Праўда сякеры - хлусьня для камля.

Праўды ў сьвеце няма. Ля-ля.

Любу, журналістку радыё «Вольная Беларусь», і яе сястру Віку, што працуе ў газэце «Савецкая Беларусь», нечакана выклікаюць дахаты бацькі. Успаміны дзяцінства хутка захінаюцца рэаліямі сучаснай Татаркі, дзе за яблык цкуюць сабакамі, а амурныя гісторыі нагадваюць старажытныя крывавыя баляды. На поплаве сёстраў перасьледуе дзіўная істота...

Працяг. Пачатак у № 2-3.

Мы пабеглі ў лес, па каранях затарахцелі ровары. Кінуць іх мы не наважыліся — бацьк ўмелец сам зрабіў іх з ламачча (беражлівасьць і кемнасьць!). Пару разоў мы азіраліся і ўжо пачалі верашчаць на бягу — істота, прыгнуўшы лоб да нашых сьлядоў, валюхала ўсьлед. Хто гэта — ваўкалак, шалёны кундаль, рыжы забойца Іваські, вясковы вар’ят, прывід павешанага па восені пса? Гэтыя жахі мільгалі ў маёй галаве, і я ляцела ўсё хутчэй. Віка не адставала, аднак на бягу прапыхкала:

— Ён адзін, а нас двое, чаго мы ўцякаем?

— А ты насьмелісься зірнуць яму ў твар? — крынула я, і мы наддалі яшчэ.

Нейкім цудам праз дрэвы да нас данесьліся слабыя крыкі: «Любааа! Вікааа!» Крычаў мужчына.

— Любка, гэта чалавек! І наш чалавек! — усклікнула Віка.

Мы спыніліся і пачалі чакаць. Насустрач не пайшлі. Страх да канца не прайшоў.

— Чаго вы беглі? — запытаў знаёмы голас, і з-за дрэваў зьявіўся чалавек зь неяк дзіўна вывернутай галавой. Яна была нахіленая наперад, і чалавек выварочваў яе, каб пабачыць нас.

— Дзеўкі, гэта ж я так шыю зламаў, – сказаў мужчына, і мы пазналі нашага аднаклясьніка Рому. Рома рабіў інжынэрам па ТБ на крухмальню, а потым ажаніўся ды вярнуўся ў Дамашаны.

— Ромка, дзе ж ты так зьвярэдзіўся? — закрычалі мы.

— У Дамашанах мяне Квазымодам завуць. І анэкдот прыдумалі: «Стаяць два мэханізатары. Падыходзіць трэці, пытае: «Хлопцы, што гэта за Квазымода?» «А гэта наш інжынэр па тэхніцы бясьпекі».

Карацей, залетась упаў я са снопавязалкі. Тэхніка старая, дабітая, усё валіцца. Дый п’яны я быў. Ляжаў доўга, быццам зраслося, а потым перакрывіла так, што сьвету ня бачу. Далі інваліднасьць, дык я цяпер торфабрыкетны старажую. А чаго я гнаўся за вамі, дзеўкі: я тут запісаў словы пра Карачуна. Зусім гад заеў. Дык вы ж карэспандэнты — надрукуеце. Толькі майго імя не давайце. Ананімна. Я яму суд прайграў, хацеў, каб пэнсію далі, а ён даказваў, што я п’яны быў.

— Карачун — дырэктар саўгасу?

— Гэта цяпер не саўгас, а «падсобнае хазяйства». Лукашэнка аддаў нас камбінату «Мінскдомбуд». А яны прывезьлі Карачуна старшынём. Хабар даў, паверце. Адукацыі няма, БіМСаХа завочна скончыў, ні вуха ні рыла не разьбірае, а ўжо як распанеў. Чацьвёртую жонку мяняе, у Менск мяхі шле, а людзям няма на што парсюка выкарміць. Вось я вам пакажу. Напісаў друкаванымі літарамі, ля клюбу раз павесіў, дык ён мяне сустрэў і кажа: «Рома, яшчэ раз убачу — зусім галаву адкручу!»

І Ромік працягнуў некалькі аркушаў са школьнага сшытка, сьпісаных старанным друкам. Там значылася:

«Жыцьцё калгасьнікаў в. Дамашаны пры дырэктару Карачуну Сяргею Іванавічу

Слова дырэктара для народу:

«У мяне ў калгасе дысцыпліна. Вось скажу бухгальтэрыі стаць ракам і насыпаць сабе пяску ў жопу — насыплюць».

