Рэалізацыя маштабнага праекту па стварэнні гістарычна-археалагічнага цэнтра на тэрыторыі былога Менскага замчышча, дзе цяпер размешчаная плошча 8 Сакавіка, можа пачацца ўжо ў 2011 годзе. Такія планы агучыў на прэс-канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме галоўны інжынер КУП «Мінская спадчына» Міхаіл Жых.

Ён паведаміў, што ўжо да канца гэтага году

будзе гатовы экспазіцыйны план будучага музея пад адкрытым небам. На тэрыторыі паміж праспектам Пераможцаў і ракой Свіслач, непадалёк ад станцыі метро «Няміга», плануецца аднавіць частку збудаванняў, якія стаялі тут у XII стагоддзі і фрагменты якіх былі знойдзеныя падчас археалагічных раскопак.

У планах таксама аднавіць частку рэчышча ракі Нямігі, якое стане элементам добраўпарадкавання будучага гістарычна-археалагічнага цэнтра. Спецыяліст адзначыў, што гэтаму будзе папярэднічаць вялікая інжынерна-тэхнічная падрыхтоўка тэрыторыі. Так, трэба расчысціць пляцоўку — знесці будынак Дома фізкультурнікаў, правесці шэраг мерапрыемстваў па абароне будучых будынкаў ад вібрацыі, стваранай метрапалітэнам, выканаць водапаніжэнне.

Міхаіл Жых таксама нагадаў, што комплекс гістарычна-археалагічнага цэнтра плануецца пабудаваць па абодва бакі праспекта Пераможцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?