Суддзя Іна Лаўкова дала Касі Давыдзік і Міколу Дземідзенку штраф у памеры трох базавых велічыняў (105 тысяч рублёў), Аксана Ралява прысудзіла Андруся Кіма і Вячаслава Сіўчыка да дзесяці базавых велічыняў штрафу (350 тысяч). Судовыя паседжанні 5 жніўня цягнуліся з 14-й да 21-й гадзіны.

Па словах абвінавачвання, 27 ліпеня чатыры чалавекі на плошчы Якуба Коласа хапалі міліцыянтаў за рукі ды форму, адштурхоўвалі, брыдка лаяліся ды пагражалі праблемамі на службе. Адным словам — паводзілі сябе неадэкватна.

Для ўсіх падсудных з боку абвінавачвання сведкамі выступілі капітан міліцыі Дзмітры Валынцаў, супрацоўнікі полку міліцыі спецыяльнага прызначэння Багдан Жакун і Андрэй Целіхавец, якія 27 ліпеня і затрымалі самых актыўных удзельнікаў ускладання кветак.

Вячаслаў Сіўчык заявіў хадайніцтва аб беларускамоўным вядзенні справы. Атрымаў адмову. Астатнія просьбы: у дапамозе адваката, далучэнні да справы фота з мерапрыемства, прыцягненні новых сведак — былі задаволеныя.

Мікола Дземідзенка на судовае паседжанне не з’явіўся. Юнак перадаў заяву, дзе прасіў разглядаць справу ў яго адсутнасць.

Як распавёў у судзе Дзмітры Валынцаў, сабраныя на плошчы Якуба Коласа людзі выкрыквалі лозунгі, сярод якіх прысутнічала нецэнзурная лаянка. Па словах капітана міліцыі, на плошчы Коласа былі менавіта лозунгі, якія — не памятае, сэнсу не ведае. Але цвёрда перакананы, што чуў іх. «Гэта быў мітынг — там была сімволіка ў выглядзе бела-чырвоных кветак,« — пракаментаваў на судзе Багдан Жакун.

На пытанне Кацярыны Давыдзік, што было ў яе руках, Андрэй Целіхавец адказаў: «Вашыя рукі былі на маіх плячах, пагонах і на нагах. Можа ў вас нож быў!» Аналагічныя паказанні даў другі сведка. Як крохкая дзяўчына адначасова магла шкамутаць двух здаровых міліцыянтаў, сведкі не патлумачылі.

Пасля суда сведкі з боку міліцыі каментаваць свае паказанні адмовіліся. Сведкі з боку абароны наракалі на гнілую судовую сістэму ў Беларусі.

Нагадаем, 27 ліпеня пасля ускладання кветак на плошчы Якуба Коласа дэмакратычных актывістаў традыцыйна абвінавацілі ў брыдкаслоўі па адміністрацыйным артыкуле 17.1. Пасля ночы ў размеркавальніку на Акрэсціна, судовыя разбіральніцтвы былі перанесеныя на 5 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?