Святкаванне стогадовага юбілею Ларысы Геніюш чакана вылілася ў супрацьстаянне з уладамі.
Сёлета яно было асабліва выразным. Спачатку ў Ваўкавыску раптоўна знікла шыльда ў гонар паэткі, што была вывешаная на доме, у якім Ларыса Геніюш нарадзілася. У дадатак да гэтага на некалькі гадзін у пастарунак трапіў ініцыятар вывешвання памятнай шыльды — мясцовы прадпрымальнік Мікалай Кавальчук. А потым ужо ў Зэльве ўлады ў адкрытую cарвалі памятную шыльду з дома, дзе жыла Ларыса Геніюш. У абодвух выпадках дамы былі прыватнымі, а з гаспадарамі была дасягнутая дамоўленасць на размяшчэнне памятных знакаў. То бок ніякіх юрыдычных падставаў для падобных дзеянняў не існавала.

Шмат хто звязвае такія дзеянні уладаў не столькі з асобай Ларысы Геніюш, колькі з актыўным удзелам кампаніі «Гавары праўду» у святкаваннях. Някляеў дапамагаў з вырабам шыльдаў, з удзелам яго кампаніі быў выдадзены альманах «Асоба і час», прысвечаны Геніюш, а таксама шыкоўны двухтомнік паэткі. Актывісты кампаніі актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх святочных мерапрыемствах, а сам Някляеў быў галоўным выступоўцам на іх.

Ці варта ўвязваць перашкоды уладаў з удзелам «Гавары праўду»? Кіраўнік аргкамітэту па святкаванні юбілею Геніюш, Міхась Скобла, лічыць, што не.

«У папярэднія юбілеі не брала ўдзелу ніякая кампанія. Але нам усё адно перашкаджалі. Нам не давалі памяшкання, чынілі іншыя перашкоды. Так што не ў кампаніі «Гавары праўду» прычына, — лічыць М.Скобла. — Кіраўнік кампаніі,

Уладзімір Някляеў, напісаў выдатны верш пра Ларысу Геніюш. З яго дапамогай выйшаў двухтомнік паэткі, альманах, прысвечаны ёй. Гэта — канкрэтная дапамога. Я лічу, што гэта і ёсць вялікая заслуга Някляева.
А тое, што не даюць адзначаць — тое сталася ўжо заганнай традыцыяй».

У той жа час спадар Скобла ўвязвае дзеянні ўладаў асабіста з Лукашэнкам: «У мяне складваецца такое ўражанне, што беларускія ўлады баяцца Ларысы Геніюш як агню. Адкуль гэтая боязь, я таксама не разумею. Ідзе вайна беларускіх уладаў з беларускай літаратурай. У тым ліку найперш з Ларысай Геніюш.

Паводле маёй інфармацыі, асабістую справу Ларысы Геніюш, што знаходзіцца на захаванні ў КДБ, глядзеў, гартаў, чытаў асабіста Аляксандр Лукашэнка. І паставіў на ёй свой подпіс. Маўляў, азнаёміўся. Але ніякай сваёй думкі ён не выказаў. Ні за, ні супраць Ларысы. І чыноўнікі цяпер, ведаючы пра гэты факт, баяцца зрабіць не так, як падумаў Аляксандр Лукашэнка».

Іншага меркавання прытрымліваецца сам Уладзімір Някляеў, лідэр кампаніі «Гавары праўду»: «Я не хачу цягнуць коўдру на сябе. Але як паказалі падзеі ў Ваўкавыску і Зэльве, гэта звязана з удзелам нашай кампаніі. У мінулыя гады, калі святкаванні праводзіліся без нас, такіх праблем не было, — зазначае ён. — Зараз ізноў пачалі ціск на нас, арыштоўваюць нашых актывістаў па ўсёй краіне. Улады хочуць адштурхнуць людзей ад усяго, што звязана з кампаніяй «Гавары праўду». Маўляў, калі ёсць Някляеў, то мае адбыцца нядобрае. Не тое, каб ім замінае Ларыса Геніюш. Як яна ім можа замінаць? Яны пра яе не ведаюць. Ім замінае ўсё, што пагражае ім. Чыноўнікі хочуць утрымліваць уладу і бачаць у нашай кампаніі пагрозу для сябе». Разам з тым, спадар Някляеў не лічыць, што яго кампаніі было не варта ангажавацца ў святкаванне юбілею Ларысы Геніюш. «А тады дзе нам ангажавацца? Плакаць на могілках? Мы ўдзельнічалі актыўна. І я дапамагаў не толькі таму, што я лідэр кампаніі «Гавары праўду». Я — беларускі паэт. Насамрэч паважаю ўсё тое, што зрабіла Ларыса Геніюш. Асабліва «Споведзь». Гэта і ёсць праўда. Сказаная ў той час, калі яе цягалі па гулагах, па калючых дратах. Гэта і ёсць маральны подзвіг жанчыны, які павінен выхоўваць чалавечае ў чалавеку», — зазначыў лідэр «Гавары праўду».

