Паважанае спадарства!

Вітае Вас малады паэт-песеннік Аркадзь Брут з Гарадзеншчыны. Нарадзіўся я ў Іўі, але ж дзе толькі ні жыў, пакуль не зразумеў, што няма аніякага другога месца, якое было б лепей за Радзіму.

Я пішу на расейскай і беларускай мовах. Ёсць свой сайт (arkadi-brut.ucoz.ru), таксама вяду паэтычны блог (brutart.wordpress.com). Працую ў розных сучасных жанрах: лірыка, рэп, нэа-шансон. Люблю Родную Беларусь, ганаруся, што нарадзіўся тут, буду жыць тут і, магчыма, памру тут.

Ужо як год я назіраю за вашым сайтам. Сачу за навінамі, чытаю артыкулы, гляджу фотаздымкі. І часам мне здаецца, што як аўтары, так і наведвальнікі вашага рэсурса жывуць на нейкай іншай планеце. Бо кажуць яны пра рэчы, якія і не можа сабе ўявіць звычайны беларус.

Лічу, што ў СМІ не павіна быць дыктату якой-небудзь адной пазіцыі. Таму дасылаю да вас крытычны артыкул пра сучаснасць маімі вачыма. Спадзяюся, што ён пабачыць свет на вашым сайце…

«Гудбай, Расея, о…» Мы пабудуем АЭС і без цябе

Тата казаў:

— Калі ідзеш на паляванне, трымай стрэльбу напагатове. Жыццё не падманеш, як і дзіка.

Тата, я памятаю тваю параду. Дзякуй, тата…

З раніцы расплюшчыў вочы, паглядзеў у люстэрка, пачысціў зубы — файна. Закідваю ў патэльню яйкі, раблю яечню на тлушчы. Снедаю, п’ю каву, уключаю тэлескрыню. Бачу млявых дыктарак, якія разважаюць пра палітыку, гісторыкаў ўсіх масцей, што танчаць на магіле Сталіна, карцінку з нафтавым акіянам, палітыкаў, сатырыкаў, эпікураў — усё гэта абрыдла.

Расея гарыць. Пажары накрылі расейскія гарады саркафагам з попелу. Брудныя людзі ў беднай вопратцы цягаюць вёдры з вадой, тушаць ўручную. У Крамлі сядзяць чыстыя палітыкі. П’юць марціні, паляць кубінскія цыгары, усё ў іх добра, нічога не гарыць, не баліць, і малако не збегла. Пуцін ездзіць да пагарэльцаў. Мядзведзеў піша ў Twitter. Дрэнны і добры паліцыянт.

Магчыма, гэта табе, Расея, за газ? За Беларусь, пра якую ты забыла? Якой перакрыла вентыль і сказала: «Жыві, як хочаш. Толькі перастань выпрошваць у мяне падачкі». Старэйшая сястра забыла пра малодшую, дэманстратыўна павярнулася, ляпнула дзвярыма і забараніла даношваць вопратку.

Але ж, Расея, мы, як і ты, усё сваё жыцце слухалі Бутусава і спявалі «Гудбай, Амерыка, о…» Няўжо зараз гэтая песня падоўжыцца яшчэ аднім радком — «Гудбай, Расея…»? Куды ты нас гоніш, навошта? Ты жадала грошы за паліва, але ж сёння згараеш і задыхаешся ва ўласным газе.

Расея, ты засталася адна.

Але ж справа не ў газе. Справа ў тым, што спякота, і надвор’е звар’яцела. Справа ў тым, што жыхары Расеі, як і раней, ходзяць на «ачко» і не маюць зручнага ўнітаза, бо «Да, скіфы мы! Да, азіяты мы!» І так было заўжды. Расея — п’яны мужык, у якога няма стрэльбы, але ж ёсць шклянка і вілы. Выпіў, і ў бой. Стрэльба была ў малодшай сястры — Беларусі. Яна заўсёды падстаўляла свае грудзі перад небяспекай, атрымлівала пулю ў сэрца, павольна памірала… Каб толькі п’яны расейскі мужык не пераставаў піць, хадзіць на «ачко» і ў знак падзякі перакрываць газавы вентыль. Гэта ўсё натуральна так…

«Гудбай, Расея, о…» Вось новая песня нашага часу. Але ж ты памятаеш, старэйшая сястрыца, як там далей у Бутусава — «…дзе не буду ніколі». Ніколі… ніколі… І не пабачым мы ні Вані, ні Колі, а ты, Расея, не пабачыш Янака і Алесі. Жалезная заслона ў галовах, чарвяк ў душы.

У цябе ёсць гарэлка, а ў мяне — стрэльба (дзякуй, тата). У цябе Масква, але ж у мяне — Полацк (ён быў раней). Мы пойдзем рознымі шляхамі. Але ж памятай пра небяспеку, сястрыца. Кулі паляцяць міма мяне… Ты што тая кабета Мэрсэдэс, якая чакае не кахання, а новы «Мэрсэдэс». Але не трэба…

«Гудбай, Расея, о…» Мы пабудуем АЭС і без цябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?