Беларусь плануе да 2015 года скараціць долю імпартнага піва на ўнутраным рынку да 5 працэнтаў, паведаміў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка.

Кіраўнік «Белдзяржхарчпрама» растлумачыў, што асноўнымі задачамі праграмы развіцця піваварнай галіны Беларусі на наступную пяцігодку з’яўляюцца асваенне створаных магутнасцей у галіне, нарошчванне экспарту, зніжэнне імпарту да 5 працэнтаў ад аб’ёмаў унутранага рынку з сённяшніх 30 працэнтаў.

У якасці адной з мер, якая дапаможа знізіць імпарт піва, Іван Данчанка прапанаваў увядзенне ліцэнзавання піва з Украіны. Ён нагадаў, што беларускі бок правёў антыдэмпінгавае расследаванне адносна ўкраінскага піва. «Украінскі бок прызнаў, што ён дэмпінгаваў, каб антыдэмпінгавая пошліна ў памеры каля 11 працэнтаў не ўводзілася, — растлумачыў ён. — Некаторыя піваварныя кампаніі Украіны ўзялі на сябе абмежаванні ў цэнавых адносінах па пастаўках піва ў Беларусь».

На думку Івана Данчанкі, усё гэта дае Беларусі падставы ўвесці ліцэнзаванне імпарту піва з Украіны. Адпаведны нарматыўны дакумент падрыхтаваны ўжо. Пры гэтым кіраўнік «Белдзяржхарчпрама» нагадаў, што ў Казахстане ўжо дзейнічае механізм ліцэнзавання імпарту піва. «Мы просім падтрымаць нашы прапановы па гэтаму напрамку», — сказаў ён.

Іван Данчанка таксама прапанаваў для выраўноўвання балансу ўвозу і вывазу піва з Расіі ўключыць таварную пазіцыю піва ў баланс Саюзнай дзяржавы. «У рамках Саюзнай дзяржавы мы з Расіяй пастаянна робім прагнозныя балансы па цукру, мясу, яйках, малаку. Ёсць прапанова ўвесці такія меры адносна піва. Гэта дало б нам магчымасць рэгуляваць імпарт піва з Расіі», — адзначыў кіраўнік «Белдзяржхарчпрама».

Акрамя гэтага, для імпартазамяшчэння піва айчынныя вытворцы плануюць у бліжэйшы час дадаткова асвоіць вытворчасць новых назваў гэтай прадукцыі. Так, ААТ «Брэсцкае піва» плануе выпускаць «Абалонь светлае», ААТ «Крыніца» — «Отынгер», кампанія «Хайнекен» — «Златы базант чорнае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?