Праз год пасля першай успышкі свінога грыпу Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла пра канец пандэміі.
Кіраўніцтва арганізацыі запэўніла, што вірус больш не ўяўляе пагрозы, і прызнала, што пандэмія аказалася нашмат менш небяспечнай, чым чалкалася.
Пандэмія каштавала падаткаплатнікам ва ўсім свеце мільярды еўра.
Французы замовілі вакцыны на 860 млн еўра, немцы — на 417 млн, нідэрландцы — на 300 млн, а італьянцы — на 184 млн еўра. На выплаты дактарам і медсёстрам, што працавалі ў непрацоўны час, адна Францыя выдаткавала 150 млн еўра. Яшчэ 95 млн пайшло на арэнду складаў, 8,5 млн — на шпрыцы, а 6 млн — на інфармацыйную кампанію. Дарма?

Прышчэпкі зрабла толькі 5% французаў. Ненашмат лепей было ў іншых краінах. На прышчэпкі пагадзілася 4% італьянцаў, 10% немцаў, 20% амерыканцаў і 25% брытанцаў. Гэта тлумачыцца тым, што пасля пачатковай панікі аказалася, што грып нашмат менш небяспечны, чым казалі эксперты СААЗ.

Годам раней СААЗ абвясціла, што ад свінога грыпу можа памерці аж да 7 млн чалавек. Еўрапейская гематалагічная арганізацыя прадказвала, што вірусам заразіцца каля 30% еўрапейцаў. Насамрэч памерла каля 18,5 тыс. чалавек. Падчас сезоннай эпідэміі грыпу штогод памірае да 0,5 млн.

У краінах засталася каласальная колькасць нявыкарыстанай вакцыны.
Некаторыя ўрады здолелі ўпэўніць фармацэўтычныя кампаніі перагледзець дамовы, але, напрыклад, амерыканцы засталіся з 40 млн дозаў пратэрмінаванай вакцыны.
З нагоды магчымай памылкі СААЗ Парламенцкая асамблея Рады Еўропы правяда раследаванне і па выніках яго прыняла рэзалюцыю, у якой сцвярджалася, што рашэнне СААЗ пра абвяшчэнне пандэміі было неабгрунтаваным.
Польскаму міністру аховы здароўя Эве Копач, якая адзінай ў Еўропе адмовілася закупаць вакцыну, была выказаная ўдзячнасць за «смелае і мудрае рашэнне» прынятае самастойна, нягледзячы на «ўсебаковы ціск». Асамблея заклікала СААЗ да большай празрыстасці і ўзмацнення кантролю падчас прыняцця рашэнняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?