У часе паездкі ў Мінскую вобласць 13 жніўня кіраўнік Беларусі зрабіў некалькі заяваў для СМІ. У прыватнасці, ён раскрытыкаваў нядаўнюю заяву яго расійскага калегі Дзмітрыя Мядзведзева пра тое, што беларускі кіраўнік абяцаў прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

«Я не хацеў дыскутаваць на гэтую тэму, проста расійскі калега нядобрасумленна і непрыстойна вырывае пэўныя рэчы», — сказаў Лукашэнка, фрагменты заяў якога былі паказаныя па беларускіх тэлеканалах.

«Ён толькі не сказаў другую частку, калі я яму сказаў: не праблема для Беларусі прызнаць Асецію і Абхазію, і сёння не праблема. Але я яму пералічыў тыя праблемы, якія ў сувязі з гэтым узнікнуць у Беларусі. Вы згодныя, у Беларусі будуць праблемы па лініі Беларусь-ЕС, па лініі Беларусь-Амерыка, па лініі Беларусь-СНД і гэтай далей? Мы дакладна на працягу двух месяцаў працавалі над гэтымі праблемамі і іх вычленілі — іх было паўтара дзесятка прыкладна», — зазначыў Лукашэнка.

«Я сказаў Мядзведзеву, што гэта не праблема — прызнанне гэтых рэспублік, але вось праблемы: вы гатовыя іх узяць на сябе ў тым ліку і дапамагчы пераадолець, калі раптам яны ўзнікнуць?» — сказаў беларускі кіраўнік. Паводле яго слоў, Расія «аказалася няздольнай, або не захацела кіраўніцтва Расіі ісці на нівеляванне на ліквідацыю тых наступстваў, якія для Беларусі павінны былі ўзнікнуць».

«Вось гэтага Мядзведзеў не сказаў. Таму трэба было б майму калегу ўсё-такі некаторыя рэчы дагаворваць. У іх ёсць такая, вы ведаеце, звычка пасля коскі не сказаць, што было далей», — мяркуе Лукашэнка.

3 жніўня ў Сочы Мядзведзеў заявіў, што Лукашэнка абяцаў прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію. Такое абяцанне, паводле слоў прэзідэнта Расіі, беларускі кіраўнік даў у прысутнасці кіраўнікоў шэрагу краін СНД.

«Ён сказаў: «Я ўрачыста абяцаю, што я ўсё зраблю за самы кароткі час», — зазначыў Мядзведзеў.

Лукашэнка таксама адкаментаваў пытанне расійска-амерыканскіх адносінаў. «Ніякіх тайных дамоўленасцей у расійскага кіраўніцтва і ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША адносна Беларусі няма. Гэта я ведаю дакладна. Я проста не хачу зараз пра гэта шырока гаварыць, надыдзе час, і я скажу. Але якіхсьці тайных дамоўленасцей няма», — мяркуе Лукашэнка.

«Амерыка прытрымліваецца сваёй пазіцыі. Расія сваю пазіцыю рэзка змяніла і спрабуе найперш прэзідэнта Беларусі адстроіць, нахіліць перад вядомымі палітычнымі падзеямі. Але вы таксама мяне даўно ведаеце, у гэтых адносінах я таксама не мяняюся: нахіляць мяне бесперспектыўна і дарэмна», — заявіў Лукашэнка.

«У мяне ёсць інтарэсы — гэта інтарэсы беларускага народа, — сказаў ён. — Я буду рабіць усё, каб свята іх выконваць, і не ствараючы праблем нашым суседзям, найперш рускаму чалавеку, што я заўсёды дэманстраваў і дэманструю. Калі Расія хоча нармальных адносін з намі, як павінна быць, думаю, мы іх выстраім».

