У пятніцу кіраўнік Беларусі заявіў, што Дзмітрый Мядзведзеў фальшыва перадае выказванні Лукашэнкі. У прыватнасці, тыя, што датычылі абяцанняў прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. «Я не хацеў бы дыскутаваць на гэтую тэму, проста расійскі калега нядобрасумленна выцягвае з кантэксту пэўныя рэчы», — сказаў Лукашэнка.

«Ён толькі не сказаў другую частку, калі я яму сказаў: не праблема для Беларусі прызнаць Асецію і Абхазію, і сёння не праблема. Але я яму пералічыў тыя праблемы, якія ў сувязі з гэтым узнікнуць у Беларусі. Вы згодныя, у Беларусі будуць праблемы па лініі Беларусь-ЕС, па лініі Беларусь-Амерыка, па лініі Беларусь-СНД і гэтай далей? Мы дакладна на працягу двух месяцаў працавалі над гэтымі праблемамі і іх вычленілі — іх было паўтара дзесятка прыкладна», — зазначыў Лукашэнка.

«Я сказаў Мядзведзеву, што гэта не праблема — прызнанне гэтых рэспублік, але вось праблемы: вы гатовыя іх узяць на сябе ў тым ліку і дапамагчы пераадолець, калі раптам яны ўзнікнуць?» — сказаў беларускі кіраўнік.
Паводле яго слоў, Расія «аказалася няздольнай, або не захацела кіраўніцтва Расіі ісці на нівеляванне на ліквідацыю тых наступстваў, якія для Беларусі павінны былі ўзнікнуць».
Афіцыйнай рэакцыі Масквы на заявы Аляксандра Лукашэнкі доўга чакаць не прыйшлося.

Памочнік прэзідэнта РФ, Сяргей Прыходзька, праз некалькі гадзін пасля шчырых словаў Лукашэнкі каментуючы іх па просьбе журналістаў, перш за ўсё адзначыў, што «не Аляксандру Рыгоравічу гаварыць тут пра непаслядоўнасць». «Гэтая катэгорыя скарыстаная якраз у адносінах да яго (Лукашэнкі)», — упэўнены Прыходзька.

«Што тычыцца пытання аб прызнанні рэспублікай Беларусь рэспублікі Паўднёвая Асеція і рэспублікі Абхазія, то калі будзе такое жаданне, мы можам апублікаваць тую частку стэнаграмы паседжання АДКБ, у якой змяшчаюцца словы прэзідэнта Беларусі на гэтую тэму», — сказаў памочнік прэзідэнта Расеі.

«Можам апублікаваць і іншыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць даволі цікавымі як беларускай, так і міжнароднай грамадскасці», — дадаў Прыходзька.

Такой была афіцыйная рэакцыя Масквы на заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт яго выказванняў па пытанні аб магчымасці прызнання Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

У пятніцу кіраўнік Беларусі таксама выказаўся наконт расійска-амерыканскіх адносінаў і аб магчымасці аддаць будаўніцтва беларускай АЭС іншаму інвестару. Рэакцыі Крамля на гэтыя заявы пакуль не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?