Гісторыя змаганьня беларусаў за сваю дзяржаўнасьць у 1910–1930-я павінна заняць цэнтральнае месца ў патрыятычным выхаваньні моладзі. Піша Андрэй Павач.

1

Размовы аб патрыятызьме і ідэалёгіі «белорусского государства», што апошнім часам пачалі ўсё часьцей зьяўляцца ў афіцыйных СМІ, выклікаюць у нармальнага чалавека жаданьне адмахнуцца ад іх рукою: «Ды ну іх, няхай гавораць, што хочуць». Але адмахвацца, думаю, усё ж такі ня варта, «патрыятычная» прапаганда так ці іначай дабіраецца да кожнага, у кагосьці дзяцей прымушаюць ісьці ў піянэры, хтосьці павінен выпісваць «Саўбелку», і ўсе мы слухаем радыё і, пераключаючы каналы тэлебачаньня, трапляем на ўсялякія там «Жорсткія размовы» і «Размовы па сутнасьці». Адным словам, калі доўга на глузды «капаць», то ў любога чалавека можа нешта паехаць, а калі паедзе, можа быць ужо позна, і шэсьці з паходнямі ў 1933–1939 гадох на плошчах адной эўрапейскай краіны – таму самы яскравы доказ.

Дэталёва разьбіраць гістарычныя ідэалягемы беларускіх ідэолягаў у цэлым і гісторыкаў у прыватнасьці, думаю, пакуль ранавата, але галоўныя моманты лукашэнкаўскай гістарычнай прапаганды вылучыць ужо можна.

Традыцыйным яшчэ з савецкага часу пачаткам беларускай нацыі і, адпаведна, ідэалягічнай прапаганды, ёсьць падзеі 1917 г., нездарма Беларусь засталася адзінай у Эўропе краінай, дзе сьвяткуецца 7 лістапада. Але, здаецца, трываць гэта будзе нядоўга. Яшчэ леташняй восеньню аўтару гэтага артыкулу давялося пісаць у «НН» пра поўнае выраджэньне сьвяткаваньня Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нашай краіне. Думаю, што значэньне 7 лістапада ў беларускім ідэалягічным пантэоне будзе паступова падаць і па нейкім часе ўвогуле скасуецца. Гэта зразумела, нагадваць аб нейкай далёкай рэвалюцыі ў гады «стабільнасьці і росквіту» зусім недарэчна.

Іншая справа – Вялікая Айчынная вайна, якая была, ёсьць і да самага канца будзе цэнтральным пунктам беларускай ідэалягічна-гістарычнай прапаганды. Ужо не з кастрычніка 1917-га, як дваццаць гадоў раней, а з чэрвеня 1941-га пачынаецца наша гісторыя. Аб тым, як падзеі чатырох самых крывавых гадоў беларускай гісторыі служаць нашым ідэолягам, можна гаварыць доўга, ды шаноўны чытач увесь час сам слухае аб гэтым па радыё і бачыць на вуліцах і па тэлевізіі. Адзначым толькі, што праўды аб гісторыі беларусаў у Другой сусьветнай стала яшчэ менш, чым было за савецкім часам. Нядаўна мне ў рукі трапіў зборнік навуковых артыкулаў, прысьвечаны 60-годзьдзю вызваленьня Беларусі. Зборнік гэты састарэў гадоў за трыццаць да яго выданьня. Чаго толькі вартыя артыкулы кшталту: «Пра перавагу савецкай стратэгіі ў апэрацыі «Багратыён».

Колькасьць беларускіх партызанаў расьце як грыбы. Калі ў савецкі час іх налічвалі каля 400 тысяч, то ў сучасных падручніках (заўважце, не манаграфіях, а падручніках) яна падскочыла да 700 тысяч і нават мільёна чалавек. Сапраўды партызанская рэспубліка. Нельга таксама пакінуць па-за ўвагай манаграфію цяперашняга дырэктара Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Кавалені, прысьвечаную пранямецкім саюзам моладзі ў Беларусі ў гады вайны. На фатаздымках у кнізе калёна юнакоў маршыруе пад бел-чырвона-белым сьцягам, на якім рукою нейкага ня надта прафэсійнага фатографа-фальсыфікатара намаляваная свастыка. Шкада, вельмі шкада, што сапраўды разумным кнігам, кшталту працы К’яры «Рэчаіснасьць за лініяй фронту», няма дарогі да нашых настаўнікаў і іншай чытацкай браціі.

