Беларускі кіраўнік таксама, час ад часу, прыносіць выбачэнні. Праўда, своеасабліва. Газета «Салідарнасць» інвентарызавала выбачэнні Аляксандра Лукашэнкі і абрала самыя запамінальныя.

Выбачэнні за нясціпласць

Перад расейскімі журналістамі: «Выбачайце за нясціпласць, але Ельцын са мной на корце не спраўляецца. Каржакоў не спраўляецца. Лужкоў прайграў тры разы… У апошні раз з Лужковым мы гулялі на 5 тысяч тон сметанковага масла».

Перад прадстаўнікам беларускіх СМІ: «Прабачце мне, я не езджу на старых аўтамабілях».

Перад удзельнікамі выязнога семінара ў Драгічыне: «А вы ведаеце, дык так, сапраўды, даруйце за нясціпласць, усё залежала тады ў гэтай блытаніне ад майго рашэння».

Перад студэнтамі Берасцейшчыны: «Вы ўпэўненыя, што вы знойдзеце такога чалавека? Напэўна, не. Выбачайце (не хачу нават выбачацца за нясціпласць, я проста разважаю), напэўна, не кожны знойдзе».

Перад кіраўнікамі БТ, АНТ і СТВ: «І наогул, прабачце мне, калі ласка, за нясціпласць, я паўтаруся… У вузкім коле я ўжо пра гэта казаў: унікальнасць і выгоднасць Лукашэнкі заключаецца ў тым, што ён сапраўды незалежны чалавек».

Перад журналістамі з Украіны: «…Адгэтуль пэўная павага да таго, што я раблю. Выбачайце за нясціпласць, але вы мяне прымусілі пра гэта казаць».

Перад журналістам Міхаілам Гусманам: «Вы ведаеце, выбачайце за нясціпласць, як мне часта тыя, хто мяне ведае, кажуць: «Такіх бацькоў не бывае». І сапраўды, я і старэйшых сваіх дзяцей страшэнна любіў».

Перад студэнтамі БДУ: «Дрэнна, гэта добра, але, калі быў маладым яшчэ прэзідэнтам, і ў гэтым мая, напэўна, выбачайце за нясціпласць, заслуга, я ўлавіў галоўнае».

Перад прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных СМІ: «Гляджу, ведаю вельмі шмат якіх спартоўцаў, амаль усіх вашых вялікіх спартоўцаў я ведаю лепш за вас. Выбачайце».

Перад беларускімі журналістамі: «Лукашэнка сёння рэальная фігура ў Беларусі. Прэзідэнт, выбачайце за нясціпласць, Беларусі».

Перад вядучым канала «ТВ Цэнтр»: «Прабачце мяне, богам прашу, за нясціпласць, але мяне мачыць, па вялікім рахунку, няма за што».

Перад камісарам Еўразвяза па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра Вальднер: «Выбачайце за нясціпласць, але я за ўсе свае гады ніколі не дазваляў сябе паводзіць несумленна».

Перад удзельнікамі прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ: «І, выбачайце за нясціпласць, як чалавек практычны…».

Перад дэпутатамі Дзярждумы: «Ёсць чалавек, які здольны сказаць і зрабіць, выбачайце за нясціпласць».

Перад беларускімі журналістамі: «Прабачце мне за нясціпласць, я ж недурны чалавек, я гэта разумею».

Выбачэнні за перабіванне, папраўленне суразмоўцы і зацягнуты выступ

Перад прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных СМІ: «…Не пускаюць у Расею. А чаму? Ну чаму? Выбачайце, што перабіў».

Перад карэспандэнтам НТВ: «Вось, выбачай, што перабіў, менавіта ў гэтым прычына».

Перад журналістам «Файнэшнл таймс»: «Вашае пытанне, вы мне выбачайце, кажа пра тое, што вы ў Еўропе, нават журналісты, пра Беларусь мала чаго ведаеце».

Перад вядучым НТВ: «Не зусім дакладнае пытанне. Выбачайце, Аляксандр Анатолевіч…»

Перад дэпутатамі Дзяржаўнай думы: «Я выбачаюся, што я зацягваю час: больш не прыйдзецца з вамі пагаварыць».

Перад удзельнікамі прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ: «…Я выбачаюся, і яшчэ».

Выбачэнні за непрыстойныя паводзіны

Перад Пуціным: «Выбачайце, што замінаю вам адпачываць, але думаю, што ў вас усё адно не атрымаецца адпачыць…».

Перад журналістам агенцтва «Рэйтэр»: «Я не стану адказваць на гэтае пытанне, даючы ацэнкі, вы ўжо мне выбачайце».

Перад беларускімі журналістамі: «Вельмі правільнае пытанне ў першай яго частцы, другая частка для мяне вельмі нечаканая. Выбачайце, відаць, прапусціў гэты працэс».

Перад амерыканцамі: «Мы гатовыя папрасіць нават прабачэння ў амерыканскага боку».

Перад расейскімі журналістамі: «Калінінградская вобласць, выбачайце, гэта частка Беларусі. Мы яе ўспрымаем як сваю».

Перад прадстаўнікамі беларускіх СМІ: «Выбачайце, што я так эмацыйна адказваю на пытанне «Беларускага рынку».

Выбачэнні за вульгарныя і прастамоўныя выразы

Перад удзельнікамі першага з’езду навукоўцаў Беларусі: «Прабачце мне за гэта непапулярнае слова, грубае — лухта ўсё гэта».

Перад расейскімі рэгіянальнымі журналістамі: «Парнуха, выбачайце мне, захліствае, сорамна пры дзецях тэлевізар глядзець».

Перад дэлегатамі 3-га Усебеларускага народнага сходу: «Ім напляваць на суседства з нашай краінай, на тое, мы, як да родных, ставімся да людзей польскага паходжання. Прабачце, што я так кажу».

Перад беларускімі журналістамі: «Навошта нам наогул рабіць дурную, бязглуздую, выбачайце за грубасць, працу».

Перад беларускімі навукоўцамі: «Гуманітарная навука ніколі не стане і не будзе полем для шаленства. Гэта я вам, выбачайце за шчырасць, хачу дакладна сказаць».

Перад удзельнікамі з’езду Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: «У вну, у Акадэміі, яшчэ дзесьці павінны быць на ўліку гэтыя, прабачце мне за грубае, але дакладнае слова, „яйкагаловыя“».

Перад дэпутатамі Дзярждумы: «Я вам вось гэтую, выбачайце, брыдкую бухгалтэрыю прывёў».

Перад удзельнікамі выязнога семінара ў Драгічыне: «А хутчэй за ўсё, спусцім шкуру з тых, хто не выканае тое, пра што я сёння кажу. Выбачайце за рэзкія словы».

Перад беларускімі парламентарамі: «Нашыя паважаныя выкладчыкі і рэктары, прабачце мне, ні чарта там не робяць».

Перад сталічнымі чыноўнікамі: «Выбачайце за грубасць, але самыя растлусцелыя ў нас чыноўнікі — у Менску».

Перад кіраўнікамі Гарадзеншчыны: «І калі ў кагосьці пыха, выбачайце мне, як у народзе кажуць, рогі пачалі вырастаць ці рагі, як тут лепш сказаць, пэўна, рогі, таму што рагі ў іншым сэнсе кажуць».

Перад прадстаўнікамі расейскіх СМІ: «Але калі ты, выбачайце, дурань, дык ад журналістаў гэтага не схаваеш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?