Падчас сустрэчы з Лукашэнкам вядомы гумарыст Ігар Угольнікаў папрасіў АГЛ надаць свайму праекту «Фіціль» статус агульнасаюзнай праграмы. Даўно трэба пашыраць інтэграцыю на гумарыстычна-забаўляльны блёк!

«Фіціль», у сюжэтах якога будуць уздымацца актуальныя тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі, сапраўды будзе супэрпрышпільны. Дастаткова прадэманстраваць гэта на нейкіх ягоных старых сюжэтах, напрыклад, на роліку «Дзіцячы садок».

Сцэнар сюжэту роліку «Дзіцячы садок», падкарэктаваны з улікам таго, што праграма «Фіціль» стала агульнасаюзнай:

Музыка-застаўка праграмы.

Тытры: «Дзіцячы садок».

У кадры рэпартэр, побач супрацоўніца садочку. На заднім пляне гуляюць дзеці.

Рэпартэр: Маргарыта Сьцяпанаўна, распавядзеце нам аб дзетках, якія ў вас ёсьць?

Супрацоўніца: Ну, што можна сказаць? Дзеці падобныя да сваіх бацькоў, і гэта ісьціна відавочная. Глядзеце толькі, у што яны гуляюць. Вось, напрыклад, Гальляш. Ягоны татка працуе бізнэсоўцам.

У кадры маленькі хлопчык на цацачным аўтамабілі, які размаўляе па цацачнай мабілцы.

Супрацоўніца: А цяпер да яго ідзе Алежык. Ягоны тата – кіраўнік гарадзкога аддзелу ДАІ.

У кадры да хлопчыка Гальляша падыходзіць Алег і патрабуе ад таго дакумэнты.

Супрацоўніца: А Пецеў бацька – вялікая шышка ў «Газпроме».

У кадры хлопчык у пясочніцы, рые, нібыта здабывае газ.

Супрацоўніца: А там у нас Таня. Яна дачка звычайнай беларускай даяркі, якая зарабляе 600 баксаў. Ім у сям’і зусім няма куды дзяваць грошы.

У кадры сядзіць Таня і тупа раскідвае фанцікі ад цукерак, якія сымбалізуюць даляры.

Рэпартэр: Я гляджу, у вас у садку ёсьць нават дзеці іншаземцаў.

Супрацоўніца: Так, гэта Олаф, сын аднаго дацкага бізнэсоўца.

У кадры хлопчык Олаф, ён ходзіць вакол клюмбы і кажа: «О-о-о! Мы ехалі сюды з асьцярогаю, можа быць, нават з жахам – дыктатура, сярэднявечча, крымінал... А цяпер мы вельмі па-добраму зьдзіўленыя і жадаем будаваць каля гэтай клюмбы вялікі сьвінячы комплекс. Хто хоча інвэстыцыяў?»

Рэпартэр: Мне казалі, што ў вас ёсьць сын аднаго крамлёўскага бонзы?

Супрацоўніца: Генік, ну, канечне. Вось ён.

У кадры хлопчык Генік, які праглядае нейкія паперкі, потым ірве іх, адначасова кажучы: «Не, не. Мы надаем саюзнай дзяржаве занадта шмат паўнамоцтваў. Саюзную дамову трэба адкласьці. Нашая эліта не гатовая на такі шчыльны саюз».

Рэпартэр: А ў тэй дзяўчынкі зь лялькамі, відаць, бацькі – пэдагогі?

Выхавацелька: Што вы. Ейныя бацькі – чачэнцы, якія зьбеглі з Расеі ў Беларусь і на знак падзякі лідэру краіны называюць сваіх дзяцей яго імем.

У кадры дзяўчынка зь некалькімі цацкамі. Гуляе, гаворачы: «Саша хоча есьці. А гэты Саша хоча гуляць. А гэты Саша – спаць. Баю-бай. А ты, Саша, відаць, захварэў. Саплівы ты мой, амаль як малады прэзыдэнт».

Рэпартэр: А хто бацька ў таго, вось у таго хлопчыка?

Выхавацелька: Я сама пакуль не зразумела, дзе працуюць бацькі Андрэя.

У кадры маленькі хлопчык бегае з трубой і енчыць: «Я ні магу аддаць трубы за батончык «Сьнікерсу» і дзьве налепкі. Толька пусьці казла ў гарод! 500 «Сьнікерсаў» – вось кошт гэтай трубы!»

Смех за кадрам.

Раптам да яго падбягае Пеця і Генік і пачынаюць вырываць трубу.

Смех за кадрам.

Музыка-застаўка праграмы.

Тытры: «Фіціль – агульнасаюзная праграма».

Дырэктар Ігар Угольнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?