Наступным «гітом» беларускай гістарычна-патрыятычнай прапаганды выступаюць гэтак званыя «дасягненьні беларускага народу ў пасьляваенны час». Маецца на ўвазе найперш імклівае разьвіцьцё прамыслова-навуковага патэнцыялу рэспублікі, павышэньне ўзроўню жыцьця людзей, а таксама роля БССР у барацьбе за мір у ААН (хоць роля гэтая, зразумела, была больш чым сьціплая). Гэты напрамак прапаганды вельмі выгадны, бо дае старэйшаму пакаленьню бюракратыі адчуваньне заслужанасьці, маладзейшаму ж (былыя камсамольскія лідэры, якім цяпер па 40 зь нечым гадоў і якія ўліліся ў сваю дзейнасьць на пачатку 1980-х) – канкрэтны ўзор і мэханізм дзеяньняў у адміністрацыйнай сфэры, маецца на ўвазе прапаганда праз СМІ, дзейнасьць моладзевых арганізацыяў і інш. Дарэчы, цікава, менавіта ў гэтым пэрыядзе гісторыі ўлады на нейкі час знайшлі пэрсаналію, якую палічылі вартай да правядзеньня паралеляў зь першым прэзыдэнтам. Гэта быў партызан-сакратар Пётар Машэраў, якому, паводле іхняга меркаваньня, наканавана было адыграць ролю своеасаблівага мангольскага Чынгізхана, пачынальніка беларускай дзяржаўнасьці. Машэраў мусіў быў увасабляць пераемнасьць, быць прыступачкай да Лукашэнкі і ня болей.

Аднак падзеньне папулярнасьці асобы Машэрава сярод беларускіх гісторыкаў і ідэолягаў было такое ж імклівае, як і ейны ўзьлёт. Чаму гэтак адбылося, можна толькі здагадвацца. Магчыма, даўся ў знакі Лукашэнкаў канфлікт з дачкой былога першага сакратара, але найхутчэй проста пачалі зьяўляцца параўнаньні не на карысьць сёньняшніх уладаў. Усе выдатна помняць, як шанаваў беларускую культуру Машэраў, сябраваў з Уладзімерам Караткевічам, абараняў Карпюка і Быкава, як шпацыраваў па вячэрнім Менску, маючы толькі аднаго ахоўніка, які ішоў у трыццаці мэтрах за ім. Не выклікае сумневаў адно: «забыцьцё» Машэрава носіць выразны дырэктыўны характар, і перайменаваньне ў траўні 2005 г. праспэкту ў ягоны гонар на праспэкт Пераможцаў – самае яскравае гэтаму пацьверджаньне. Вось так у нашай краіне, кіруючыся меркаваньнямі, далёкімі ад гістарычнай аб’ектыўнасьці, адных сёньня ўзносяць да самых вяршыняў, каб заўтра замяніць іх імёны шыльдамі ў гонар безыменных, абстрактных і таму вельмі зручных для ідэалягічнага жангляваньня Пераможцаў.

Усе спробы асьвятленьня падзеяў 1991–2006 г., накшталт «Найноўшай гісторыі Беларусі», адносяцца да чыста ідэалягічнай сфэры, таму разглядаць іх тут наўрад ці мэтазгодна.

