10.08.2010 / 11:15

Ой, сівы конь бяжыць 6

«Раніцай па вуліцы Горкага ў Гродне бегаў белы конь. Жывёліна была вельмі напалоханая і хаатычна перамяшчалася па праезнай частцы». Ну, вось і ўсё, прыехалі. Або прыскакалі. Піша Віталь Тарас.

«Раніцай па вуліцы Горкага ў Гродне бегаў белы конь. Жывёліна была вельмі напалоханая і хаатычна перамяшчалася па праезнай частцы». З газет

Ну, вось і ўсё, прыехалі. Або прыскакалі. Якія яшчэ доказы патрэбныя, якія знакі, каб усе пераканаліся, што надыходзіць усеагульны кірдык-то бок сканчэнне свету, апакаліпсіс?
Памятаеце — «конь белы»? Гэта адтуль, з Яна Багаслова. Праўда, наш конь быў з цырка і бегаў на волі ў Гродне нядоўга. Але перад тым — матылькі, мільёны, матылькоў апанавалі Віцебск. Гэта ўжо як у фільме жахаў. Хічкок з яго «Птушкамі» адпачывае.

А тут яшчэ гэтае загадкавае падзенне верталёта з нямецкім пілотам… Якое сёлета паводле ліку «лётнае здарэнне» на тэрыторыі Беларусі?

Ды й да гэтага знакаў хапала — каб столькі часу над Масквой стаяў антыцыклон (адчуваеце — анты-цыклон?), які стаўся прычынай нечуванай спёкі не толькі ў Падмаскоўі, але ж і ў Беларусі, і ва Украіне. А тут побач, у Польшчы, іншых краінах Еўропы зноў паводка, гінуць людзі. А ў Пакістане ахвярамі паводкі сталі амаль паўтары тысячы чалавек. А перад тым — катастрофы на шахтах у Расіі і Кітаі, гібель дзясяткаў фанаў «тэхна» на фестывалі Любові ў Дуйсбургу. А яшчэ раней — сапраўды апакаліптычная гібель польскай дэлегацыі з 96 чалавек на чале з прэзідэнтам Качынскім пад Смаленскам…

Згодны, усё разам узятае нічога не даводзіць. Калі толькі не шукаць і не чакаць тых знакаў, якія засведчаць, што набліжаюцца апошнія хвіліны існавання чалавецтва. (Ці не шукаць «зорку Давіда» ў выявах сняжынак).
У ідэале вернік павінен быць гатовы паўстаць перад Богам у кожную хвіліну, а не шукаць доказаў яго існавання… Але тое ў ідэале. Мы жывем на зямлі, і нішто чалавечае для нас не чужое. У тым ліку чаканне цуду. Мы згодныя і на цуд у абліччы катастрофы, калі нам не прапаноўваюць нічога лепшага.

Між тым, ядзерны апакаліпсіс адбыўся ў рэальнасці — 65 гадоў таму. І нічога, чалавецтва не знікла, не правалілася ў тартар. І ЗША, і Японія квітнеюць. І амерыканскі пасол (упершыню за ўвесь пасляваенны час) нават узяў удзел у жалобнай цырымоніі ў Хірасіме.

А фільмы пра Хірасіму і Нагасакі ўжо не палохаюць сучаснага гледача так, як палохалі яны маё пакаленне ў дзяцінстве ў 60-я, 70-я гады.

І Чарнобыль — не прароцтва пра Зорку Палын, але цалкам рэальная катастрофа, выкліканая «чалавечым фактарам». І ўсяго праз чвэрць стагоддзя тая катастрофа ўжо амаль нішто — нейкая фікцыя, пра якую гавораць навукоўцы, балбоча апазіцыя ў Беларусі, але выразных слядоў якой нібыта не бачна. Гэтаксама як радыяцыі.

І Асвенцым для некага ўжо не жахлівае злачынства супраць чалавечнасці, але месца, дзе можна здабыць які-небудзь артэфакт для калекцыі, каб зарабіць.

Сапраўдны апакаліпсіс, які адбыўся з намі, людзьмі, ужо не аднойчы, нас не цікавіць. Бо нас не цікавіць увогуле, што адбываецца з іншымі, калі толькі гэта не нашы сваякі, альбо нас не звязваюць нейкія партыйныя або дзелавыя сувязі.

Смерць, пакуты і боль, якіх так шмат навокал, — гэта не для нас, гэта сумна і нецікава. Нас можа ўразіць — на хвіліну — колькасць загінулых, але не смерць чалавека як такая.

