Заяўнікі акцыі 16 жніўня дагэтуль не атрымалі адказ з Мінгарвыканкама з дазволам або забаронай на яе правядзенне.

Заяўка на правядзенне 16 жніўня ў Мінску шэсця і мітынгу з патрабаваннем міжнароднага расследавання знікнення апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнесмена Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага была пададзеная ў гарвыканкам 16 ліпеня. Збор удзельнікаў плануецца каля будынка прэзідыума Акадэміі навук, затым — шэсце да плошчы Свабоды, дзе да 21.00 павінен прайсці мітынг. Колькасць удзельнікаў акцыі — да тысячы чалавек.

Па законе за пяць дзён да правядзення акцыі ўлады павінны даць адказ заяўнікам.
Гэты тэрмін закончыўся 11 жніўня. Паводле слоў Івашкевіча, 11 жніўня ён наведаў Мінгарвыканкам, дзе яму паведамілі, што чыноўніка, які рыхтаваў адказ на заяўку, няма на месцы, а адказ быў высланы Івашкевічу поштай. Аднак ні вечарам 11 жніўня, ні сёння раніцай Івашкевіч пісьмовага адказу не атрымаў.

Сёння заяўнікі маюць намер правесці ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі прэс-канферэнцыю, прысвечаную фармату правядзення акцыі.

Раней арганізатары шэсця і мітынгу заяўлялі, што разлічваюць на ўвагу да акцыі замежных дыпламатаў і СМІ. Адпаведная дамоўленасць з замежнымі прадстаўніцтвамі дасягнута, паведамляў 24 ліпеня Івашкевіч. Паводле яго слоў, асвятляць акцыю будуць расійскія і еўрапейскія СМІ. Палітык выказваў надзею на тое, што "ў сувязі з вялікай міжнароднай увагай да акцыі ўлады не будуць на яе жорстка рэагаваць".

Нагадаем, 5 жніўня прадстаўнікі апазіцыі накіравалі міністрам замежных спраў пастаянных членаў Савета бяспекі ААН — Кітая, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША — звароты з просьбай правесці міжнароднае расследаванне спраў аб знікненні Ганчара, Захаранкі, Красоўскага і Завадскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?