Любая сыстэма, аднак, непазьбежна эвалюцыянуе і, адпаведна, шукае ідэйны грунт для свае эвалюцыі. Былым трэцім сакратарам ужо засьціць іх камсамольска-калгаснае мінулае, яны хочуць дарагіх машынаў, палацаў, своеасаблівага, так бы мовіць, дваранскага статусу. Таму сыстэму апошнім часам пачынае выразна схіляць у бок больш глыбокага «гістарычнага пошуку» ў часе найперш Расейскай імпэрыі. І вось тут на арэну выходзяць прыхільнікі «трыадзінага рускага народу», Мураўёва-вешальніка і «великого и могучего русского языка», якім жудасна недаспадобы прызнаныя нават у савецкі час патрыярхі беларускага адраджэньня Ф.Багушэвіч, К.Каліноўскі і інш. Аднак навукова абгрунтаваць, напрыклад, карысьць для беларусаў «русіфікацыі» ў ХІХ і ХХ ст. ніводзін здаровы гісторык ня здолее нават пад руляй пісталета. Ня могуць гэтага зрабіць і 80-гадовыя мастадонты ад гісторыі кшталту Трашчанка і Петрыкава, таму і «разраджаюцца» яны не манаграфіямі, а публіцыстыкай або, у лепшым разе, падручнікамі. Ня дзіва, што новая «патрыятычная» кампанія насуперак, здавалася б, свайму прамому прызначэньню, вядзе да русіфікацыі выкладаньня гісторыі, новых чыстак у ВНУ і навуковых установах, ганеньняў супраць усіх сапраўды патрыятычных культурна-гістарычных згуртаваньняў (рыцарскіх клюбаў, фольк-гуртоў і інш.)…

Дзеля адсутнасьці натуральнай, а не кабінэтнай патрэбы ў фармаваньні патрыятычнага грамадзтва і дзеля адсутнасьці дакладных фармулёвак зьверху такое шуканьне ісьціны непазьбежна ўкшталтоўваецца ў гульню «мясцовых» патрыятызмаў, якія найбольш залежаць ад густу тых ці іншых чыноўнікаў. Так, у Гомелі вуліцы называюць у гонар царскіх генэралаў, у Сьвіслачы ўсталёўваюць помнік Сталіну, а ў Лідзе хутка маняцца паставіць помнік Гедыміну. Усе гэтыя «патрыятызмы» зазвычай да нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі маюць вельмі малое дачыненьне, тым больш што большасьць чыноўнікаў, якія б высокія пасады яны ні займалі, баяцца дэманстраваць якое-кольвек веданьне гісторыі і стараюцца захаваць існы, хоць і дашчэнту прагнілы стан рэчаў. З гэтай прычыны мы ў большасьці гарадоў працягваем шпацыраваць вуліцамі Калініна і Кірава, а нашыя дзеці зьяжджаюць на роліках з гранітных п’едэсталаў помнікаў Чапаеву і Леніну. Такая бездапаможнасьць уладаў у стварэньні жыцьцяздольнай канцэпцыі нацыянальнай гісторыі ставіць нас над прорвай: нацыя перастае разумець, што ж, нарэшце, яднае ўсіх яе прадстаўнікоў у адзінае цэлае і робіць беларусамі.

2

Прызнаюся шчыра, што я не прыхільнік якой-кольвек «ідэалягізацыі» (ці тое лукашэнкаўскай, ці тое нацыянальнай) гістарычнай навукі. Слова «ідэалягізацыя» занадта нагадвае слова «ідэалізацыя», гэта значыць спрашчэньне, аднабаковасьць, мэтафізычнасьць, калі хочаце. А дзе ёсьць месца спрашчэньням, пры чым на карысьць абгрунтаваньня зьявішчаў сёньняшняга дня, там ніколі не было і ня будзе месца сапраўднай навуцы. Але ёсьць такая ўпартая рэч, як школьны падручнік. На ягоных старонках ніяк не разгорнеш аргумэнтацыі паводле ўсіх правілах мэтадалёгіі гісторыі, школьны падручнік – прадукт працы гісторыкаў, надзвычай важны ў грамадзкім сэнсе і таму пастаянны аб’ект спэкуляцыяў.

Што б ні гаварылі, але напісаць падручнік параўнальна лёгка. Уявім, што вы – кандыдат навук векам каля пяцідзесяці, які гадоў дваццаць таму абараніў дысэртацыю на тэму, прысьвечаную, скажам, барацьбе беларускіх прафсаюзаў хімічнай прамысловасьці за павышэньне ўзроўню жыцьця тых самых хімікаў. Вы вырашылі забіць двух зайцоў – зарабіць грошай і прадэманстраваць сваю прыхільнасьць да ўладаў (чаму ж не, можа, здолееце скочыць з пасады заштатнага дацэнта ў дырэктары якога інстытуту). І вось праца пайшла. Некалькі соцень тэндэнцыйна падабраных фактаў, месяц-два практыкаваньняў у красамоўстве – і перад вамі ляжыць рукапіс новага падручніка ці дапаможніка. Усе камісіі і рэцэнзэнты вам добра знаёмыя, і ваш падручнік ужо ў праграмах, вы маеце неслабы ганарар (ня тое, што за манаграфію, за друк якой давядзецца яшчэ і самому плаціць грошы), ваша кар’ера рэзка пайшла ўгару, і нічога ня трэба было вывучаць і дасьледаваць, толькі часьцей цытуй Першага, АНТ і гучней крычы «Ўра!» (але не забывайся, крычаць трэба па-расейску).

Самі разумееце, шаноўныя чытачы, якое дачыненьне да гістарычнай праўды будзе мець падручнік, напісаны такім спэцыялістам у прафсаюзах, і якая зь яго будзе карысьць. Але што зробіш, дзе ёсьць ідэалёгія, там няма сапраўднай гісторыі, журналістыкі, літаратуры… Я ў ідэале, можа, увогуле адмовіўся б ад канцэпцыі падручнікаў з гісторыі і напіраў бы на працу з аўтэнтычнымі тэкстамі, але наша закасьнелая сыстэма адукацыі на гэта пакуль ня здатная. «Больш навукі і менш падручнікаў», – усклікаюць сапраўдныя гісторыкі. «Менш навукі і больш падручнікаў», – адказваюць ім штатныя ідэолягі і іх падбрэхічы-гісторыкі з інстытутаў і ўнівэрсытэтаў краіны.

У пачатку 1990-х доктар гістарычных навук сьвятой памяці Міхась Біч прапанаваў канцэпцыю нацыянальнай гісторыі Беларусі, нарожным камянём якой было б фармаваньне беларускай нацыі і нацыянальнай дзяржаўнасьці. Зразумелая, дарэчная і натуральная для любога народу канцэпцыя. Але ды дзе там: «Што за нацыянальная дзяржаўнасьць, можа, марыянэткавая БНР, створаная пры дапамозе нямецкіх штыхоў?» – пачуўся раззлаваны голас з-за інстытуцкіх катэдраў, і мільённыя атрады партызанаў часу Вялікай Айчыннай лёгка засланілі невялікія групы ахвярных беларускіх барацьбітоў. Здаецца, якое можа быць параўнаньне: слаўная партызанская рэспубліка і кучка міністраў-бээнэраўцаў. Нават няма пытаньняў, на што павінна «ціснуць» ідэалягічная прапаганда. Але далёка ня ўсё так проста. Мне здаецца, заняўшыся раней забароненымі тэмамі пэрыяду 1917–1920 г., маладыя тады нацыянальныя гісторыкі крыху занядбалі непасрэдны працяг усёй БНРаўска-БССРаўскай гісторыі: у першую чаргу магутную хвалю змаганьня беларусаў за незалежнасьць у 1920-х г., найперш у Заходняй Беларусі. Гэта, выказваючыся словамі Арсеня Ліса, цэлы схаваны ад нас пакуль кантынэнт нацыянальнай гісторыі.

