Цела нямецкага пілота Гюнтэра Цымера, які разбіўся тыдзень таму на аэрадроме Баравая, 14 жніўня крэміравана ў крэматорыі на Паўночных могілках Мінска.

На цырымоніі крэмацыі прысутнічалі родныя Цымера і яго жонкі, беларускі Ірыны Гарэлышавай, а таксама прадстаўнікі ДТСААФ і сябры пілота.

Нямецкі пілот разбіўся 8 жніўня падчас адкрытага Кубка СНД па верталётным спорце, які праводзіўся 7–8 жніўня на аэрадроме Цэнтральнага клуба ДТСААФ пад Мінскам. Пры выкананні «косай пятлі» верталёт MD-500 упаў і ўзарваўся. 74-гадовы пілот загінуў на месцы.

Па факце гібелі Гюнтэра Цымера Беларускай ваеннай пракуратурай распачата крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 314 КК (парушэнне правілаў бяспекі руху або эксплуатацыі паветранага транспарту, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). Справа распачата на падставе матэрыялаў, перададзеных з Транспартнай пракуратуры.

11 жніўня родным Цымера было выдадзена медыцынскае пасведчанне з указаннем прычын яго смерці, аднак назваць гэтыя прычыны афіцыйныя прадстаўнікі адмаўляюцца.

Да сканчэння расследавання ніякай інфармацыі па справе аб катастрофе на аэрадроме Баравая прадастаўлена не будзе.

Адмаўляецца ад стасункаў з журналістамі і жонка Цымера, на вачах у якой адбылася трагедыя. Ураджэнка Віцебска Ірына Гарэлышава таксама брала ўдзел у розыгрышы кубка ў складзе экіпажа, які прадстаўляў Віцебскую вобласць і быў прызнаны адным з найлепшых.

Адразу пасля падзення верталёта трэнер зборнай каманды Расіі, чэмпіён свету па вышэйшым пілатаванні Гары Георкаў у гутарцы з журналістамі зрабіў дапушчэнне, што «адбылася памылка тэхнікі пілатавання». Паводле яго слоў, Гюнтэру Цымеру «не хапіла вышыні, разліку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?