13.08.2010 / 10:28

КДБ працягвае помсціць Камітэту дзяржкантролю 4

Камітэтам дзяржбяспекі арыштаваны галоўны следчы КДК Дзмітрый Адамовіч.

Камітэтам дзяржбяспекі арыштаваны галоўны следчы КДК Дзмітрый Адамовіч. Амаль адначасова ад займанай пасады адхілены памочнік старшыні КДК Віктар Пісарык.

Пасля праверкі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, праведзенай Саветам бяспекі, дзяржкантроль больш за месяц знаходзіўся ў чаканні поўнага разгрому сваіх пазіцый. І вось гром грымнуў.

Дзмітрый Адамовіч. Фота bymedia.net

Як пісалі крыніцы, блізкія да КДБ, падчас праверкі былі выяўленыя схемы, па якіх бізнэсоўцы ўнікалі крымінальнага пераследу. Прычым цэнтральнай фігурай па многіх эпізодах такіх схем нібыта праходзіў менавіта арыштаваны цяпер начальнік Упраўлення па расследаванні злачынстваў ДФР КДК.

Схемы працавалі дастаткова проста і цалкам законна: расследаванне крымінальнай справы прыпынялася на якой-небудзь добрапрыстойнай падставе (напрыклад, у сувязі з вышукам падазраваных, якія нікуды не хаваліся), а потым пра яго забываліся на 5, 6 або 9 гадоў, пакуль не заканчваўся тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці або пакуль не адпаведны артыкул не выключаўся з Крымінальнага кодэкса.

Пасля таго як пра вынікі праверкі даклалі кіраўніцтву краіны, пачалася аператыўная распрацоўка органаў фінансавых расследаванняў Беларусі з боку Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Як мяркуе «Ежедневник», яна была скіраваная супраць дарадцы старшыні КДК Віктара Пісарыка, намесніка дырэктара ДФР КДК Віктара Марозава і начальніка Упраўлення расследавання злачынстваў ДФР КДК Дзмітрыя Адамовіча.

Пра Пісарыка кажуць, што менавіта ён рэальна кіруе Камітэтам дзяржкантролю, хоць фармальна з’яўляецца ўсяго толькі дарадцам старшыні.
Пісарык у свой час пралабіяваў прызначэнне на пасаду намесніка дырэктара ДФР КДК Віктара Марозава, які цалкам змяніў структуру следства органаў фінансавых расследаванняў.

Спачатку тэрытарыяльнае следства органаў фінансавых расследаванняў было выведзенае з-пад непасрэднага падпарадкавання цэнтральнага следчага ўпраўлення ДФР КДК, і, каб яшчэ больш узмацніць кантроль над следствам, у дэпартаменце ствараецца Упраўленне працэсуальнага нагляду.

На пасады начальнікаў следчага і нагляднага ўпраўленняў Віктар Марозаў ставіць сваіх людзей — двух блізкіх сяброў, якіх наўпрост падпарадкоўвае сабе. Пры гэтым у следчым упраўленні быў створаны яшчэ адзін аддзел, які падмяў пад сябе ўсе расследаванні фінансавых злачынстваў, дзе фігуравалі буйныя сумы. А кіраваць аддзелам, як сцвярджае «Ежедневник», Віктар Марозаў прызначыў свайго хрэсніка. Такім чынам ён замкнуў на сабе і следства, і кантроль над ім у ДФР КДК. У сваю чаргу Віктар Марозаў наўпрост замыкаўся і знаходзіўся ў блізкіх сяброўскіх адносінах з Віктарам Пісарыкам, які забяспечваў яму прыхільнасць старшыні КДК Зянона Ломаця.

Гэтая схема была прынятая ў КДБ за працоўную, таму, каб пачаць распрацоўку «святой тройцы», у першую чаргу была ініцыяванае адхіленне ад пасады Віктара Пісарыка.

Паводле інфармацыі «Ежедневника», на мінулым тыдні чэкісты правялі ў дачыненні да ДФР КДК супрацькарупцыйную аперацыю, як у самым сапраўдным дэтэктыве.

Спачатку на гарачым быў заспеты пасярэднік у перадачы буйнога хабару службовым асобам ДФР КДК. Ён даў паказанні супраць начальніка Упраўлення па расследаванні злачынстваў ДФР КДК Дзмітрыя Адамовіча.

У аўторак, 3 жніўня, Дзмітрыя Адамовіча папрасілі прыехаць у КДБ — нібыта каб узгадніць пазіцыі па адной сумеснай аператыўнай распрацоўцы. Адамовіч так і сказаў падначаленым, што едзе ў КДБ. Больш яго ніхто не бачыў.

Як расказалі ў Камітэце дзяржбяспекі, першапачаткова Адамовіч сапраўды паехаў да КДБ, але па дарозе нечакана перадумаў. Ён раптам накіраваўся ў Генеральную пракуратуру. Але чэкісты перахапілі галоўнага фінансавага следчага Беларусі проста на ганку будынка пракуратуры.

Дзмітрый Адамовіч аказаў актыўны супраціў аператыўнікам КДБ, але яго хутка скруцілі, запхнулі ў машыну і звезлі. Усё гэта назіралі са сваіх вокнаў пракурорскія работнікі.

У пятніцу чэкісты прыйшлі да намесніка генеральнага пракурора Мікалая Кукліса па санкцыю на арышт Адамовіча. Трэба меркаваць, зусім не выпадкова, бо старшыня КДБ сёння сам можа даваць такую санкцыю. Але чэкісты пайшлі не да яго, а да Кукліса, таму што да яго пасля затрымання галоўнага фінансавага следчага Беларусі тры дні хадзілі пасланцы ад старой марозаўскай гвардыі ДФР КДК. Вось чэкісты, напэўна, і хацелі паглядзець, як будзе паводзіцца намеснік генеральнага пракурора. Чэкісты праседзелі ў Кукліса дзве гадзіны, але так і не атрымалі санкцыі на арышт Адамовіча. Пасля гэтага санкцыю на арышт даў старшыня КДБ Вадзім Зайцаў.

Цяпер КДБ рыхтуе даклад для кіраўніка дзяржавы, у якім не толькі апісваюцца ўсе гэтыя падзеі, але і даюцца ацэнкі дзейнасці як арыштаванага Адамовіча, яго непасрэднага начальніка Віктара Марозава, іншых людзей з іх каманды, так і намесніка генеральнага пракурора Мікалая Кукліса.

Ані КДБ, ані КДК інфармацыі пра справу не даюць.

0
Віталь / Адказаць
13.08.2010 / 11:34
Табор пожирает сам себя.
0
Хтосьці 2 Віталь / Адказаць
13.08.2010 / 12:21
Хутчэй бы ён у неба сыйшоў...
0
В. / Адказаць
13.08.2010 / 20:20
Вообще-то да, эта антинародная антибелорусская орг. банда дойдёт в результате до открытых криминальных разборок. Но по большому счёту по им по всем плачет лет по 15 с конфискацией. Что в результате и произойдёт. Только до этого будет стрельба, ибо как тока пойдёт делёж бабла по крупному, даже ихний будулай не разрулит ситуацию и все они загрызут друг друга как бешеные собаки. А пока вот новости как "гуляет" этот табор, опуипительно просто какие паразиты развелись за 16 лет на теле белорусского народа и нет на них никакого ни кгб, ни прокуратуры и никакого КГК, ибо и их то самих нет. http://belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=13&news=65516&newsPage=0
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру