Заўтра нацыянальная зборная Беларусі па футболе правядзе трэці матч у рамках адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы па футболе. У Бухарэсьце на стадыёне «Сьцяўа» нашых суайчыньнікаў будуць экзамэнаваць румыны. У верасьні беларускія хлопцы выступілі ня дужа ўдала, згуляўшы дома ўнічыю з альбанцамі і разгромна прайграўшы галяндцам у Эйндховэне. Цяпер беларусам, каб заваяваць пуцёўку ў Аўстрыю і Швайцарыю, трэба перамагаць у Менску і румынаў – заўтра, і славенцаў – 11 кастрычніка. Праўда, галоўны трэнэр зборнай Юры Пунтус сказаў, што будзе задаволены ў гэтых матчах чатырма пунктамі (перамога + нічыя).

Напярэдадні гульняў з румынамі і славенцамі зборная сутыкнулася з вострымі кадравымі праблемамі. У матчах ня будзе ўдзельнічаць нападнік пармэзанскай «Пармы» Віталь Кутузаў. У верасьні ён заявіў, што адмаўляецца гуляць за галоўную каманду краіны пасьля таго, як ён быў мінулым разам адпраўлены раней часу са зборнай. Пасьля працяглых у часе перамоваў Пунтус урэшце ўмовіў Кутузава зьмяніць сваё рашэньне, але заўтра ён не дапаможа камандзе з прычыны траўмы.

Ёсьць праблемы і на брамніцкай пазыцыі. У апошнім туры чэмпіянату Расеі страсеньне мазгоў атрымаў Васіль Хамутоўскі. Не зусім здаровы і галкіпэр «Масквы» Юры Жаўноў. У такіх умовах месца на апошняй мяжы абароны найхутчэй зойме Ўладзімер Гаеў, які ня з чутак ведае пра румынскі футбол, бо выступае за бухарэсцкае «Дынама».

Ня будзе ў зборнай і Віталя Булыгі і Дзьмітрыя Молаша. Ва ўмовах такога кадравага дэфіцыту Юры Пунтус быў вымушаны зьвярнуцца да 34-гадовага вэтэрана зборнай Сяргея Гурэнкі, якога летась з каманды ганебна выгнаў былы «коўч» Анатоль Байдачны. Гурэнка на працягу многіх гадоў запар быў капітанам зборнай. Сяргей пасьля непрацяглых роздумаў вырашыў вярнуцца ў зборную. Разам з тым Пунтус вырашыў скрыстаць з паслуг яшчэ зусім маладых і неабстраляных Антона Амельчанкі, Яна Цігарава і Арцёма Радзькова.

Згуляць у такіх умовах на перапоўненым заўзятарамі стадыёне «Сьцяўа» нават унічыю з румынамі будзе сапраўдным подзьвігам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?