Ведаю, ведаю, што ахалоджаным часьцей белае прапануюць. Але што да мяне: у гарачае надвор’е раю чырвонае. Аднак навошта такое лета, калі піва халоднага нават ня хочацца? Не кажу пра віно з лядоўні або пра ежу. Навошта безупынная сьпякота, калі нішто не выклікае звычайнага задавальненьня, пакідае абыякавым? Добра хоць думка яшчэ варушыцца —што і як напісаць. Нечаканая жывучасьць, яна мела падставы, скажам, для анабіёзу, але не капітулявала.

Навошта сквар? А вось жанчынка мне тлумачыць, што “усе мы”, прагна чакалі яго, нялюдзкага надвор’я (гэта я — ад сябе), гарачыні, таму нам сьпякотна, але мы задаволеныя… Яна мела на ўвазе і мяне, і вас. “Голас народу”, што зробіш. Пярэчыць я ня стаў, нават ня праз раптоўнасьць такую, папросту ў мяне мэта была — пачуць чужыя думкі. Толькі зьдзівіўся: няўжо вам гэтак цяжка, але вы радыя? Моўчкі канстатаваў: народ наш фаталіст — чым горш, тым лепш, словам. Тут яшчэ пад руку трапіўся мужчынка, які прызнаўся, што з Волгі і сквар для яго — што бацька родны. І што мне тут рабіць, дзе гарт мэталу, што датычыць цела — улюбёны занятак?

Што праўда, упершыню заўважыў: яны пачалі хадзіць са мной — па ценявым боку, папросту цугам. Раней рушаць па сонцапёку і анігадкі, я амаль адзін — па супрацьлеглым тратуары. Калі ім ня трэба галава сьвежая, думаю, хай, мне з такім народам не па дарозе. Можна адчуць часам амаль фізычна — якія думкі нясьвежыя, заімшэлыя, заляжалы тавар у галовах: Сталін гут, Гітлер капут. Быццам не Сарказі ў Парыжы і ня Мэркель у Бэрліне, а — Цанава ў доме з бэльвэдэрам. Купляй а-ля беларускае, з ніводным беларускім словам. А беларускае ў нашым разе — непрададзены тавар з сяльпо, заседжаны мухамі, заілчэлае сала, гумовыя боты, керагаз, партрэцікі правадыра, Ёсіфа Вісарыёнавіча, само сабой. І не шкада грошай вам?

Горадня, нашая, ах, каралеўская некалі, пачала непрыемна пахнуць у сквар, сьмярдзець, выбачайце, папросту. Што зробіш, калі горад не разьлічаны на такія тэмпэратуры: вы ж бачыце — што на пляшках напісана — захоўваць у якіх умовах, а калі яны парушаны, дык не наракайце, што кісьне, выпадае ў асадак, псуецца. Так-так, горад сапсуўся і стаў амаль не прыдатным да жыцьця. Горадню смажаць. Чэрці завіхаюцца ля патэльні, газ адкручваюць напоўніцу. Бо, як той воўк, некаторыя на Захад пазіраюць, бо наведваць хочуць спакойна Друскенікі, Аўгустоў, Беласток і Вільню таксама, бо Грунвальд больш любяць, чымсьці Кулікова поле. Бо вуліцы Быкава зажадалі! Чэрці ў працяглай камандзіроўцы, газавую вайну выйгралі, грошы ня лічаць.

Аднойчы прачынаешся ўначы і кідаешся зачыняць вакно, смурод зрабіўся выразна сэравадародным. А хтосьці сумняваўся наконт чарцей? Праўда, праходзіць час і наш яшчык мяне пераконвае, што ўсё мае рэачаіснае, матэрыяльнае тлумачэньне: паўгораду пакутвала гэтак, што мядзьведзь у лесе памёр, начальства загадала высьветліць — чаму, халера, Горадня сьмярдзіць сэравадародам?! А сьмярдзіць яна таму, што прарвала грунтоўна падземны калектар нашага роднага гіганту хіміі, і што нават зямлю, забруджаную гэтай дрэньню давялося вывозіць і закопваць дзесь. Што зробіш, калі жывуць гарадзенцы з хімічнымі комінамі у вокнах, і кватэрныя гмахі растуць далей, а начальства рашуча вырашыла і хімічны гігант разбудаваць, пашырыць межы. Вайну газавую выйграла. Ён пажырае той газ амаль за цэлую невялікую краінку, за палову радзімы жмогусаў. Бабкі начальству, сэравадарод — гарадзенцам.

Траву, траву перасталі газонакасільшчыкі стрыгчы, бо няма травы больш у Горадні, толькі каля гмаху начальства, дзе штучны паліў. Няма травы, расьце сена на газонах. І аднойчы чую прызабытыя гукі і бачу, што скошана сена, не трава, травы больш няма. І квіткі на канцэрт, набытыя загадзя. Каб ведаў наперад — не купляў бы… На балконіку няма паветра, ловіш яго нібы рыбіна, на сцэне бадай весялей, але музыкі мусяць працаваць, хочацца адно дачакацца нейк канца… У Грэнляндыі знайшлі паклады золата: сем з паловай грамаў на тону, у Каталёніі забаранілі карыду, у Базэлі памёр самы стары слон, які жыў у няволі. У расейскай царкве злодзеі абрабавалі алтар: сьвятыя мошчы, срэбра і кагор…

На дождж і на мора магу глядзець падоўгу, звычайна атрымліваецца на дождж. Раскажу пра апошні. Цэлы дзень нагняталася, зноў з самага ранку 28 у ценю, паскуднае сонца. Мне было нядобра, квола. Стан ні да рады, ні да звады — ні працаваць, ні пісаць, ні адпачываць. І толькі амаль нанач распачаўся дождж нарэшце, спачатку вельмі моцны, нястрымны, рыхтык шалёны, але неадмоўна, дзьве гадзіны дажджу. Так, дождж — гэта шчасьце. Але яны, большасьць, прагнуць жыць пад сонцам мёртвых, якое прыбіта зьверху намоцна. Ці — занадта прыгожа, але цьмяна і — пазычана? Хай застаецца, мяняць ня буду.

Але відавочная зьмена: яны пачалі менш браць гарэлку, папросту неверагодна. Уяўляеце: 36,6 цела, столькі ж — паветра і плюс 40 — унутр, гэта мацавала, але яны пачалі ламацца ці гнуцца, ці разьмякчацца нібы плястылін. Яны падрываюць нашую абароназдольнасьць! Не напаўняюць касу да а-ля выбараў, бо гарэлка — самыя жывыя грошы для савецкай дзяржавы ва ўсе часы. Дый сонца перанапружылася, сапсавала пераможныя рэляцыі героям жніва. Дрэнны знак: у начальства не знайшлося грошай на дождж, хаця ў загашніку мае, вой мае! Апошняя навіна: памёр чорны палкоўнік, у вельмі салідным веку. Думка: вось паразіт, як з гусі вада, але чытаем далей — за кратамі сядзеў, суччын сын, пажыцьцёва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?