Прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядведзеў не збіраецца размаўляць са сваім беларускім калегам падчас нефармальнага саміту Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) у Ерэване.
У пятніцу Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на папрок Дзмітрыя Мядзведзева ў невыкананні Мінскам абяцанняў прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, абвінаваціў апошняга ў «несумленнасці». У адказ памочнік расійскага кіраўніка Сяргей Прыходзька выказаў гатоўнасць абнародаваць не толькі стэнаграмы саміту АДКБ, на якім Аляксандр Лукашэнка абяцаў прызнаць дзве рэспублікі, але і іншыя яго выказванні, «якія будуць даволі цікавыя як Беларусі, так і міжнароднай грамадскасці». Адбудзецца гэта ці не, але адносіны дзвюх краін, здаецца, дасягнулі крытычнага пункту.

Інфармацыйная вайна паміж Масквой і Мінскам, што суправаджалася ўзаемнай крытыкай і паказам па расійскім тэлеканале НТВ дакументальных фільмаў, выкрывальных для беларускага рэжыму, атрымала нечаканы працяг. У пятніцу прэзідэнт Беларусі адказаў на ранейшыя папрокі на свой адрас з боку расійскага калегі Дзмітрыя Мядзведзева. Нагадаем, 2 жніўня на сустрэчы з журналістамі ў Сочы расійскі лідэр працытаваў словы Лукашэнкі аб Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, сказаныя ім у 2008 на адным з самітаў АДКБ: «Ён сказаў: „Я ўрачыста абяцаю, што усё зраблю за самы кароткі час“».

Па версіі Аляксандра Лукашэнкі, усё было не так. «Я не хацеў дыскутаваць на гэтую тэму, проста расійскі калега недобрасумленна перакручвае пэўныя рэчы. Ён не згадаў іншую частку, калі я яму сказаў: для Беларусі не праблема прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, і сёння не праблема. Але я яму пералічыў тыя праблемы, якія ў сувязі з гэтым узнікнуць у Беларусі па лініях Беларусь — ЕС, Беларусь — ЗША, Беларусь — СНД і гэтак далей, — паведаміў Лукашэнка. — Мы выразна на працягу двух месяцаў працавалі над гэтымі праблемамі і іх вычленілі — іх было прыкладна паўтара дзясятка».

Па словах беларускага лідэра, калі ён спытаў, ці гатовая Расія падзяліць з Беларуссю гэтыя праблемы і дапамагчы пераадолець іх, «Расія аказалася не здольная — ці не захацела кіраўніцтва Расіі ісці на сумесныя нівеляванне і ліквідацыю тых наступстваў, якія для Беларусі маглі б узнікнуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?