У сераду ўранку у абласным аддзеле па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю прайшоў допыт моладзевага актывіста з Жодзіна Паўла Красоўскага. Паўлу сказалі, што ён падобны да фатаробату галоўнага падозранага ў справе леташніх віцебскіх выбухаў. Пасьля непрацяглага ў часе допыту cупрацоўнікі праваахоўных органаў учынілі ператрус на кватэры ў Паўла. Паводле ягоных словаў, былі канфіскаваная розная друкаваная прадукцыя, старыя газэты, кампутарны сыстэмны блёк, а таксама дыскі.

Пасьля Красоўскага адвезьлі міліцэйскай машынай у Віцебск, дзе ўручылі назаўтра а 9:00 позву на допыт у пракуратуру. У якой якасьці, не паведамілі. За краты Паўла ў сераду не пасадзілі.

У чацьвер допыт Красоўскага доўжыўся блізка васьмі гадзінаў. Пасьля чаго была зачытаная пастанова, паводле якой Павал мусіць быць затрыманы як падозраны паводле артыкулу «замах на забойства двох і болей асоб, зьдзейсьнены агульнанебясьпечным чынам» (арт.14, п.1 і 5 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу). Цяпер Красоўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Наступны допыт маняцца правесьці ў аўторак.

Паводле дадзенага артыкулу, Паўлу як найболей можа пагражаць пажыцьцёвае альбо сьмяротнае пакараньне. Варта адзначыць, што ў дні выбухаў 14 і 22 верасьня 2005 г. Красоўскі ня быў у Беларусі.

Павал Красоўскі – адзін з найбольш харызматычных моладзевых лідэраў, вядомы далёка за межамі свайго Жодзіна. Ён займеў вядомасьць пасьля галадоўкі пратэсту летась супраць выдаленьня маладзёнаў з навучальных установаў з палітычных прычынаў. У Паўла хутка мусіць зьявіцца дзіця.

Нагадаем, што сёлета на Красоўскага ўжо была заведзена крымінальная справа за абразу гонару і годнасьці чыноўніка з Жодзінскага гарвыканкаму, але пасьля яна была прыпыненая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?