У пачатку 1920-х г. на Гарадзеншчыне і Віленшчыне беларусы разгарнулі шырокую антыпольскую партызанку, іх пасьля судзілі па 50, па 70 чалавек у Беластоку, Вільні і Горадні. Некалькі радкоў зь дзёньніка польскай пісьменьніцы Зоф’і Налкоўскай, якая ў той час наведвала гарадзенскі астрог: «Малады вязень Венцыс, чакае суду два гады… Беларус… Чалавек чысты, які найбольш кахае сваю Радзіму… У турме атрымаў сухоты, памёр 26 кастрычніка 1924 году». Такіх патрыётаў, як гэты нікому не вядомы Венцыс, былі тысячы, мала, да болю мала ведаем мы пра іх, ня вучымся на іх учынках, ня ставім ім помнікаў, хоць бы пакуль і ў выглядзе належных навуковых дасьледаваньняў і папулярных выданьняў… У 1925–1927 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала легендарная Беларуская сялянска-работніцкая грамада з 120 тысячамі сяброў і паловай мільёна прыхільнікаў. У Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі таксама была краса беларускай моладзі, на жаль, пасьля здраджанай і абылганай, што, праўда, таксама ніколі не прынізіць яе подзьвігу ў справе барацьбы за беларушчыну супраць нацыянальнага прыгнёту. Яшчэ адна заходнебеларуская партыя – Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, дала нашай гісторыі непераўзыдзены дасюль узор трываласьці і вернасьці ідэалу незалежнасьці Беларусі. Менавіта БХД пранесла гэты ідэал празь цёмныя 1930-я г., калі ў БССР перастралялі амаль усіх нацыянальных дзеячаў, а імёны Скарыны, Багушэвіча, Каліноўскага намагаліся ачарніць і забыць. Менавіта заходнебеларускія выданьні 1920–1930-х зьбіралі, чыталі, і на іх выхоўваліся нашыя слаўныя шасьцідзясятнікі кшталту Караткевіча, Ліса, Мальдзіса ці Кісялёва. Усё, што мае цяпер Беларусь на ўсход ад Менску, здабыта дзякуючы змаганьню беларусаў з-пад Горадні, Наваградку, Пінску, Беластоку й Вільні. Ніколі не было б узбуйненьняў, ніколі б мы ня ўбачылі Гомелю зь Віцебскам і Магілёвам, калі б ня гэтае змаганьне. Усё, што давала беларусам савецкая ўлада, яна давала з аглядкай на Заходнюю Беларусь, каб толькі паказаць, як слаўна тут, у БССР, жывецца беларусам. Але і «ўсходнікі» ня спалі. Яны ў 1920-х заклалі самыя моцныя камяні ў падмурак будучай дзяржаўнасьці: Інбелкульт, БДУ, Акадэмія навук, унармаваная беларуская мова, багатая літаратура. Ёсьць нам каму ставіць помнікі і ў чый гонар называць вуліцы: Браніслаў Тарашкевіч і ягоныя сябры беларускія дэпутаты сойму Польшчы, Усевалад Ігнатоўскі, Алесь Адамовіч, Тамаш Грыб, Вацлаў Ластоўскі… А колькі было безыменных герояў: настаўнікаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў, падпольшчыкаў, што гнілі ў польскіх ды расейскіх турмах! На памяці пра іх павінна будавацца наша нацыянальная ідэя (толькі, барані Божа, не ідэалёгія). Гэта будзе канцэпцыя слаўнага адзінства ўсіх беларусаў у барацьбе за незалежнасьць, дзе Заходняя Беларусь вяла рэй і паказвала прыклад сваім змаганьнем Савецкай Беларусі, а тая ўдала карысталася атрыманым і будавала нашую краіну.

Адным словам, нацыянальны міт XX стагодзьдзя ёсьць. Ён ёсьць, і яго ня можа ня быць, бо калі б не было таго змаганьня, то не было б і незалежнай Беларусі. Менавіта гісторыя змаганьня беларусаў за сваю дзяржаўнасьць у 1910–1930-я г. павінна заняць цэнтральнае месца ў патрыятычным выхаваньні моладзі і прыйсьці на зьмену міту аб партызанскай рэспубліцы. Але гэта зусім ня значыць, што трэба з нашай гісторыі зноў нешта паводле старых звычаяў выкрэсьліваць. Спадзяюся, у новай Беларусі ніхто гэтым займацца ня будзе, памяць – занадта крохкая і сур’ёзная рэч.

Пакуль сыстэма ня вычарпала рэсурсу, яна яшчэ піша падручнікі і перакройвае на свой лад нацыянальную гісторыю, але мне здаецца, што сёньня вырашальнае значэньне мае ўжо ня сіла ўзьдзеяньня ўладаў і гістарычнага афіцыёзу, але адсутнасьць сур’ёзнага процідзеяньня нацыянальных гісторыкаў, як старэйшых, так і маладых. Неабходнасьць стварэньня моцнай суполкі беларускіх гісторыкаў, якія ніяк не зьвязаныя з афіцыйнай навукай у Беларусі, даўно насьпела, але гэта зусім іншая гісторыя, і аб ёй іншым разам.

Горадня