Нас і жыццё нашае не асабліва цікавіць, бо яно не залежыць ад нас і нашых уласных высілкаў. Бо ад усведамлення гэтай ісціны робіцца вельмі сумна. Нас цікавіць — што з намі будзе. Гэта значыць — хто скіне цяперашні рэжым, хто прыйдзе на змену цяперашняму кіраўніку, хто за гэтым стаіць (сусветная закуліса, Крэмль, Варшава ці Брусэль), хто і колькі каму заплаціць альбо ўжо заплаціў. Толькі нас саміх няма ў гэтым працэсе.

У адной з апошніх перадач «Тыдзень у аб’ектыве» на Белсаце гаворка йшла на традыцыйную тэму — узаемадачыненняў Беларусі і Расіі. І запрошаны ў перадачу вядомы журналіст як пра нешта само самой зразумелае, відавочнае і нават прадвызначанае казаў пра тое, што Расія хутка «даб’е» Беларусь эканамічна і што пад пагрозай апынулася не толькі цяперашняя ўлада, але і наша дзяржаўная незалежнасць. На пытанне вядоўцы — а што ж рабіць, каб гэтага не адбылося, адказу не прагучала. Бо слова «рабіць» тычыцца сферы дзеяння, а яно само па сабе пярэчыць катастрафізму як філасофіі.

Вось ужо дваццаць гадоў — а можа, апошнія сто дваццаць? — мы назіраем за тым, што адбываецца ў нашай краіне, але не жывем у ёй.
Перыядычна мы з цікаўнасцю назіраем за тым, што называецца «прэзідэнцкімі выбарамі», хоць упэўненыя (бо нас даўно ў тым пераканалі самі прэтэндэнты): ніякіх выбараў не было, няма і ніколі не будзе.

Вось прыйдуць злыя дзядзькі з-за рэчкі (з-за той ці з-за гэтай), навядуць тут парадак, і тады мы падумаем, што будзем рабіць.

Сёння мы выліваем свае злосць і фрустрацыю на патэнцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнта (sic!) у ананімных інтэрнэт-каментарах і ў блогах ці артыкулах. Але чамусьці ніколі не злуем на саміх сябе.

Як казаў горкаўскі персанаж з п’есы «На дне» (цытую паводле сэнсу): «Стварыце мне ўмовы, і тады я, можа быць, буду працаваць!» Зрабіце нам «каляровую рэвалюцыю»! (А лепей — як у Кыргызстане). Хто і што павінен зрабіць, з якой нагоды і дзеля чаго — гэта няважна. Зрабіце, а мы паглядзім і, можа быць, падтрымаем рэвалюцыю ў сваіх каментах. А хутчэй за ўсё, наплюем на яе і яе дзеячаў, на інтэлігенцыю, на ўсіх, хто хоць нешта спрабуе цяпер рабіць, ці тварыць, ці проста жыць, як плявалі заўсёды раней. Пляванне ў іншых — наша нацыянальная забава.

У словах «чаканне катастрофы» ключавое слова — не «катастрофа». Ключавое слова — «чаканне». Мы ўсё яшчэ ў чаканні — моцнай апазіцыі, годных лідэраў і кандыдатаў у прэзідэнты, лепшага жыцця, вольнай Беларусі.

Можа быць, сапраўды неверагодна гарачае і цяжкое лета дапаможа нешта змяніць у нашых мазгах. Але паверыць у гэта, думаю, — значыць паверыць у міраж. А можа, гэта сапраўды сімвал — той белы конь, што бадзяўся па вуліцах, але быў злоўлены.

Віталь Тарас

0
Конь Як / Адказаць
10.08.2010 / 22:03
Чарговая мыльная бурбалка пра нішто! І сапраўды, дзе нашы таленты, дзе акулы пяра? Бо ад такой пісаніны проста сумна...
0
Kаза / Адказаць
11.08.2010 / 07:31
Сёння мы выліваем свае злосць і фрустрацыю на патэнцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнта (sic!) у ананімных інтэрнэт-каментарах і ў блогах ці артыкулах. Але чамусьці ніколі не злуем на саміх сябе. ============================================== Ды злую я на сябе: не магу зарабіць грошай на рамонт кватэры, ды й прыбрацца ў неадрамантаванай няма сілы(сьпёка). А ўсякія там мне да сракі. Чым яны мне дапамогуць?
0
wiesiek / Адказаць
12.08.2010 / 12:32
...Час належыць Богу, яле я адказны за яго выкарыстанне. Што магу сказаць пра маю чуйнасць? Ці час не ўцякае ад мяне, «як злодзей»? Ці маю адчуванне змарнаванага часу? Не трэба разважаць аб тым, калі прыйдзе Езус. Трэба быць гатовым да Яго прыйсця. Буду прасіць Езуса: «Дай мне сэрца падрыхтаванае, напоўненае тугой па Табе!».
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру