Актывісту кампаніі "Гавары праўду" Міхасю Башуру выставілі абвінавачанне ў падробцы дакументаў, за што яму пагражае да трох гадоў зняволення. Не выключаецца, што заўтра затрыманага перавядуць ў Жодзінскі ізалятар.

Актывіста абвінавацілі паводле 1 і 2-ой частак 380 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Гэта "Падробка, выраб, выкарыстоўванне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў". Максімальнае пакаранне — да трох гадоў зняволення ці 5 гадоў абмежавання волі, хаця суд можа абмежавацца і грашовым штрафам. У другой палове 16-га жніўня следчы Савецкага РАУС Мінска выставіў Міхасю Башуру гэтае абвінавачанне і падпісаў пастанову аб далейшым ўтрыманні яго пад вартай.

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, Башура не прызнае сябе вінаватым.

"Мы лічым, што гэта вынік памылкі, а не нейкага намеру. Сапраўды, звесткі аказаліся недакладнымі, гэта ён сам вёў падлікі, але памыліўся. Гэта толькі памылка. Такім чынам мы віну не прызнаем."

Адвакат Тамара Сідарэнка ўжо накіравала скаргу ў пракуратуру на незаконнае, як яна лічыць, утрыманьне Міхася Башуры пад вартай. Паводле адваката, з удзелам Міхася Башуры актыўна вядуцца следчыя дзеянні. Тамара Сідарэнка не выключае, што следства па справе завершыцца да канца жніўня.

Дзеянні, якія інкрымінуюць Башуру, адбываліся 2 гады таму. Паводле следмтва, Міхась Башура, каб атрымаць крэдыт, прадставіў падробленую даведку аб прыбытках.

З вечара 6-га жніўня да гэтага часу Міхася Башуру ўтрымліваюць у мінскім ізалятары на вуліцы Акрэсціна. На ўмовы ўтрымання, паводле сваякоў, ён не скардзіцца. З іншых крыніц стала вядома, што 18 жніўня актывіста могуць перавезці ў жодзінскі следчы ізалятар, вядомы сваімі больш жорсткімі ўмовамі ўтрымання вязняў.

У кампаніі "Гавары праўду" кажуць пра палітычна матываваны пераслед актывіста Міхася Башуры і нагадваюць, што менавіта з арандаванай ім кватэры бясследна зніклі дзесяткі тысяч подпісаў, сабраных актывістамі кампаніі за перайменаванне адной з вуліц Мінску ў вуліцу Васіля Быкава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?