У Кракаве разгараецца скандал: побач з замкам Вавель, дзе пахаваныя парэшткі загінулага ў авіякатастрофе прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага, з’явілася гіганцкая піўная рэклама, якая абвяшчае: «Не хапае уражанняў? Патрэбны „Халодны Лех!“». Палітыкі абураюцца, півавары выбачаюцца, народ байкатуе марку.

Кампанія Piwowarska, якая выпускае скандальны напой, ужо заявіла, што здыме білборд са сценаў гатэля Forum  — якраз насупраць Вавеля. Рэкламны шчыт вісіць там ужо даўно, аднак пратэсты супраць «Халоднага Леха» пачалі гучаць толькі цяпер.

«Гэта непрыстойна. Брудна, — абураецца дэпутат Еўрапарламента Рышард Чарнецкі. — Грубасць кампаніі Piwowarska перайшла ўсе межы. Камерцыйная гульня на чужой смерці — не тое, што пасуе сучаснай Польшчы. Аўтары гэтай ідэі павінны быць пакараныя, каб іншыя не бралі з іх прыкладу».

Аўтары ж ідэі тлумачаць, што слоган «Халодны Лех» пачалі выкарыстоўваць яшчэ за год да смерці прэзідэнта, а пасля заканчэння жалобы

правялі маркетынгавае даследаванне з мэтай высветліць, з чым у пакупнікоў асацыюецца марка. «Высветлілася, што са свежасцю», — запэўніваюць грамадскасць зганьбаваныя півавары.

Але, мабыць, прыемныя асацыяцыі «Халодны Лех» выклікае не ва ўсіх. У міжнароднай сацыяльнай сетцы Facebook была створаная група «Лех: піва для хамаў?» На сёння ў ёй ужо больш за тысячу карыстальнікаў. Яны маюць намер байкатаваць піва, нягледзячы ні на што.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?