Варта сказаць, што святкаванне юбілею Ларысы Геніюш ў Зэльве не было залішне палітызаваным, нават нягледзячы на актыўны удзел у ім Уладзіміра Някляева. Абышлося без інцыдэнтаў. Хіба што святар зэльвенскай царквы, жадаючы перастрахавацца, забараніў уздымаць нацыянальны сцяг ля помніка паэтцы, што акурат устаноўлены пры царкве.

А Някляева прысутныя на святкаванні насамрэч успрымалі як паэта, а не як палітыка. Гэта асабліва было заўважна пасля прыезду ў Зэльву Аляксандра Мілінкевіча, які, спяшаючыся з інаугурацыі польскага прэзідэнта Браніслава Камароўскага, паспеў толькі на ўскладанне кветак да магілы Геніюш. З'яўленне Мілінкевіча выклікала вялікае ажыўленне ў прысутных.
З іншых лідэраў Зэльву наведаў таксама лідэр БНФ Аляксей Янукевіч.

Нягледзячы на неадназначнае стаўленне да Ларысы Геніюш,

мясцовыя зэльвенскія ўлады не змаглі цалкам праігнараваць юбілей паэткі. Першапачаткова нават планавалася правесці ў мясцовым «Доме культуры» супольную вечарыну. Аднак калі сотня чалавек, што прыехалі пераважна з Гродна і Мінска, падышлі да будынку, дзверы ў вялікую залю былі зачыненыя, а афіцыйнае мерапрыемства праходзіла ў маленькім памяшканні бібліятэкі, разлічаным на трыццаць чалавек.
«Вырашылі ад нас схавацца ў каморы», — жартавалі прысутныя. У выніку вершы Геніюш гучалі проста з прыступак Дома культуры — вечарыну было вырашана правесці менавіта там. За ўсім гэты назірала з дзесятак міліцыянтаў, якія вырашылі нават не падыходзіць да натоўпу.

Такім чынам трыццаць чалавек у зэльвенскай бібліятэцы — гэта ўсё, на што сёння здольная зрабіць ўлада для ўшанавання памяці Ларысы Геніюш. Ні Міністэрства культуры, ні афіцыйны Саюз пісьменнікаў не палічылі патрэбным адзначаць стогадовы юбілей адной з самых вялікіх беларускіх паэтак.

Чаго можна было чакаць, калі кіраўнік праўладнага СПБ Мікалай Чаргінец на пытанне карэспандэнта «НН», як яго арганізацыя плануе адзначыць юбілей Ларысы Геніюш, адказаў наступнае: «Мы нічога не планавалі. Вы ведаеце нашу пазіцыю па Геніюш і Арсенневай. Яны дзейнічалі супраць Беларусі, падтрымлівалі фашызм. Я ўвогуле слаба ведаю яе творчасць. Мяне больш цікавіць творчасць іншых паэтаў, нашых».

Ларыса Геніюш была сакратаркай Рады БНР. Яе муж Янка Геніюш атрымаў вышэйшую медычную адукацыю ў даваеннай Чэхаславаччыне, па тагачаснай «праграме Каліноўскага» для заходніх беларусаў, якую падтрымлівалі чэскія ўлады. Урэшце Геніюшы засталіся ў Празе, дзе Янка працаваў як венеролаг.
У 1948 годзе камуністычныя ўлады акупаванай саветамі Чэхаславаччыны выдалі яе СССР.
Геніюш прайшла праз допыты Цанавам і савецкія канцлагеры. Да смерці яна не прыняла грамадзянства СССР.

Геніюш вядомая як выдатная пісьменніца. Некаторыя яе вершы сталі песнямі. Яе мемуары «Споведзь» пабачылі свет толькі пасля смерці, у час перабудовы. Яны сталі бэстсэлерам канца 80-х.

9 жніўня 2010 года Геніюш споўнілася б 100 гадоў. У сувязі з гэтай датай шэраг нацыянальных арганізацый абвясцілі ўвесь 2010 год годам Геніюш.

Савецкія і лукашэнкаўскія ўлады дагэтуль не рэабітавалі Геніюш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?