«Маўчы, сука, бо застрэлю».

Прыехаў на торфаўчастак прыстраляць вінтоўку. Страляў па пустых пляшках. На полі працавала сям’я. Бацька й гаворыць: «Ну, а калі б, ня дай Божа, трапілі ў нас? Чаму не папярэдзілі, што страляцьмеце?» Дырэктар наставіў вінтоўку на дачку. Дзяўчынку доўга лячылі па бабках, крычала па начах.

Прыехаў дырэктар да буртоў. Паляводка і кажа:

— Іванавіч, я працую ў выходныя, мне заробак трэба даць двайны.

— Раз табе паложана, на табе, Ніна, на пляшку «Роднага кута», ды ідзі ты ў сраку.

І паляводка ўзяла дзьве тысячы, а потым доўга хадзіла ў пошуках роднага кута».

Унізе драбнюткім шрыфтам было напісана: «Пачытай і перадай другому».

Мы трымалі ў руках эмбрыён «Мужыцкае праўды». Праўда, выкідышам ён і застанецца. Не надрукуюць і не агучаць народную творчасьць ні ў «Вольнай», ні ў «Савецкай Беларусі». Для «Вольнай» гэта нефармат, ананімка, куды яе ўставіш? Дый ці не пра гэта мы вяшчаем удзень і ўночы? А «Саўбелія» не надрукуе, бо Карачун у вялікай ласцы. І ўвогуле, у дзяржпрэсы ёсьць правілы — каго валіць, а каго хваліць. Так і застанецца наш дамашанскі народ безгалосы. Ну, ля крамы ці ля клюбу павесяць, дый то наўрад. Пацерпяць-пацерпяць, а потым стог крыўдзіцелю падпаляць, сабаку яму атруцяць альбо самі павесяцца ці проста нап’юцца. Якое шчасьце, што ў Беларусі няма вольнага продажу зброі. Пачалася б партызанка па завугольлях — толькі пырскі ляцелі б. А так «беларускія вяскоўцы захоўваюць аптымізм і цярплівасьць», як піша «Звязда».

Мы нахлусілі Рому, што недзе пастараемся надрукаваць тэксьцікі, разьвіталіся ды пайшлі дахаты. Родненькія Дамашаны! Адмыцца ды ісьці на «Дажынкі». Сёньня мне ня трэба тыкацца зь мікрафонам да начальства — я апытаю сялян па хатах, Віка — менчукоў і Карачуна. Ля клюбу выстраіліся ў карэ прычапураныя камбайны і трактары, а таксама акуратныя МАЗы, што прыгналі на жніво менскія гаспадары. Снопавязалка, што скалечыла Рому, відавочна не прысутнічала. Наводдаль стаялі легкавікі начальства, ачоленыя чыімсьці «мэрсэдэсам». Унутры камбайнава-трактарнага карэ гуло карэ людзкое. На прыступках клюбу ўзвышаўся стол зь белым абрусам, на ім — мікрафоны, хлеб-соль і стос тэчак з ганаровымі граматамі. За сталом з урачыстымі тварамі й выпнутымі жыватамі стаяла начальства — спрэс незнаёмае. Астатнія тры бакі карэ давалі цікавае відовішча — мясцовых камбайнэраў, паляводаў, трактарыстаў памяшалі з прыежджымі шофэрамі, і сінявата-барвовыя твары першых кантраставалі зь белымі здаровымі тварамі гараджанаў. Быццам мурыны й плянтатары зьмяшаліся ў адзіным парываньні. Зрэшты, аб’ядноўвалі іх чырвоныя стугі цераз плячо («участнік жатвы») ды выраз сьвяточнага чаканьня на тварах.

З жахам я пабачыла ў геройскіх шэрагах і свайго бацьку. Апошнія дні ён ляжаў на голых дошках з жорсткім прыступам радыкуліту. Пад сьпінай быў цьвікасты аплікатар Кузьняцова. І вось цяпер зьявіўся — не запыліўся, абы «Дажынак» не прапусьціць. Генэральская выпраўка сьведчыла, што на яго навязалі гарсэт і элястычныя пасы.