Паводле слоў Лукашэнкі, беларускі бок не проста гатовы да паляпшэння адносін з ЗША, але і «вельмі нямала» зрабіў у гэтым кірунку. «Хоць я часта кажу, мяч не на нашым баку: калі Злучаныя Штаты Амерыкі хочуць палепшыць з намі адносіны, перазагрузіўшы, дагрузіўшы або недагрузіўшы — не будзем выкарыстоўваць гэтыя тэрміны, калі яны хочуць, мы да гэтага гатовыя. У нас ёсць шмат тэм для перамоў, ёсць з нашага боку прапановы, ёсць прапановы з амерыканскага боку. Я думаю, усе гэтыя пытанні абсалютна ў межах перамоў можна вырашыць, і мы вырашаем. Таму мы здольныя і хацелі б нармалізаваць адносіны з Амерыкай. Мы пра гэта пастаянна гаворым і гэтага не хаваем», — заявіў беларускі кіраўнік.

На яго думку, адносіны паміж Расіяй і ЗША наўрад ці перазагрузіліся: «Асабліва гэтыя шпіёнскія скандалы, калі прэзідэнт Расіі ў Амерыцы, а тут выкатваюць цэлую кампанію наступным днём і іншае. Гэта, ведаеце, ні па форме, ні па змесце, паверце мне, не цягне на перазагрузку. Але мы хацелі б, каб гэтыя дзве дзяржавы, ядзерныя дзяржавы найперш, мелі добрыя адносіны. І мы ўсяляк будзем гэтаму садзейнічаць».

Аляксандр Лукашэнка таксама спыніўся на пытанні пабудовы АЭС. «Калі Расія не будзе будаваць у нас атамную станцыю, — а зараз ідуць гэтыя перамовы, — мы будзем дамаўляцца з іншымі інвестарамі. У свеце яны ёсць», — заявіў ён.

«Няхай крышку мы страцім час — не гарыць. Але мы суверэнная дзяржава, мы просім крэдыт, не танны крэдыт, мы за яго будзем будаваць атамную станцыю з іншымі дзяржавамі. Прапановы наконт гэтага ў нас ёсць», — сказаў беларускі кіраўнік, заявы якога прагучалі ў эфіры беларускіх тэлеканалаў.

«Мы ніколі гэтую тэму (пошук іншага інвестара. — БелаПАН.) не скідвалі з рахункаў, — зазначыў Лукашэнка. — Так, мы працавалі з расіянамі, яны ўмеюць рабіць атамныя станцыі. Мы размаўляем на адной мове, гэта блізкая нам краіна, саюзніца. Яны настойліва патрабавалі ад нас, каб яны будавалі гэтую станцыю. Мы з многімі інвестарамі былі ў кантакце, але прынялі рашэнне на карысць Расіі. Затым па чыста, я мяркую, суб’ектыўных прычынах нас пачалі прыціскаць. Вы ведаеце, якія гэта фактары. Гэта ў адным ключы, што адбываецца і па іншых кірунках».

Лукашэнка паведаміў, што «даручыў ураду правесці апошнія перамовы з Расіяй: вы будзеце будаваць ці не?»

«Першы раз яны нам прапанавалі фактычна двайную цану. Мы ім кажам, што за такую цану станцыю будаваць не будзем. Мы ж дамаўляліся, што ў нас будуць такія цэны, як у Расіі», — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, з цяжкасцю ўдалося даведацца кошт апошняй АЭС, якая была пабудаваная ў Расіі, і беларускі бок пагадзіўся з гэтай цаной. Аднак затым Расія прапанавала сумеснае прадпрыемства, якое будзе прадаваць электраэнергію, уключаючы беларускую, на Захад. «Дазвольце! Мы бяром у вас крэдыт, і не танны, мы яго будзем вяртаць. Якое вы маеце дачыненне да нашага тавару?» — сказаў беларускі кіраўнік.

«У хуткім часе мы вызначымся, хто будзе будаваць у нас атамную станцыю. Хоць мы крышку зацягнулі тэрміны, але там беларускія будаўнікі ўжо працуюць, пляцоўка створаная для будаўніцтва, дарогі праведзеныя, усё неабходнае», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?