Сёньня пачаўся судовы працэс супраць студэнткі Юліі Сьвёклы, на якую падаў скаргу былы старшыня праўладнага Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Кручкоўскі. У мінулым годзе дзяўчына абвінаваціла Кручкоўскага ў гвалце. Цяпер Юлія Сьвёкла абвінавачваецца ў нібыта паклёпе на прафэсара, за які ёй пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Некалькі разоў справа спынялася, паколькі не было дастатковых доказаў віны дзяўчыны. Аднак ўсё ж такі суд пачаў разглядаць справу.

Актывіст СПБ Анджэй Пачобут расказвае, у чым Тадэвуш Кручкоўскі абвінавачвае Юлію Сьвёклу.

А. Пачобут: Кручкоўскі абвінавачвае яе ў трох эпізодах. Па-першае, што яна напісала заяву рэктару, па-другое, што дала інтэрвію ўрадавай газэце «Рэспубліка» і па-трэцяе, што абвінавачвала Кручкоўскага на Зьезьдзе СПБ у згвалтаваньні яе.

Юлія Сьвёкла кажа, што ёй прапанавалі спыненьне працэсу ў выпадку, калі яна адмовіцца ад сваіх словаў. Дзяўчына аднак вырашыла ў гэтай справе ісьці да канца.

Былы старшыня Саюзу палякаў у Беларусі нанава апынуўся ў цэнтры ўвагі – інфармуе прэстыжнае выданьне «Rzeczpospolita».

У сакавіку 2005 году ў Горадні працягваліся бурныя пасяджэньні зьезду Саюзу палякаў у Беларусі. Раптам на трыбуну ўварвалася маладая жанчына і, паказваючы на Тадэвуша Кручкоўскага крыкнула: гэта гвалтаўнік! Пачалася валтузьня, дзяўчыну затрымала міліцыя.

«Гэта змова беларускай апазыцыі, якая хоча ўзяць арганізацыю пад свой кантроль», – тлумачыў усхваляваны Кручкоўскі. Старшыня, тэрмін паўнамоцтваў якога заканчваўся, прайграў на выбарах у кіраўніцтва саюзу, атрымліваючы толькі 116 галасоў з 270 магчымых. Новым старшынём была абрана Анжаліка Борыс.

Празь некалькі месяцаў пасьля гэтых падзеяў беларускія ўлады вырашылі, што зьезд быў незаконны, а ўлетку мінулага году былы старшыня Кручкоўскі штурмаваў сядзібу арганізацыі ў Горадні.

Справай гвалту яшчэ да выбараў уладаў СПБ займаліся міліцыя, пракуратура й унівэрсытэцкая камісія. Сьледзтва пацьвердзіла, што сапраўды працягваліся нефармальныя дачыненьні між працаўніком Гарадзенскага ўнівэрсытэту й студэнткай. Напрыклад, яны вельмі часта размаўлялі па сотавым тэлефоне. Тым ня менш, справа была пагашана, а пазьней Тадэвуш Кручкоўскі выіграў цывільны працэс аб зьнеслаўленьні. Цяпер жанчыну чакае крымінальны працэс.

«Асоба, якая зьдзейсьніла злачынства, мусіць за яго адказаць. Яна была падкупленая, каб дыскрэдытаваць мяне падчас зьезду. У выніку гэтага перамаглі падазроныя людзі. На кожнага, хто мяне абвінавачваў, я падам у суд. Я не рабіў гэтага, калі выконваў функцыю старшыыні СПБ, але цяпер зьяўляюся ўжо прыватнай асобай,» – заявіў Тадэвуш Кручкоўскі.

У сваю чаргу, непрызнаваная беларускімі ўладамі новая старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс ставіцца да гэтай справы інакш:

«Паводле мяне, гэты чалавек ня мае гонару ані сораму. Я ня ведаю згаданай дзяўчыны. Упершыню я пабачыла яе падчас зьезду, але сьцьвярджэньне, што нехта яе падкупіў, гэта абсурд. Кручкоўскі пры нагодзе гэтай справы хоча вярнуцца да актыўнай дзейнасьці. Пра яго амаль зусім забылі, але магчыма, ён патрэбны КГБ», – гаворыць Анжаліка Борыс.

Тадэвуш Кручкоўскі быў старшынём Саюзу палякаў у Беларусі ад 2000 году. Многія дзеячы спадзяваліся, што навуковец будзе эфэктыўна кіраваць арганізацыяй, а, будучы асобай, якая дэкляравала апалітычнасьць, пазьбегне недаразуменьняў з уладамі. Тым часам, тэрмін ягоных паўнамоцтваў закончыўся ў атмасфэры канфліктаў, узаемных абвінавачваньняў і скандалаў – чытаем на старонках прэстыжнага выданьня «Rzeczpospolita».

Сёньня пачаўся судовы працэс супраць студэнткі Юліі Сьвёклы, на якую падаў скаргу былы старшыня праўладнага Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Кручкоўскі. У мінулым годзе дзяўчына абвінаваціла Кручкоўскага ў гвалце. Цяпер гэта Юлія Сьвёкла абвінавачваецца ў нібыта паклёпе на прафэсара, за які ёй пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Некалькі разоў справа спынялася, паколькі не было дастатковых доказаў віны дзяўчыны. Аднак ўсё ж такі суд пачаў разглядаць справу.

Юлія Сьвёкла кажа, што ёй прапанавалі спыненьне працэсу ў выпадку, калі яна адмовіцца ад сваіх словаў. Дзяўчына аднак вырашыла ў гэтай справе ісьці да канца.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?