль цалкам. Затое ў Маскву штотыдня ішлі шыфроўкі: «узарвана яшчэ столькі й столькі мэтраў чыгуначнага палатна».

Адзін зь мясцовых жыхароў перадаў мне некалькі цікавых дакумэнтаў 1942—1944 гг., што тычаць партызанскага руху на Полаччыне. Сярод іх — даведка па-расейску: «Рэзкін П.І. ёсьць камандзірам партызанскай групы. Даведка дзейная па 15 верасьня 1942 г.». Дата — 1 верасьня 1942 г., подпіс начштабу, і штамп: «Даплаціць. Юравічы». Пасьля вайны паводле даведкі з двухсэнсоўным зьместам камандзіра групы прызначылі кіраўніком участку Полацкага леспрамгасу. Да стырна БССР прыходзіў «партызанскі клан».

Партызанская генэтыка сіценцаў невыкараняльная. Калі пару гадоў таму сюды прыехаў міліцэйскі нарад утаймоўваць некалькіх мясцовых, тыя зладзілі аблогу, прымусілі ахоўнікаў правапарадку расстраляць усе патроны з табэльных пісталетаў, саму зброю паадбіралі, «захопнікаў» павязалі, упіхнулі ў «козьлік» і давай штурхаць да бліжэйшага возера. Паглядзець, ці паплыве... Небаракаў выратаваў егер, паабяцаўшы «партызанам» гарэлку. А зусім нядаўна ля вёскі даішнікі спынілі машыну лесавікоў, што ішла юзам, і запатрабавалі ў захмялелага вадзіцеля правы. У адказ «лясныя браты» завялі бэнзапілы. Больш посту аўтаінспэкцыі там ня бачылі...

Партызанка — адказ загнанага ў кут беларуса. Нацыянальны супраціў тоіцца ў глыбіні душы, сярод гушчароў і балотаў, у самых нетрах. Таму ён непераможны. Але сыход у лес сам па сабе ня ёсьць выйсьцем — ён хіба здольны зрабіць невыносным жыцьцё і ворага, і мірнага насельніцтва, і саміх «партызанаў».

Вось і зараз многія з нас так і сыходзяць, бы ў лес — хто ў сябе, хто ў запой, хто ва ўласныя мроі, хто ў кансьпірацыю... І сядзяць у гэткай партызанскай зоне, чакаючы «вызваліцеляў».

Савецкія энцыкляпэдыі паведамляюць, што ўвосень 1943 г. беларускія партызаны кантралявалі 60% плошчы Беларусі. Вось такі нацыянальны парадокс, большасьць тэрыторыі — партызанскія зоны, а ў краіне гаспадарыць акупант.

Дык вось, каб беларусы не прасядзелі ў партызанах усё сваё жыцьцё — 19 сакавіка трэба перамагаць.

Малое Сітна

Павал Севярынец — у 1998—2004 лідэр незарэгістра-ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Высланы на поўнач Полаччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?