Віка ў пурпуровым нагавічным гарнітуры, прыгожая, быццам з таблёіду, стаяла з начальствам, сьмяялася і ківала галавою. Ледзь яна адышлася запісаць фанфары ды пад’ём сьцяга, які ажыцьцявілі сінятвары дзядзя Коля й малады менскі вадзіла, я злавіла яе і зашаптала: «Дзе будзе папойка — тут ці на Востраве?» «На Востраве», — адказала Віка. Вочы яе гарэлі, твар зьзяў. Узбуджаная, ладная Віка, яе возьмуць на сьвята. А мяне ня возьмуць на дажынкавы стол, дзеля якога скотнікі рэзалі цялушак і сьвіньняў, паляводы цягнулі капусту, буракі й гуркі, кухары са школьнай сталоўкі пяклі, варылі й смажылі, а канторскія бабы наразалі й накрывалі. Мяне ж, разам з адкідамі грамадзтва — настаўнікамі, паштаркамі, фэльчарыцаю, пэнсіянэрамі, дзецьмі й інвалідамі — на Востраў ня возьмуць і стужкі чырвонай праз плячо нам не навяжуць. Таму, паглядзеўшы на раздачу пашанотных грамат, я вярнулася да маці, сьціплай настаўніцы малодшых клясаў. Менш шаноўная частка нашай сям’і выпіла пляшку чырвонага віна і разышлася па пакоях. Я чытала, праслухвала свае запісы і нечакана заснула. Прачнулася ад трывожнага голасу маці. Яна званіла на сотавы Віцы.

— Што здарылася, мама? — запытала я, выбегшы на лесьвіцу, дзе ў бацькоў вісеў тэлефон.

— Ноч на двары, сырасьць, аўтобусы вярнуліся, а твой бацька невядома дзе туляецца, і Віка ня ведае. Дый сама яна чортведама дзе — з кімсьці ў машыне, п’яная, я ж чую!

Востраў — сасновы лес з пагоркам, там стаіць помнік партызанам. На пляцоўцы за помнікам ладзяцца ўсе афіцыйныя папойкі. Чэпаць туды 9 км, таму ўдзельнікаў урачыстасьцяў заўжды развозіў саўгас. Адно зь дзьвюх — або тата пайшоў да кагосьці дагульваць, або недзе ляжыць на сырой зямлі з рэцыдывам радыкуліту.

Я загадала маці чакаць, апранулася і ўзяла ровар. Дзе таго бацьку шукаць? Звычайна ўдзельнікі «Дажынак» ці якога Дня мэханізатара перапіваліся так, што кагосьці забываліся ў лесе. Дык няўжо ж бацьку забыліся, як нейкага шараговага дзядзю Колю, і мне давядзецца пілаваць у той лес? Я ня надта сьмелая ў лесе. З роварам у рукох я дайшла да суседзкага жываплоту. Там стаяла машына са згашанымі фарамі, а ля жываплоту нехта шабуршыўся.

— Гэй, хто там? — запыталася я.

— Цсссіха!!! — прашыпела Віка.

Я запаліла ліхтарык і пабачыла, што пакамечаная й распатланая сястрыца і нейкі гарнітурысты мужчынка падымаюць бацьку, які ляжыць на сырой перадвосеньскай траве! З радыкулітам!

— Што тут адбываецца?! — зараўла я.

— Ды цсссіха ты! Суседзі павылазяць, — зноў зашыпела сястра.

Зь яе аповяду я зразумела, што гэтыя сволачы развозілі людзей па хатах, выносілі й раскладалі ля весьніц, заміж перадаць сямейнікам. Вяскоўцы спалі сабе на сырой траўцы ў сваіх чырвоных стужках.

Мы ўтраіх ледзь узвалаклі бацьку на вэранду, далей не змаглі — мае габітус. З хаты выскачыла маці й загаласіла, праклінаючы бацьку, радыкуліт, «Дажынкі» й жыцьцё. Мы вынесьлі радыкулітныя дошкі й коўдры, ускацілі і накрылі непарушнае цела. Віка і яе ўхаджор падаліся дагульваць, маці легла, наплакаўшыся і папіўшы карвалолу, а я забаялася, што бацька ўночы затхнецца. Таму засталася на вэрандзе, слухаючы ягонае дыханьне. Заварыла каву, запаліла над ганкам ліхтар і села ля зашклёнае сьцяны, паглядаючы на бледную туманную вясёлку. Ангельцы адным і тым жа словам — туман — пазначаюць белыя хвалі, імглу, вадзяны пыл, няяснасьць, замяшаньне, невядомасьць, пацямненьне й зімовую атаву.

Працяг будзе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0