Сістэмы СПА, размешчаныя ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, будуць збіваць любыя лятальныя апараты, якія ўварвуцца ў паветраную прастору гэтых рэспублік, заяўляе Масква.

Галоўнакамандуючы Ваенна-паветраных сілаў РФ генерал-палкоўнік Аляксандр Зелін заявіў у сераду, што для прыкрыцця расійскай ваеннай базы ў Абхазіі разгорнутая зенітная ракетная сістэма С-300.

Разам з вайсковымі сродкамі СПА, дадаў ён, яна таксама будзе абараняць паветраную прастору Паўднёвай Асеціі.

Пры гэтым Аляксандр Зелін удакладніў, што С-300 будзе прыкрываць толькі паветраную прастору Абхазіі, у той час як супрацьпаветранай абаронай Паўднёвай Асеціі будуць займацца сродкі СПА расійскіх сухапутных войскаў.

Акрамя гэтага, у забяспечанні абароны тэрыторый Абхазіі і Паўднёвай Асеціі будзе ўдзельнічаць франтавая і вайсковая авіяцыя, сказаў галоўнакамандуючы ВПС Расіі.

Штаб расійскай вайсковай базы ў Абхазіі дыслакуецца ў Гудаўце.

У Еўрасаюзе і НАТА неаднаразова падкрэслівалі, што расійская вайсковая прысутнасць у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі парушае тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі і ўяўляе пагрозу яе бяспецы.

Пераважная большасць краін свету да гэтага часу не прызнала дзве рэспублікі суверэннымі дзяржавамі; гэта зрабілі толькі Расія, Нікарагуа, Венесуэла і Науру.

Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Асецію часткай сваёй тэрыторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?